На чарговым спеўным сходзе сабраліся тыя, хто хацеў разам з арганізатарамі паспяваць веснавыя народныя песні і паўдзельнічаць у абрадзе гукання вясны.
У мінулыя выхадныя па народнай традыцыі адзначаліся Саракі — свята гукання вясны і пачатку абуджэння зямлі ад зімовага сну. У гэты дзень нашы продкі пяклі з цеста «жаўрукоў» ці «кулікоў» і клалі іх на страху, а таксама ва ўсіх значных месцах — у хляве — каб скаціна радзіла, у гумне — каб зерне вялося. Такія печаныя птушкі павінны былі прывабіць сапраўдных скарэй прылятаць з выраю, а з імі і вясну набліжаць, бо вяртанне птушак заўжды было звязана з яе надыходам. Абавязковым атрыбутам свята былі веснавыя песні і ваджэнне карагодаў.
Кожны ўдзельнік веснавога спеўнага сходу, што праходзіў у Вілейскім цэнтры эстэтычнага выхавання атрымаў таксама магчымасць паспяваць даўнейшыя песні нашых продкаў, а галоўнае, паўдзельнічаць у веснавых абрадах і павадзіць карагоды. Стварыць сапраўдную атмасферу веснавога свята дапамагалі запрошаныя спецыяльныя госці спеўнага сходу, якіх прадставіла вядучая Эла Кулеш: фальклорны ансабль «Чабарок» Вілейскай гімназіі №2 і этнагурт «Мярэжа» з Маладзечна. Удзельнікі гурта «Мярэжа» правялі майстар-клас па веснавых спевах, а таксама закруцілі ўсіх прысутных у веснавым карагодзе. Маладыя віляйчане — удзельнікі ансамбля «Чабарок» праспявалі таксама песні вясны, традыцыйныя для нашага рэгіёну.
— Усе дзеянні нашых продкаў на веснавых святах былі накіраваны на хутчэйшы надыход цёплага надвор’я, — распавяла прысутным ўдзельніца запрошанага на сустрэчу калектыву «Мярэжа» Наста. — Сваімі веснавымі песнямі нашы продкі заклікалі птушак хутчэй вяртацца назад, а тупанне па зямлі ў карагодах — хутчэй расці і зелянець новай траве. Па-гэтаму давайце заспяваем і патопчым зямлю.
Кожны ўдзельнік мерапрыемства з задавальненнем паслухаў беларускія народныя песні, многія актыўна падпявалі, а таксама паўдзельнічалі ў віктарыне ад вядучай вілейскіх спеўных сходаў Элы Кулеш на выкананне сваёй любімай песні. Ярка і з задавальненнем удзельнікі спеўнага сходу правялі адмысловы абрад, калі дарослыя і дзеці падкідваюць выразаных з паперы птушак, а пасля іх развешваюць на дрэвах, тым самым набліжаючы вясну і запрашаючы вяртацца птушак з выраю. А мудрагелістыя завіванні карагоду, які вадзілі віляйчане на сходзе, перанёс кожнага ўдзельніка, як быццам, на сапраўдны вясковы пагорак, дзе басанож ты адчуваеш сапраўдную энергію зямлі.
«Самы час вясну гукаць!», — пагадзіліся ўсе прысутныя.
Дарэчы, наступны «Спеўный сход» будзе прысвечаны мужчынскім народным спевам. Хаця, мы прызвычаіліся, што народныя песні выконваюць толькі нашыя бабулі, але вялікі пласт этнічных спеваў існаваў і ў мужчынскім выкананні, хаця і хутчэй страчваўся з часам. Запрашаем заспяваць разам.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара