Убачыла свет кніга Аляксандра Смоліка, нашага земляка, загадчыка кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Божы дар Івана Кандрацьева». Рэцэнзію да яе напісаў міністр культуры Барыс Святлоў.
У манаграфіі распавядаецца пра жыццёвы і творчы шлях Івана Кандрацьева (сапраўднае імя – Кандрат Казіміравіч Рогач) – ураджэнца вёскі Каловічы, паэта, пісьменніка, аўтара песень, перакладчыка другой паловы ХІХ стагоддзя. Ён быў знаёмы і сябраваў з многімі дзеячамі культуры таго часу. У іх шэрагу Саўрасаў, Чэхаў ды іншыя. «По тихим степям Забайкалья», «Чудо-гусли», «Свирель», «Чернобровая коса Дуня», «Достался жребий им не святой» – менавіта Кандрацьеў напісаў словы да гэтых ды іншых песень. Ён перапрацаваў народную казку «Сіўка-бурка», перакладаў творы Петраркі.
Імя Івана Кандрацьева, што доўгі час было забытым, вярнула з небыцця выпадковасць. Звестак не хапала, і клубочак паступова разблытвалі нераўнадушныя да творчай спадчыны людзі: Тамара Бурко, Анатоль Рогач, Сяргей Ганчар, Аляксандр Смолік. Дапамагалі ім у гэтай справе Святлана Макарэвіч, Аляксандр Бурко, Тэрэза Закрэўская, Мікалай Пацко, Ганна Герко, Тамара Тышкоўская, Таццяна Слуцкая, Андрэй Баўтрукевіч. Спачатку выйшлі артыкулы Аляксандра Смоліка, прысвечаныя Івану Кандрацьеву, а ў 2013 годзе – названая манаграфія. У суботу, 25 мая, у 11 гадзін у зале выстаў краязнаўчага музея адбудзецца навуковая канферэнцыя па абмеркаванні кнігі Аляксандра Смоліка «Божы дар Івана Кандрацьева», у межах якой пройдуць першыя Кандрацьеўскія чытанні «Талент, непадуладны часу».
Таццяна ШАРШНЁВА