Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віктар КАЖУРА: “Праз свае кнігі імкнуся адкрыць дзеткам Беларусь”

Імя вілейскага настаўніка, сябра Саюза пісьменнікаў Віктара Кажуры вядома далёка за межамі Вілейскага раёна і Беларусі. Яго “азбукі” і “чытанкі”, падручнікі і зборнікі шырока выкарыстоўваюцца ў школе, яны перакладзены на некалькі моў свету і многія вядомыя выдавецтвы лічаць за гонар надрукаваць яго новыя творы. Аб творчасці, жыццёвых настаўніках і натхняльніках твораў мы гутарым з заслужаным настаўнікам.

У гэтым годзе спаўняецца роўна 40 год педагагічнай дейнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры, паэта і даследчыка, аўтара некалькіх дзясяткаў навучальных дапаможнікаў для дзяцей і малодшых школьнікаў Віктара Кажуры. А як ўсё пачыналася?

– Пасля заканчэння Карпавіцкай сярэдняй школы я паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут ім. М.Горкага. Па заканчэнні інстытута ў 1980 годзе быў размеркаваны ў Шыпкоўскую пачатковую школу Вілейскага раёна, – узгадвае Віктар Віктаравіч. – Выпускнога ў нас амаль не было, бо ішла алімпіяда-80 і нас пасля ўручэння атэстатаў хуценька адправілі з Мінску. Пра Шыпкі ўзгадваю толькі з цеплыней. Калі я прыйшоў, дырэктарам школы быў Фёдар Міхайлавіч Сівы. Увесь калектыў настаўнікаў адразу стаў як роднымі: кожны дапамагаў і падтрымліваў. Першы год мне далі клас, дзе прыйшлося весці і беларускую мову, і нямецкую, а таксама гісторыю, спевы. Дарэчы, з гэтага часу пачаўся мой стаж “выкладчыка” нямецкай мовы. Так, так, менавіта нямецкай, – усміхаецца настаўнік. – Па атэстату я выкладчык беларускай мовы і літаратуры, але… Яшчэ ў інстытуце маёй настаўніцай нямецкай мовы была Марыя Пятроўна Кунцэвіч, дарэчы, яна была родам з вёскі Старынкі Вілейскага раёна, якая аднойчы сказала: “Беларускую мову будзеш ці не будзеш выкладаць, я не ведаю, а вось нямецкую выкладаць прыйдзецца”. І яна як у ваду глядзела, – рассказвае Віктар Кажура.

І сапраўды, нямецкая мова на доўгія гады была ў арсенале маладога выкладчыка. Пасля года адпрацоўкі ў Шыпках, Віктару Кажуру прапанавалі стаць дырэктарам Забарскай васьмігадовай школы, дзе, акрамя беларускай, ён выкладаў і нямецкую мову. Пасля двух гадоў яго дырэктарства школу далучылі да Ільянскай, а Віктар Кажура перавёўся ў родныя Карпавічы, дзе таксама давялося, акрамя іншага, выкладаць нямецкую мову. У 1985 годзе малады настаўнік ажаніўся і сям’я вырашыла пераехаць у Вілейку.

– Я прыйшоў працаваць у сярэднюю школу №3, дзе ў той час дырэктарам быў Сцяпан Антонавіч Чэшык. Потым абавязкі дырэктара выконваў Іван Іосіфавіч Лашутка і неўзабаве на пасаду дырэктара прыйшла Антаніна Іванаўна Гарчакова. Праз пэўны час здалі новую сярэднюю школу №4, у якую я і перайшоў і дзе працую па сёння. Я ўжо застаўся адзіны дзеючы настаўнік з усіх першых настаўнікаў-мужчын, – усміхаецца Віктар Віктаравіч. – А прыйшло нас 25 чалавек. Вось толькі тут, у чацвёртай школе, у мяне забралі нямецкую мову, бо вучні вывучалі англійскую. Такім чынам, за 40 гадоў педагагічнага стажу нікуды з раёну і не выязджаў.

Разважаючы пра гады педагагічнай дзейнасці, Віктар Віктаравіч кажа, што ўсё жыццё яму шанцавала на людзей. Толькі з цяплом узгадвае ён кожнага настаўніка Шыпкоўскай школы і дырэктара Сівога. Маладога спецыяліста прымалі добра ў кожнай школе. У новай школе №4 было каля тысячы вучняў, усё пачыналі з нуля. “З кожным з дырэктараў школы былі і ёсць чалавечыя адносіны: і з Уладзімірам Бадзеевым, і з Васілём Кісялём, і з Васілём Барысевічам. Бо кожны з іх заўжды хварэў душой за сваю ўстанову”, – адзначыў Віктар Кажура.

Расказваючы пра планы на будучыню, Віктар Віктаравіч адзначае:

– Дай Божа здароўя, а задум столькі… У гэтым годзе выйшлі ўжо тры новыя кніжкі, якімі хочацца як мага яскравей паказаць нашу Беларусь. Праз звычайныя рыфмаваныя чатырохрадкоўі, праз загадкі імкнуся адкрываць дзеткам Беларусь. На кожную новую кніжку для дзяцей мяне натхняюць мае ўнукі. Не было б малых – не было б усяго гэтага, – паказваючы на стос выдадзеных кніг, кажа Віктар Кажура. – Яны падкідваюць дзеду пытанні, пасля якіх нараджаюцца новыя кніжкі. І нават калі пытанні простыя – то яны самыя складаныя. Я радуюся кожнаму поспеху сваіх унукаў. З Ангелінай, старэйшай унучкай, ужо ў сааўтарстве выдаем кнігі. А малодшы Цімошка не перастае здзіўляць…

І сапраўды, знайсці сваё месца ў прафесіі, у жыцці, у сям’і – ці не гэта самае важнае для чалавека.

Тады кожны дзень напаўняецца радасцю і творчасцю, тады больш і больш хочацца аддаваць людзям. Мы віншуем Віктара Віктаравіча з Днём настаўніка, а разам з ім і ўсіх настаўнікаў Вілейшчыны, усіх нашых настаўнікаў па жыцці. Няхай побач з вамі будзе дзіцячы смех, які дае моц, цікавая штодзённая праца, сапраўдныя сябры і шчырыя калегі, здароўя вам і шчасця. А Віктара Віктаравіча яшчэ віншуем і з Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, якую яму ўручылі на святочным мерапрыемстве ў Палацы культуры.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries