Тыдзень праваслаўнай кнігі, які стаў добрай традыцыяй, скончыўся. У гэты час ва ўстановах культуры, адукацыі Вілейшчыны ладзіліся выставы праваслаўнай літаратуры, праходзілі прэзентацыі, спектаклі і святочныя мерапрыемствы для дзяцей, з дзецьмі і іх бацькамі праводзіліся духоўна-маральныя гутаркі, дэманстраваліся відэафільмы адпаведнай тэматыкі. Абуджэнне духоўнасці, зварот да нашых каранёў — гэта было асноўнай мэтай усіх мерапрыемстваў. І на такой ноце адбылося закрыццё «Дзён праваслаўнай кнігі». У азначаны час у цэнтральнай раённай бібліятэцы сабраліся жыхары горада, каб прыняць удзел у круглым стале гісторыка-краязнаўчай студыі «Спадчына» Цэнтра эстэтычнага выхавання. «Традыцыі пакаленняў» — сваёй назвай ён сцвярджаў асноўнае, тое, што яднае людзей рознага ўзросту, спрыяе іх пераемнасці, робіць адным цэлым.
Марына Жыльцова, кіраўнік студыі, пачала гутарку з таго, што такое традыцыі і звычаі, пра сувязь духоўнага і матэрыяльнага, пра духоўнасць і бездухоўнасць. Разам з аўдыторыяй шукаючы адказы на пытанне, чаму так важна з павагай ставіцца да спрадвечных традыцый, захоўваць іх, перадаваць у спадчыну нашчадкам. Пра традыцыі беларусаў расказала выхаванца студыі «Спадчына». Марына Жыльцова расказала пра «бэбі-тэйл» — так у амерыканскіх плямёнах завуць самую вопытную, самую мудрую жанчыну, якая расказвала дзецям пра традыцыі, дзялілася жыццёвым вопытам. Менавіта ў такой ролі выступіла Галіна Капцюг — на прыкладзе сваёй сям’і яна расказала пра ашчаднае стаўленне да традыцый, якія яднаюць пакаленні.
Дзе, акрамя сям’і, жывуць, захоўваюцца і акумулююцца традыцыі? Вядома, у музеі. Супрацоўнікі краязнаўчы музею Вольга Коласава і Анастасія Гіль расказалі пра тыя традыцыі, якія сабраныя і ўзноўлены пад дахам краязнаўчага музея, пра іх мясцовыя адметнасці. А навуковы супрацоўнік Надзея Аўдзей запрасіла прысутных на лекцыю, якая адбудзецца ў нядзелю, 24 сакавіка, а 14 гадзіне і будзе своеасаблівым падвядзеннем вынікаў праекта выкладчыка выяўленчага мастацтва гімназіі №2 Святланы Чабатар і краязнаўчага музея ART-Vileyka. Пасля лекцыі будуць дэманстравацца поўнаметражныя стужкі пра сучасных мастакоў, і тыя, хто знойдзе час наведаць залу выстаў імя Н. Сілівановіча, упэўнена, знойдуць нешта новае і карыснае для сябе. Уваход — свабодны.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара