Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Вилейчане на областных Дожинках-2018 в Мяделе. ФОТОРЕПОРТАЖ

Штогод Мінская вобласць замацоўвае пазіцыі асноўнай жытніцы нашай краіны. Па выніках жніва-2018 цэнтральны рэгіён ізноў у лідарах – тут аграгрыі паказалі найлепшы вынік, намалаціўшы 1,3 мільёны тон. Такую значную працу, як уборку ўраджаю, канешне ж, вянчае знакавая падзея ў жыцці Мінскай вобласці – грандыёзны абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2018», што прайшоў у мінулую суботу ў Мядзелі.

З усёй Міншчыны ў Мядзел завіталі лепшыя хлебаробы. Фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2018» сабраў тысячы гасцей. Мінская вобласць падвяла вынікі ўборкі ўраджаю і аддзячыла рупліўцаў хлебнай нівы. Па добрай традыцыі ў райцэнтры, які становіцца чарговай сталіцай свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі, з’яўляюцца новыя аб’екты, рамантуюцца існуючыя. Будаўнікі пастараліся, каб Мядзел прымаў свята ўтульным і адноўленым. Нарачанскі край паўстаў перад гасцямі абласных «Дажынак-2018» у новым абліччы: свята хлебаробаў стала падставай для будаўніцтва гасцініцы ў горадзе, адкрыцця ў гэтым будынку новага ЗАГСа, маштабнаму рамонту жылога фонду і добраўпарадкаванню сквераў і паркаў, рэканструкцыі амфітэатра на беразе Мястра і многага іншага.

Падчас святочных мерапрыемстваў 29 верасня цэнтр Мядзела пераўтварыўся ў вялікую святочную пляцоўку. Раёны Мінскай вобласці ўладкавалі імправізаваныя падворкі народных майстроў, сваіх гандлёвых і сацыяльных устаноў і арганізацый, дзе ўсе жадаючыя змаглі ўбачыць, прадэгуставаць і набыць мясцовую прадукцыю.

Разынкай «Дажынак-2018» у Мядзелі стала праца рыбнага рэстарана і пляцоўкі «Рыбны край», дзе можна было набыць прадукцыю дароў водных прастораў не толькі Мядзельшчыны, але і рыбгасаў усёй Мінскай вобласці. Упершыню на Дажынках пройшоў і фестываль гарбаты «Дзівосныя зёлкі», дзе для кожнага госця свята не толькі гатавалі зёлкавыя напоі, якія можна было набыць, але і гаспадыні «Аптэкарскага саду» раскрывалі сакрэты заварвання прыроднай гарбаты. Не пакінуў абыякавым нікога і «Горад майстроў», і выстава караваяў, якія рыхтаваў кожны раён з мукі новага ўраджаю і разам са святочным дажыначным снапом выстаўлялі на галоўнай пляцоўцы побач з 5-мятровым сімвалічным мядзельскім караваем з каласоў і нарачанскага камышу – сімвала азёрнага раёна. Вілейскія народныя майстры прадставілі вялікую экспазіцыю велікоднай пісанкі. Аднайменны музей пры Вілейскім раённым Доме рамёстваў стаў ужо сапраўдным брэндам раёна. Падчас наведвання падворкаў майстроў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка высока ацаніў майстэрства нашых рамеснікаў.

Традыцыйна асноўная частка фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018» пачалася са святочнага шэсця калон «Шлях да хлеба», у якой ішлі кіраўнікі раёнаў і хлебаробы-перадавікі, а таксама лепшыя песенныя і харэаграфічныя калектывы рэгіёну. Кожны паказваў сваю выдумку і фантазію, у імправізаванай форме дэманструючы самыя незвычайныя вобразы на тэму жніва і ўраджаю: гарманіст на капе снапоў, жнеі з пудовымі караваямі, дзяўчаты ў касцюмах з каласоў і прычоскамі па паўметры ўвышыню, атрад жанчын з граблямі, як у знакамітай кінастужцы «Вяселле ў Малінаўцы», самаходная печ з вялікай дзяжой і кухарам-каравайнікам. Усяго не пералічыць, бо тут, як кажуць, і сеялі, і жалі, і на дудзе гралі. Віляйчане таксама здзівілі, як саміх гаспадароў, так і ўсе раёны вобласці, акрамя яскравай калоны перадавікоў у чырвоных куртках пад колер вілейскага сцягу з сімвалічнымі снапамі, якую ўзначальвалі старшыня райвыканкама Віктар Кот, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар і кіраўнік сельгаспрадпрыемства – пераможцы раённага спаборніцтва – ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко. Незвычайнай і адметнай асаблівасцю вілейскага шэсця стаў вялікі конь з бульбы ў суправаджэнні цыганоў. Тут жа ішлі Народны хор «Любанія» з вялікім сцягам раёна, сімвалічныя дзяўчаты-жнеі, гурт «Весялінка», «Велея казацкая» і іншыя.

Галоўная падзея «Дажынак» – ушанаванне перадавікоў жніва. Усіх, хто ўнёс свой уклад у агульны каравай рэгіёну, павіншаваў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка і іншыя высокія госці свята.

– Хлеб ніколі не бывае лёгкім. А ў гэтым годзе яшчэ і надвор’е дадало хваляванняў. Жніво запатрабавала вялікіх фізічных і маральных высілкаў, – адзначыў Анатоль Ісачанка ў сваім выступленні. – Але па выніках жніва Міншчына ўсё роўна ў лідарах, хаця з-за сухога і спякотнага надвор’я гаспадаркі вобласці сабралі зерня на паўмільёна тон менш, чым у мінулым годзе. Сярод усіх раёнаў вобласці лепшы паказчык на Міншчыне ў аграрыяў Дзяржынскага раёна – 82 тысячы тон з сярэдняй ураджайнасцю 45,9 ц/га.

Старшыня аблвыканкама ўзнагародзіў не толькі лепшых заслужаных камбайнераў, машыністаў, аграномаў і інжынераў,але і маладое пакаленне, а таксама і сямейныя дынастыі. Словы падзякі ў гэта свята гучалі ўсім хлебаробам, іх сем’ям і ветэранам сельскай гаспадаркі. У якасці пераможцы абласнога спаборніцтва сярод іншых ушаноўваемых перадавікоў жніва-2018 быў і прадстаўнік ад Вілейскага раёна – галоўны інжынер ААТ «Нарачанскія зоры» Анатоль Кавалёнак.

– Віншую ўсіх з працоўнай перамогай. Ваша праца, стараннасць і майстэрства забяспечваюць харчовую бяспеку ўсёй краіны і дабрабыт гараджан нашай вобласці. Хлеб любіць клопат, і вы гэта праяўляеце з адданасцю штодня, а вынік таму – важкі каравай Міншчыны, – адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

Для пераможцаў жніва і гасцей «Дажынак-2018» выступілі са святочным канцэртам-ўшаноўваннем лепшыя салісты і калектывы Міншчыны і краіны. Свята ўраджаю працягвалася да позняй ночы. Яго ўдзельнікаў запрашалі праявіць таленты ў шматлікіх конкурсах, сфатаграфавацца на памяць ва ўтульных сялянскіх падворках і на спецыяльна абсталяваных фотазонах з адметнымі сімваламі дажынак. На вуліцах Мядзела размясціліся гандлёвыя рады, дзе праводзіліся выставы-продажы, акцыі, дэгустацыі і конкурсы ад лепшых прадпрыемстваў вобласці.

Завяршылася мерапрыемства святочным феерверкам. А эстафета правядзення абласных «Дажынак» наступнага года была перададзена Барысаўскаму раёну. Будзем спадзявацца, што ў 2019-м са святочнай сцэны гэтага старажытнага горада прагучаць ізноў і вілейскія прозвішчы.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries