Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Віктар Кажура пазнаёміў дзяцей са сваёй новай кніжкай

У рамках Года малой радзімы на класную гадзіну да вучняў другога класа завітаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Віктаравіч Кажура, які пазнаёміў дзяцей са сваёй новай кніжкай “Маленькая азбука вялікай краіны”. Кніга пабудавана даволі цікава: на кожную літару падабрана адпаведнае слова, а да слова – чатырохрадкоўе.

Запамінаць алфавіт цяпер стала не толькі карысна, але і цікава. Дзеці даведаліся, што валошка – гэта кветка, якую мы сустракаем летам у залацістым жытнёвым “моры”. А таксама, што некаму дарога – гэта прастора для язды і хады, другому – шлях да роднай хаты, да сваіх продкаў, які ніколі не зарасце ў памяці і не згубіцца ў віры жыцця. Ніва – гэта апрацаванае і засеянае поле, якое з часам прарасце багатым ураджаем, а потым – вялікім духмяным караваем. Смачна есці! І дзякаваць працавітым, руплівым рукам за такое багацце! І такія вершаваныя гісторыі Віктар Віктаравіч напісаў на кожную літару!

Дзеці з задавальненнем паслухалі калыханкі Віктара Віктаравіча, які расказаў пра сваё дзяцінства. Будучы маленькім хлопчыкам, заўсёды засынаў пад пяшчотныя матуліны песні. І спалося тады вельмі салодка. А раніца напаўнялася шчасцем і радасцю.

Дзеці ніяк не хацелі развітвацца з Віктарам Віктаравічам. Але, нажаль, празвінеў званок… Дзеці выказвалі шчырыя словы падзякі за такі цудоўны ўрок дзяцінства.

Наталля ЛІПСКАЯ, класны кіраўнік 2 “Б” класа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries