Вілейская бібліятэка стварае новы віртуальны фотапраект «Малая радзіма на старых фотаздымках», прысвечаны Году малой радзімы.
Мэта праекта – стварэнне віртуальнага архіва старых фотаздымкаў, якія б адлюстроўвалі цікавыя падзеі жыцця раёна, знаёмілі з нашымі землякамі, з бытам, вольным часам, інтарэсамі людзей мінулых гадоў.
Усе, хто любіць родны Вілейскі край, хто неабыякавы да яго гісторыі, могуць стаць удзельнікамі праекта. Для гэтага варта пашукаць ў сямейных архівах і альбомах старыя фотаздымкі і прынесці іх у Вілейскую раённую бібліятэку (вул. Савецкая, 25), або ў бліжэйшую да вас бібліятэку нашага раёна. Фотаздымкі будуць адсканаваныя і вернутыя ўладальніку. Не забудзьце суправадзіць фотаздымак каментарыем. Раскажыце, дзе ён зроблены і хто на ім адлюстраваны.
Фотаздымкі ў лічбавым фармаце можна даслаць у аддзел бібліятэчнага маркетынгу на адрас электроннай пошты obm-vil@yandex.ru з паметкай “ВІРТУАЛЬНЫ ПРАЕКТ”.
Усе здымкі будуць размешчаны на сайце ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” http://villib.by у раздзеле «Малая радзіма на старых фотаздымках».
Дасылайце фотаздымкі, якія адлюстроўваюць людзей за працай, на вучобе, на адпачынку, дзяцей, моладзь, пажылых людзей, гарадскія і сельскія пейзажы, сцэны паўсядзённага жыцця, партрэты людзей, якія пакінулі аб сабе добрую памяць, і многае іншае.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік”