Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Фiялетавы настрой «Адной зямлi»

Рэгiянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песнi «Адна зямля» ў дваццаць першы раз сабраў самых таленавiтых вакалiстаў з трох раёнаў Гродзеншчыны (Астравецкага, Ашмянскага, Смаргонскага) i чатырох – Мiншчыны (Валожынскага, Вiлейскага, Маладзечненскага i Мядзельскага). Кожны з раёнаў прадстаўляў пэўны
колер вясёлкi, у вiляйчан у гэты дзень быў фiялетавы настрой.

Як паведамiла дырэктар ДУК «Цэнтралiзаваная клубная сiстэма Вiлейскага раёна» Веранiка Церах, у конкурсе прымалi ўдзел выканаўцы чатырох узроставых груп, кожны з раёнаў мог заявiць не больш двух канкурсантаў у адну групу:

– Па ўмовах песеннага спаборнiцтва кожны ўдзельнiк выконваў дзве песнi, адна з якiх – абавязкова на беларускай мове або беларускага аўтара, другая – на густ самога выканаўцы. Вiлейшчыну прадстаўлялi Кiра Паўлава (8 год), Софiя Лятко (10 год), Дар’я Русак (18 год), Дзiяна Рагозiна (21 год), Яўген Марцюг (24 гады) i Таццяна Сарока (26 гадоў).

Па словах Алены Атрашкевiч, старшынi Беларускага саюза кампазiтараў i камiсii «Мастацтва эстрады. Спевы» Мiнскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, якая ў гэтым годзе ўзначальвала журы фестывалю, узровень падрыхтоўкi i выканаўчага майстэрства канкурсантаў сёлетняга фестывалю быў вельмi высокiм, таму складана было вызначыць пераможцаў. Мiж тым, вечарам, калi сцiхлi апошнiя акорды, журы назвала iмёны самых таленавiтых удзельнiкаў.

Гран-пры ХХI рэгiянальнага фестывалю-конкурсу «Адна зямля» журы аддало 20-гадовай Дзiяне Бажко, якая прадстаўляла Маладзечанскi раён. У вiляйчанкi Таццяны Сарока – дыплом другой ступенi 4-й узроставай группы. Яшчэ дзве вiляйчанкi адзначаны спецыяльнымi ўзнагародамi: Соф’я Лятко атрымала дыплом «За сцэнiчную культуру», а Дар’я Русак – «Творчы пошук». Шчыра вiншуем нашу таленавiтую вiлейскую моладзь!


ДАРЭЧЫ

Рэгiянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песнi «Адна зямля» праводзiцца з 1999 года ў чэрвенi месяцы. У 2004-м, 2012-м i 2018-м гадах удзельнiкаў песеннага спаборнiцтва гасцiнна прымала вiлейская зямля. Пяць разоў вiляйчане станавiлiся ўладальнiкамi Гран-пры: 2002 год – Казiмiр Талстыка, 2003 – Алеся Супрановiч, 2004 – Наталля Салава, 2008 – Вiкторыя Iлькевiч, 2017 – Вiкторыя Саванец.

Марына ПУЦЭЙКА/Фота прадстаўлена Аляксандрам ВЫСОЦКІМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries