– Ужо ў 15-16 стагоддзях у пісьмовых крыніцах сустракаюцца згадкі пра выкарыстанне беларусамі дуды, – адзначыў Антон Бельскі. – На працягу больш за чатыры стагоддзі гэта быў адзін з паўнавартасных інструментаў музычнай нацыянальнай культуры беларусаў. Але ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя дуда пачынае паступова саступаць месца гармоніку. Да гэтага дабавіліся падзеі двух сусветных войнаў, якія прыпынілі традыцыю перадачы дударскага майстэрства старымі дударамі маладому пакаленню. Аднак у 1980-я гады з’явіліся энтузіясты, што пачалі занатоўваць амаль страчаную традыцыю дударскага майстэрства, вышукваць старых дудароў, запісваць найгрышы. Зараз у Мінску існуе нават дударскі клуб, дзе збіраюцца аматары гэтага ўнікальнага інструмента.
Пад найгрышы дуды ўсе прысутныя развучылі ці ўзгадалі такія беларускія народныя песні як «Мікіта», «Зайграй жа мне, дударочку», «Саўка ды Грышка» і іншыя. Атмасфера цеплыні і еднасці панавала на спеўным сходзе, дзе нават самыя маленькія гледачы праяўлялі вялікую актыўнасць. Вядучая спеўнага сходу Эла Кулеш прапанавала ўсім прысутным выканаць і іх любімыя песні, за што кожны атрымаў падарунак ад вілейскай керамічнай майстэрні «Золак». І, трэба адзначыць, спявалі і дарослыя, што прыгадалі ўнікальныя песні сваёй мясцовасці, і больш маладзейшае пакаленне, якое прадэманстравала шыкоўныя галасы.
– Кожны народ мае ўнікальную культурную спадчыну, якую мы павінны захоўваць і перадаваць будучым пакаленням, – адзначыла вядучая спеўнага сходу Эла Кулеш. – Спеўная спадчына беларусаў унікальная, ні адна краіна старой Еўропы не мае такой адметнай песеннай культуры. Народная песня – гэта душа, гэта пачуццё народа. Нашы спеўныя сходы накіраваны на тое, каб абудзіць і вярнуць спеўныя традыцыі беларусаў, нават вярнуць дух былых вясковых вячорак. Мы хочам, каб людзі спявалі!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара