10 лістапада 2012 года ў Вілейскім раёне праведзены дзень памяці ахвяр Першай сусветнай вайны 1914-1918 гадоў. У акцыі прымалі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, вядучы навуковы супрацоўнік НДІ Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, палкоўнік Валерый Сураеў, старшыня «Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч, кіраўнік грамадскага аб’яднання хрысціян-ваеннаслужачых «Вера і доблесць» Андрэй Сёмікаў, вядомы калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў, дэпутат раённага Савета і дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, журналісты многіх СМІ, у іх ліку газеты “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”.
Маршрут пачаўся ад царквы Патрыярха Ціхана, дзе протаіярэй Фёдар Кукс адслужыў паніхіду па воінах і ўсіх, хто ў гадзіны ваенных ліхалеццяў аддаў свае жыцці за Бацькаўшчыну. У сваёй прамове да прысутных, а сярод іх было большасць вучняў гімназій і школ горада, святар адзначыў неабходнасць зберажэння гістарычнай памяці, бо яна з’яўляецца падмуркам патрыятычнага выхавання.
Затым шлях удзельнікаў акцыі праходзіў праз Лясныя могілкі (брацкае пахаванне), вёску Бараўцы (капліца ў памяць палеглых на палях бітвы), вёску Жарсцвянка (шасціметровы крыж на месцы воінскіх пахаванняў), мемарыяльны комплекс каля вёскі Рускае Сяло, памятны знак на могілках вёскі Папоўцы, вёску Нарач (магіла протаіярэя Паўла Сасноўскага) і лазарэтныя могілкі вёскі Заброддзе. На кожным гістарычным месцы святарамі Міхаілам Чурылам і Фёдарам Куксам служыліся ліціі – кароткія малітоўныя памінанні.
З вельмі цікавымі гістарычнымі даведкамі аб падзеях, памятных знаках і пахаваннях выступаў мастак Барыс Цітовіч, які з’яўляецца намеснікам старшыні праўлення мясцовага дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі”.
Мінская група ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Эпоха» (кіраўнік Дзяніс Тарас), састаўная частка ваенна-гістарычнага клуба «Салдаты Перамогі» пры дабрачынным фондзе дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Памяць Афгана», прадстаўляла на ўрачыстасцях ваенную форму 119-га Каломенскага палка. Гэты полк з 1863 года і да пачатку Першай сусветнай вайны размяшчаўся ў Мінску, адкуль летам 1914 года быў накіраваны на фронт. Дарэчы, адна з мінскіх вуліц была названа ў гонар каломенцаў, а храм Святога Аляксандра Неўскага на ваенных могілках з’яўляўся іх палкавой царквой.
Рэканструктары Беларускага ваенна-гістарычнага клубнага аб’яднання «Честь мундира» з горада Гомеля (кіраўнік Уладзімір Колат) былі апрануты ў форму рускай пяхоты 160-га Абхазскага палка, які ў 1892 годзе быў пераведзены ў Віленскую ваенную акругу, дзе і знаходзіўся да адпраўкі на руска-японскую вайну ў 1905 годзе. Менавіта клуб «Честь мундира», з’яўляючыся афіцыйным эксклюзіўным партнёрам Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», удзельнічаў у здымках многіх вядомых мастацкіх стужак.
Рэканструктары секцыі Першай сусветнай вайны ў складзе групы ВГР “Товарищи по оружию” з горада Мінска сваімі касцюмамі прадстаўлялі воінаў 54-га Мінскага пяхотнага полка.
Група ваенна-гістарычных рэканструктараў “Рубеж” з горада Брэста прадэманстравала ўніформу і экіпіроўку салдат 19-га Ландвернага палка, які з нямецкага боку ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі.
Прыцягвала ўвагу прысутных і экіпіроўка членаў Маладзечненскага ваенна-патрыятычнага клуба «Юны дэсантнік», а таксама прадстаўнікоў казачых фарміраванняў Мінска, Вілейкі і Маладзечна.
Кожны раз удзельнікі мерапрыемства, асабліва дзеці, з заміраннем сэрца назіралі за ганаровай вартай і ўскладаннем вянкоў. Рытуал па-майстэрску, з сапраўднай ваеннай выпраўкай, выконвалі казакі і члены ваенна-патрыятычных клубаў. Асаблівую эмацыянальную ўзнёсласць падтрымлівала музыка таленавітай скрыпачкі Людмілы Алеолавай.
На фоне музыкі перад вачыма паўставала жывая гісторыя ў вобразах амаль стогадовай даўнасці. Рускія і нямецкія воіны тых далёкіх часоў, здавалася, сышлі з экранаў і ў мірнай кагорце з сучаснымі дэсантнікамі і казакамі складалі дзіўнае ўражанне нейкай казачнай дзеі.
Удзельнікі акцыі з цікаўнасцю знаёміліся з даволі багатай экспазіцыяй па Першай сусветнай вайне, якая створана намаганнямі сям’і Цітовічаў. Раз-пораз чуліся ўзрушаныя водгукі: “Колькі працы!”, “Якія малайцы!”. Таму і завяршылася мерапрыемства малітвай удзячнасці Богу за цяперашняе мірнае жыццё, за здароўе і дабрабыт рупліўцаў, за росквіт нашай цудоўнай краіны. Малебен прайшоў у капліцы святых князёў Барыса і Глеба. Затым гаспадыня Валянціна Пятроўна Цітовіч запрасіла да стала, які быў накрыты ў парку на беразе Нарачанкі. Гарачы адвар лекавых зёлак і мноства прысмакаў, размовы і ўражанні, знаёмствы і інтэрв’ю, фотаздымкі на памяць… Словы ўдзячнасці арганізатарам і шчырыя ўсмешкі на тварах дзяцей і дарослых – сведчанне задаволенасці мерапрыемствам. Кожны адыходзіў з адчуваннем асабістай лучнасці з гістарычнай памяццю свайго народа. Гэта патрэбна нашчадкам!
Мікалай ІВАНЕНКА, намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце ДУА “Вілейская гімназія №2”