Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В Забродье прошла военно-историческая реконструкция с участием конницы

На працягу многіх гадоў, у Дзень памяці загінуўшых у Першай сусветнай вайне – 11 лістапада, Фонд памяці Першай Сусветнай вайны “Крокі” арганізоўваў аўтапрабег па месцах звязаных з падзеямі Першай сусветнай на Вілейшчыне. І гэта вялікая справа, як і многае іншае па вяртанню памяці аб “забытай” вайне, што ладзіцца і праводзіцца Барысам і Валянцінай Цітовічамі і іх аднадумцамі. Яны як галоўныя “рухавікі”, як людзі, якім не абыякавы сэнс слова “духоўнасць”, даюць нам магчымасць вярнуць доўг памяці, на які мы каля ста год забываліся. Каб гучалі імёны салдат, нашых дзядоў і прадзедаў, каб была памяць. Бо менавіта яны, нашыя прадзеды і дзеды ваявалі на палях брані Першай сусветнай, а іх сыны і ўнукі – у бітвах Вялікай Айчыннай. Дзесяцігоддзямі памяць аб подзвігах беларускіх мужыкоў, якія да 1914 года мірна сеялі, аралі і прыбіралі з палёў спелы хлеб, а калі прыйшоў час, то бездакорна абаранялі сваю радзіму, сціраўся. А гэта ж яны, простыя салдаты Першай сусветнай, праз дваццаць год сталі маршаламі Перамогі ў Вялікай Айчыннай. Але гісторыя сцірала памяць пра тую, на той час імпералістычную, ці як казалі ў народзе – Мікалаеўскую вайну. А наш святы доўг вярнуць з небыцця усё тое, што крывавымі подзвігамі здабывалі нашыя дзяды.

Увесь свет адзначае дату 11 лістапада 1918 года – дзень заканчэння вайны, дзень прымірэння. І не важна, што пакуль гэта дата не значыцца ў афіцыйным пераліку дзяржаўных дат Рэспублікі Беларусь, Вілейшчына адна з нямногіх аддае дань памяці тым, хто здабываў перамогу пачынаючы з 1915 года на беларускай зямлі. Страты ў “Баі за Вілейку” у 1915 годзе намнога прывашаюць страты за вызваленне Вілейкі ў 1944 годзе. Але той  подзвіг у Першую сусветную мы ведаем і памятаем вельмі нязначна. Прыйшоў час вяртання…

У гэтым годзе, на 98-ю гадавіну Дня заканчэння Першай сусветнай вайны, Дня прымірэння замест традыцыйнага аўтапрабегу па месцах Першай сусветнай у вёсцы-музеі, вёсцы-мемарыяле Заброддзе 12 лістапада адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою 1915-1916 года. Пачыналася мерапрыемства традыцыйна, памінальнай ліціёй на брацкіх могілках Першай сусветнай, каля вёсцы Заброддзе. Маліліся па ўсіх загінуўшых воінах беларускай зямлі, што ў розныя гады аддавалі свае жыццё за нашу мірную будучыню. Адправілі ліцію благачынны цэркваў Вілейскага акругі, настаяцель храма Прападобнай Марыі Егіпецкай г.Вілейка, іераманах Аляксандр Шмырко і клірыкі храма – іерэй Дзмітрый Уласенка і іерэй Уладзімір Ганчарук, разам з хорам. Па заканчэнні ліціі ўсе прысутныя хрэсным ходам перайшлі да Барысаглебскай капліцы, дзе адбыўся малебен і пачалося знакавае мерапрыемства дня – рэканструкцыя.

Галоўным арганізатарам рэканструкцыі выступіў Андрэй Аралін, які як ўдзельнік  ваенна-гістарычнага клуба “Эпоха” сабраў рэканструктараў і сяброў з ваенна-гістарычнага клуба “Рубеж”, каб госці Заброддзя змаглі акунуцца ў атмасферу бітваў Першай сусветнай. І менавіта такую магчымасць гледачам далі аматары ваенна-гістарычных рэканструкцый з Мінска і Брэста. Асабліва эфектна глядзелася конніца, для якой былі прадстаўлены верхавыя коні з Цэнтра верхавой язды «Двор Старынкі», што ў Вілейскім раёне. Сама гаспадыня “Двара” Алена Воўкава разам з аматарамі ў рамках памятнага мерапрыемства правяла трохдзённы паход-рэканструкцыю па лініі фронту, па маршруце каля 60 кіламетраў, ад вёскі Старынкі да Заброддзя. Як адзначылі ўдзельнікі коннага паходу – гэта была сапраўдная праверка на трываласць.

У баі Першай сусветнай вайны прадэманстравалі свае магчымасці прадстаўнікі розных палкоў, большасць з якіх сто год назад удзельнічалі ў баях каля Вілейкі, Нарачы і Смаргоні. Гэта пяхотны 54-ы Мінскі полк, 250-ы Бадэнскі полк, 4-я кулямётная каманда, 119-ы Каломенскі полк, 5-ы гусарскі Александрыйскі Яе Вялікасці імператрыцы  Аляксандры Фёдараўна полк, дзе Андрэй Аралін і выступаў у якасці чорнага гусара конніцы. Дарэчы, менавіта ў гэтым палку служыў Мікалай Гумілеў, а урачом быў Міхаіл Булгакаў. Былі ў баі і прадстаўнікі 3-га казачага Данскога палку. А галоўным камандзірам бою з боку імператарскай арміі выступіў палкоўнік 112-га Уральскага пяхотнага палка Барыс Цітовіч.

Мерапрыемства было па-сапраўднаму цікавым і разнастайным. Арамя іншага тут працавала салдацкая кухня, госці маглі наведаць выставу артэфактаў у музеі Першай сусветнай вайны, што месціцца ў прытворы Барысаглебскай капліцы. Была магчымасць наведаць музей сельскага побыту стогадовай даўнасці і паглядзець экспазіцыю рэтратэхнікі 1930-90 гадоў.

Першая сусветная вайна ў многіх краінах лічыцца адным з самых шырокамаштабных ўзброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва (28 ліпеня 1914 года – 11 лістапада 1918 года). У выніку гэтай вайны спынілі сваё існаванне чатыры імперыі: Расійская, Германская, Аўстра-Венгерская і Асманская. 11 лістапада 1918 года, падпісаннем  Камп’енскага перамір’я ў Францыі, азначаным капітуляцыяй Германіі, скончылася Першая сусветная вайна, якая доўжылася больш чатырох гадоў. У яе агні загінула амаль 10 мільёнаў чалавек, каля 22 мільёнаў было паранена. Такіх страт чалавецтва да гэтага часу не ведала. У адпаведнасці з умовамі перамір’я Нямеччына прызнала сябе пераможанай, яе арміі пачалі раззбройвацца, нямецкія войскі выводзіліся з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку і з беларускіх земляў.

Штогод 11 лістапада ва ўсіх краінах-удзельніцах імперыялістычнай вайны праводзяцца мерапрыемствы, якія атрымалі назву «Дзень прымірэння». Гэты ж дзень стаў днём малітоўнай памяці аб усіх героях і ахвярах, якія загінулі ў ваенным ліхалецці 1914-1918 гадоў.


Рэканструяваная бітва пад Вілейкай, якая паказала, што адбывалася сто гадоў таму была насычана ўсім – гарматнымі стрэламі, конніцай і гукамі кулямёта. Рэканструктары ўзнавілі эпоху пачатку ХХ стагоддзя. Арыгінальная ваенная форма і зброя дадалі антуражу. Знайшлося месца на поле бітвы і для кулямёта «Максім», хоць ён і з’явіўся раней (у канцы ХІХ стагоддзя), усё ж такое яго масавае выкарыстанне пачалося менавіта падчас Першай сусветнай. Відовішчная рэканструкцыя доўжылася амаль трыццаць хвілін, асабліва ярка ўспрымаліся эпізоды бою з каментарыямі вядучага – Уладзіміра Багданава, вядомага журналіста, тэлевядучага і пісьменніка.

Такім чынам энтузіясты-рэканструктары і заснавальнікі Фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” ушанавалі тых, хто абараняў нашу зямлю. Менавіта пад Вілейкай на працягу двух гадоў стаяў фронт. Тэма Першай сусветнай для Вілейскага раёна вельмі актуальная. І дзякуючы сям’і Цітовічаў і рэканструктарам мы змаглі акунуцца ў жывую гісторыю, каб памяць аб подзвігу нашых дзедаў была больш яскравай.  Бо жыць тут, на гэтай зямлі і не вывучаць сваю гісторыю проста немагчыма.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 41 queries