На мінулым тыдні ў зале выстаў краязнаўчага музея адкрылася выстава Івана Патапчука. Прысутнічалі яго родныя, сябры, вучні, аднадумцы і ўсе тыя, хто неабыякава ставіцца да творчасці Івана Рыгоравіча. Сяргей Ганчар, дырэктар краязнаўчага музея, ва ўступным слове назваў Івана Патапчука старэйшым вілейскім мастаком – «адказным за мастацтва ўсяго нашага краю». Нядаўна Іван Рыгоравіч адзначыў свой 80-гадовы юбілей. З гэтай нагоды ў падарунак ад супрацоўнікаў краязнаўчага музея Сяргей Мікалаевіч перадаў яму кнігу «Беларускае народнае мастацтва».
Канечне, ва ўсіх была магчымасць убачыць карціны непасрэдна перад адкрыццём выставы, толькі госці чакалі моманту, калі мастак пракаментуе іх сам. Але спачатку Іван Рыгоравіч расказаў пра вёску Жабчыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, адкуль ён родам. Пра сваё дзяцінства, на якое выпалі гады ваеннага ліхалецця (і гэта таксама адбілася ў карцінах). У ваеннай віхуры ён страціў бацьку, гарэла тры разы родная вёска. І калі з братамі і маці вярнуліся на месца былой сядзібы, іх сустракалі толькі абпаленая печ ды склеп. Жыццё дыктавала свае ўмовы: спачатку вайна, потым нялёгкі пасляваенны час, праца на зямлі – скончыць васьмігодку ўдалося толькі ў 1952 годзе, калі ўтварыўся калгас. Пасля школы ён пайшоў вучыцца ў Мінскае мастацкае вучылішча, але праз месяц прызвалі ў армію. Тры гады службы, вучоба ў вучылішчы – і толькі тады, у 1960 годзе, Іван Патапчук з’явіўся ў Вілейцы. Утварылася сям’я, з’явіліся дзеці. З чаго пачаўся працоўны шлях? Першым месцам працы стала школа-інтэрнат, куды яго запрасілі настаўнікам малявання і чарчэння. Прыйшлося папрацаваць і выхавацелем. Потым – праца ў другой і трэцяй школах Вілейкі, у вячэрняй школе. Але хацелася іншага роду заняткаў, каб не толькі вучыць, але і працаваць самому – прыйшлося мяняць работу. Спачатку Івана Патапчука запрасілі ў райспажыўтаварыства – мастаком, а потым на працягу сямнаццаці год ён працаваў у творчых майстэрнях у Халапах – там афармлялі ўсю наглядную агітацыю горада і раёна. Ужо на пенсіі Іван Рыгоравіч працаваў у сорак восьмым прафтэхвучылішчы – выкладаў у групе рэзчыкаў па дрэве.
Знаёмства гледачоў з прадстаўленымі работамі Іван Патапчук пачаў з карцін, прысвечаных бацьку і маці. Шчымлівы момант – як бацьку забіраюць паліцаі, і маці – з хлебам, незабыўны смак і водар якога не купіш нідзе ні за якія грошы. Убачылі мы і дачок – моманты іх дзяцінства нібы застылі на карцінах. Выява «Вілейскай ЦЭЦ» – мабыць, адзіная работа, калі мастак адступае ад фатаграфічнай рэчаіснасці, каб паказаць тую цеплаэнергію, якая ахутвае ўвесь горад, з’яўляючыся яго сэрцам. Нацюрморты Івана Патапчука цікавыя сваёй кампазіцыяй – такой, якой убачыў і адлюстраваў яе мастак. «Не толькі дровы» – карціна пра яшчэ адно захапленне Івана Рыгоравіча. Не проста прайсціся па лесе, а разгледзець у незвычайнай форме галля мастацкія вобразы – яго ўласцівасць. Нават у звычайных дровах назіральнасць і дапытлівы позірк дапамагаюць убачыць хараство, якое атрымаецца, калі «адрэзаць лішняе і пакінуць патрэбнае». Тое, што стане чарговай незвычайнай вазай.
Двор, яблынька, пакінутае жыллё, рэчка, заснежаны горад – гэтыя і іншыя вобразы, блізкія сэрцу, маюць свой змест, які мастак раскрыў падчас гэтай своеасаблівай экскурсіі. А ў душы прачыналіся свае ўражанні і ўспаміны. Атмасфера, якая панавала ў той дзень у зале выстаў, думаю, сагрэла сэрца кожнага з прысутных. Свет мастака і гледачоў судакрануліся – і душа кожнага стала ад гэтага не толькі на парадак багацей, але і чысцей. Найлепей гэты настрой на працягу мерапрыемства падкрэслівала выступленне народнага хору ветэранаў і музычны акампанемент Людмілы Алеолавай і Уладзіміра Навуменкава.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара












