Згодна з пастановай Міністэрства культуры статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены беларускім мастацкім практыкам саломапляцення як нематэрыяльнаму праяўленню творчасці чалавека.
Таму нездарма ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі трапілі майстры з усіх рэгіёнаў краіны, у тым ліку і народная студыя саломапляцення «Вясёлка» Крывасельскага сельскага Дома культуры, кіраўніком якой з’яўляецца майстар па саломапляценні Ірына Станкевіч.

Беларуская саломка – гэта сапраўдны брэнд нашай краіны. Саломапляценне і яго разнастайныя тэхнікі з’яўляюцца старажытным відам народнага мастацтва, што шырока бытуе на Беларусі і ў наш час. Сярод многіх рэгіёнаў рэспублікі ў Вілейскім раёне саломапляценне развіваецца на ўзроўні мастацкага рамяства. Носьбітамі і пераемнікамі традыцыі з’яўляюцца сотні дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца з майстрамі традыцыйнага саломапляцення пры сельскіх Дамах культуры ў Крывым Сяле і Нарачы, а таксама ў раённым Доме рамёстваў і шматлікіх гуртках і клубах па інтарэсах ва ўстановах адукацыі і культуры.
Навуковая апрацоўка, мастацкая ацэнка і абгрунтаванне неабходнасці надання беларускім мастацкім практыкам саломапляцення статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці была здзейснена доктарам мастацтвазнаўства, дацэнтам кафедры этналогіі і фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольгай Лабачэўскай, якая з’яўляецца вядучым сучасным даследчыкам традыцыйнага мастацтва і рамёстваў беларусаў. У сваім экспертным заключэнні яна адзначыла: «Мастацкія практыкі саломапляцення ў Беларусі – гэта гістарычна і ментальна ўкаранёны ў жыцці беларусаў комплекс ведаў, тэхналогіі мастацкіх прыёмаў апрацоўкі саломкі збожжавых раслін, уяўленняў аб духоўнай каштоўнасці і сімволіцы матэрыялу і вырабаў з яго, абрадавых практык іх ужывання, які атрымаў у сучаснасці значнае мастацкае развіццё. Не будзе перабольшваннем сказаць, што толькі ў Беларусі гэты від рамяства здабыў новае жыццё, узбагаціў традыцыйны арсенал рамесна-мастацкіх прыёмаў новымі знаходкамі, стаў масавым відам сучаснай мастацкай творчасці. Саломапляценне ў Беларусі з’яўляецца важным гісторыка-культурным і этнавызначальным кампанентам, мае агульнацыянальную значнасць, устойлівы характар пераемнасці і развіцця, уяўляе сабой жывую традыцыю і з’яўляецца адной з найбольш яскравых праяў нацыянальнага мастацтва Беларусі».
І сапраўды, у кожнай сялянскай сям’і нават сёння яшчэ захоўваюцца ўтылітарныя вырабы, зробленыя рукамі нашых дзядоў: сявенькі, гарнцы, карабы і кублы, у якіх захоўвалі, пераносілі зерне і муку. Нашы прабабулі і прадзядулі ў сваім дзяцінстве выраблялі з саломкі сімвалічныя цацкі: галубоў, конікаў і лялек. Яшчэ да нядаўняга часу ў старых людзей пад столлю каля бэлек можна было ўбачыць падвешаныя саламяныя канструкцыі – «павукі» з папяровымі кветкамі, што з’яўляліся абярэгамі жытла. У 2007 годзе, калі стартавала беларуска-літоўская экспедыцыя па рацэ Віліі «Шляхам графа Тышкевіча», беларускія і літоўскія даследчыкі і фатографы зафіксавалі ў вёсцы Камена Даўгінаўскага сельсавета саламяныя «павукі» пад столлю ў хаце мясцовай жыхаркі. І гэта былі не сувенірныя сучасныя «павукі», а традыцыйныя абярэгавыя канструкцыі з саломкі, што выраблялі яшчэ ў 19 стагоддзі нашы продкі. Гэта сведчыць аб тым, што і ў пачатку 21 стагоддзя захоўваліся традыцыі народнага саломапляцення.
Пётр Гатоўка — народны майстар саломапляцення з в. Урэчча, які адрадзіў традыцыйныя тэхнікі вырабаў з саломы Вілейшчыны
У этнаграфічнай калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея беражліва захоўваюцца лепшыя ўзоры ўтылітарных саламяных вырабаў, выкананых у старажытнай тэхніцы саломапляцення, абрадавыя павукі з вёсак Клоўсі і Камена, а таксама аўтарскія вырабы знакамітага майстра саломапляцення Пятра Гатоўкі з Урэчча і яго вучняў – сучасных майстроў. Пётр Гатоўка з’яўляўся старэйшым майстрам саломапляцення Вілейшчыны. Нарадзіўся ён у 1922 годзе ў вёсцы Більцавічы і з дзяцінства спазнаў урокі рамяства ад свайго бацькі і дзеда, навучыўшыся тэхніцы і прыёмам саломапляцення. Але да вялікага мастацтва прыйшоў значна пазней, калі ўжо выйшаў на пенсію. Гэтаму паспрыяў вядомы вілейскі мастак Барыс Цітовіч, які падштурхнуў будучага майстра да пошукаў свайго ўласнага почырку ў саломапляценні. І ў хуткім часе народны майстар ўжо меў свае таямніцы, творчыя знаходкі і адметны майстэрскі почырк. Так, напрыклад, яго саламяны куфэрак імітаваў звычайны сялянскі драўляны куфар, але заўсёды ўпрыгожваўся саламяным дэкорам. Адметным для майстроў Беларусі і пазнавальным сімвалам вырабаў Пятра Гатоўкі, што ўпрыгожвалі яго шкатулкі, куфэркі і рамкі, былі кветкі жоўтага гарлачыка. Уражваюць сваёй манументальнасцю і адметным каларытам аб’ёмныя сюжэтныя кампазіцыі і пано з саломкі Пятра Гатоўкі. У краязнаўчым музеі Вілейкі захоўваюцца дзясяткі такіх кампазіцый. Напрыклад, яго работа «Хутар», дзе з саломкі сплецены ўсе пабудовы сялянскай сядзібы: хата, хлеў, гумно, азярод і нават гаспадыня каля калодзежа з вёдрамі на карамысле, а сам гаспадар недалека арэ на быках поле. Для смаргонскага музея Пётр Гатоўка вырабіў традыцыйную батлейку, якую маленькім хлопчыкам бачыў на кірмашах у Даўгінава і Вільні.
Па ініцыятыве Сяргея Трыдзенскага, былога начальніка аддзела культуры, былі створаны школы саломапляцення і лозапляцення, дзе непасрэдна ў народных майстроў Пятра Гатоўкі і Ігната Каркоцкага ў іх хатах займаліся клубныя работнікі, спасцігаючы сакрэты іх майстэрства. Такім чынам была здзейснена перадача навыкаў носьбітаў традыцыйных мастацкіх тэхнік нашага раёна маладому пакаленню.
– Мне пашанцавала вучыцца саломапляценню ў самога Пятра Аляксандравіча Гатоўкі, – рассказала нам майстар саломапляцення Ірына Станкевіч з Крывога Сяла. – Дзякуючы яму мы спазнавалі традыцыйныя беларускія тэхнікі і сакрэты майстэрства нашых продкаў, разам шукалі новыя тэхналогіі мастацкага пляцення. І вось ужо каля трыццаці гадоў свае ўменні і майстэрства я перадаю дзецям.
За гэты час у адраджэнні традыцыйнага майстэрства саломапляцення Вілейшчыны ўдалося зрабіць шмат, у тым ліку і Ірыне Станкевіч: выхаваць не адно пакаленне вучняў; стварыць мноства выдатных чароўных і непаўторных сувеніраў, якія ўпрыгожваюць выставы, прыватныя калекцыі. За ўдзел у фестывалях і творчых форумах рознага ўзроўню крывасельская студыя, яе кіраўнік і вучні ўзнагароджаны шматлікімі дыпломамі і граматамі.
Беларусы не страцілі свайго нацыянальнага каларыту і адметнасці, а пранеслі праз стагоддзі свае традыцыі і рамёствы, што працягваюць сваё існаванне і зараз.
Сяргей ГАНЧАР/Фота Веранікі СТАЦІНА