Вячэрняя мелодыя, лірычна-трапяткая, сумна-пяшчотная, пракладае шлях да чалавечых сэрцаў. Так лёгкая знічка мяккім святлом акрэслівае сабе шлях у глыбінях сусвету. І дзесьці там, за мяжою вечнасці вітае чалавечая душа, па якой так настальгічна заходзяцца клавішы. У гэтыя дні вядомаму на Вілейшчыне паэту Івану Лашутку споўнілася б 80 гадоў. Але дзесяць год таму абарвалася яго жыццё. Абарвалася раптоўна і нечакана, як гітарная струна на самым высокім узлёце мелодыі. Толькі творчыя людзі тым і каштоўныя свету, што пакідаюць пасля сябе неразбуральную спадчыну. Тую, што непадуладна стыхіі, часу, плыням ідэйнага кшталту. Бо самыя лепшыя творцы ўзгадняюць свой лад думак толькі з уласнай душой, а яшчэ з тымі духоўнымі пачаткамі, якія выпрацавала чалавецтва за многія стагоддзі свайго развіцця. Духоўнасцю прасякнута ўся творчасць Івана Лашуткі: «Складаю верш, як зруб – вянец к вянцу», а сэрца – самы шчыры памагаты…»
На канцэрце-вечары, прысвечаным юбілею паэта, які быў арганізаваны Цэнтрам эстэтычнага выхавання, гучала многа яго вершаў. Частка іх, дарэчы, пакладзена на музыку. «Край верасовы» стаў сапраўдным неафіцыйным гімнам Вілейшчыны. Бо ў сугуччы з мелодыяй, так тонка падабранай нашым мясцовым кампазітарам Аляксандрам Высоцкім, верш стаў выразнікам непаўторнага каларыту родных мясцін Івана Лашуткі, дарагіх кожнаму нераўнадушнаму сэрцу. А такія нераўнадушныя і сабраліся ў мінулую нядзелю ў актавай зале школы мастацтваў. Мабыць таму, канва загадзя падрыхтаванага арганізатарамі сцэнарыя неаднойчы перарывалася нечаканымі імправізацыямі, дыялогамі вядучай Аляксандры Лапацкай з залай. У ім былі тыя, хто асабіста ведаў Івана Лашутку, меў шчасце працаваць з ім альбо весці доўгія размовы, якія маглі перарасці і ў сапраўдныя дыспуты аб літаратурнай творчасці, развіцці сучаснай беларускай паэзіі. Іван Іосіфавіч быў добрым яе знаўцам. А яшчэ, як мог, падтрымліваў маладыя творчыя парасткі, аб чым вельмі хораша расказаў настаўнік вілейскай гімназіі №2 Віктар Кажура. Заўважыўшы ў маладым чалавеку паэтычныя здольнасці, Іван Лашутка па-бацькоўску настаўляў калегу: «Калі пішаш, пішы праўду, пішы сур’ёзна…» І разам з юным аўтарам “пералапачваў» яго вершаваныя радкі, выдзяляючы ў іх зярняты існасці. “Ён быў не толькі настаўнікам, а маім па жыцці хросным бацькам”, – заўважыў Віктар Кажура, тым самым акцэнтуючы ўвагу на духоўным пачатку, прывітым яму і яго тады яшчэ няспеламу радку, ужо прызнаным паэтам.
Галіна Капцюг,Вера Бурсевіч,Ніна Жвалеўская, Мікалай Іваненка… У кожнага з іх былі свае стасункі з паэтам. І кожны заўважыў той светлы промень зычлівасці да акаляючага, які зыходзіў з яго душы. Ён радаваўся жыццю, усім яго праявам, хацеў як мага даўжэй затрымацца ў маладосці. І Усявышні пачуў яго просьбы. У лірыкі Івана Лашуткі няма ўзросту. Яна пазбаўлена ментарскага тону ўзбагачанага жыццёвым вопытам чалавека. У кожным радку – летуценнасць юнацтва, хваляванне першага кахання, узнёсласць ахопленага высокімі пачуццямі чалавечага сэрца. «Туманаў белых над ракой стаянка. Няясны і трывожны небакрай… Ты зорны час – вячэрняя заранка – святлом любові бераг асвятляй». Раманс пакладзены на музыку Таццянай Захарыч, кіраўніком народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія», стаў і своеасаблівым яго гімнам. Ля вытокаў «Элегіі» таксама стаяў Іван Лашутка. І многія яго вершаваныя творы, пакладзеныя на музыку, прапісаліся ў рэпертуары гэтага калектыву. Гучаць яны і ў выкананні вядомых у Вілейцы артыстаў – Аляксандра Высоцкага, Леаніда Гайчука. Гучалі і на гэтым вечары-канцэрце. Разам з успамінамі, што поўнілі сэрцы тых, хто аднойчы судакрануўся з ім па жыцці, каб зноў і зноў вяртацца пасля ў палон яго чалавечай абаяльнасці і таленту. Безумоўна, адна з найбольш шчырых яго прыхільніц – Таццяна Захарыч. Святлом творчай узаемнасці дзвюх ахопленых хараством слова натур быў прасякнуты і гэты вечар-канцэрт.
Уладзімір Ляшкевіч, сябра паэта, узгадаў тыя эпізоды мінулага, якія для некаторых з прысутных былі свайго роду адкрыццём. Першы дасланы ў «Піянер Беларусі» верш, першая кваліфікаваная парада. Не сябра, а кампетэнтнага ў творчасці кансультанта рэдакцыі. Усхвалявалі прысутных радкі Уладзіміра Цануніна, удзельніка «Элегіі», адрасаваныя паэту: «Гучаць, як край твой верасовы, на родных сцежках галасы…»
Беражліва захоўвае спадчыну Івана Лашуткі музей «Вілейшчына літаратурная», які належыць Ільянскай школе імя Адама Грымаця. Пра гэта паведаміла прысутным яго кіраўнік Роза Шэрая. Раённая бібліятэка падрыхтавала выставу твораў паэта. А яшчэ раней, расказала яе супрацоўнік Людміла Тонкавіч, у бібліятэцы быў складзены бібліяграфічны паказальнік твораў Івана Лашуткі.
– Гэты вечар таксама застанецца духоўнай спадчынай памяці, – заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч.
Няхай так яно і будзе. Спачатку было слова, – напісана ў галоўнай кнізе Быцця. А гэты чалавек, як сказала вядучая, «жыццё сваё ператварыў у Слова. І пайшоў з ім да людзей». Каб улонне краю верасовага ачышчала і ўзвышала людскія душы, ахінаючы святой любоўю да роднай зямлі.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Валянціны ПРАТАШЧЫК
Фота Валянціны Праташчык