Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В Вилейке прошёл рождественский концерт

«Спявай Богу, уся зямля…». Такімі словамі віталі ўсіх прысутных у зале Вілейскага Палаца культуры 17 студзеня вядучыя святочнага дабрачыннага канцэрта «Святло Ражджаства Хрыстовага». Па добрай традыцыі гэты канцэрт вядуць яго рэжысёр, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч, і акцёр, рэжысёр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алег Вінярскі. Дзявяты раз гэты светлы і па-сапраўднаму ўзнёслы канцэрт збірае поўную залу віляйчан.

Нараджэнне Хрыстова – гэта заўсёды час цудаў і падарункаў, час здзяйснення самых запаветных мараў і надзей, час, калі ёсць магчымасць змяніць сваё жыццё і стаць на шлях веры, дабра і любові. Традыцыйны канцэрт да Свята Божага нараджэння, што ладзіцца ўжо ў дзявяты раз Вілейскім благачыннем, падараваў кожнаму з наведвальнікаў канцэртнай праграмы самыя ўзнёслыя і лепшымі пачуцці, што змаглі змяніць паўсядзённую мітусню на атмасферу духоўнага спакою. З першых слоў трапара Раства Хрыстова ў выкананні хора прыхода храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы г. Вілейкі пад кіраўніцтвам рэгента Галіны Гуркінай і паэтычных віншаванняў самых юных прыхаджан гэтага храма надалі пачуццё радасці і гармоніі душы кожнаму ў зале. Як і песнапенне «Заспяваюць Акафіст салаўі» ў выкананні клірыкаў прыхода храма прападобнай Марыі Егіпецкай іярэя Дзімітрыя Уласенкі і іярэя Уладзіміра Ганчарука далі магчымасць паслухаць цудоўнае выкананне і прыгожыя словы, напоўненыя дабрынёй і любоўю.

Мастацкае чытанне ў выкананні Алега Вінярскага зала сустракала гарачымі апладысментамі, і, здавалася, кожны слухаў затаіўшы дыханне. А выкананне песні «Чысціня» Таццянай Захарыч у суправаджэнні гітары Уладзіміра Лапціка дало адчуванне незвычайнага палёту, калі пачынаеш задумвацца пра сэнс быцця. Як заўсёды, свае творчыя таленты прадэманстравалі калектывы Вілейскай гімназіі №2, яскравыя і адметныя нумары якіх суправаджаліся гучнымі апладысментамі: літаратурна-музычная кампазіцыя «Ноч Раства ярчэй за ўсе ночы» ў выкананні студыі мастацкага чытання «Ветразь» пад кіраўніцтвам Мікалая Іваненкі, выступленне хору гімназіі, мастацкі кіраўнік Марына Апрэлянская, фальклорнага ансамбля «Чабарок» пад кіраўніцтвам Таццяны Каркотка і творчыя нумары ансамбля танца «Карагод», кіраўнік Ірына Новік.

Увесь вечар у зале панаваў узнёслы настрой. Кожны нумар адгукаўся ў душы гледачоў сапраўднымі непадробнымі эмоцыямі. Свае яскравыя творчыя нумары паказалі і калектывы Вілейскай школы мастацтваў: ансамбль цымбалістаў пад кіраўніцтвам Алены Кеўліч, канцэртмайстр – Іна Ляшчэвіч, а таксама ўзорнага ансамбля гітарыстаў «Адэліта», мастацкі кіраўнік – Уладзімір Лапцік, сола на віяланчэлі – Вера Сільвановіч. Сваю творчасць у гэты вечар віляйчанам падаравалі Алеся Высоцкая, Вікторыя Саванец і Вольга Бабурына.

Калі на сцэну выйшла Валянціна Цітовіч і пачала свой аповед пра «Рождественское чудо», здавалася, кожны яскрава прадстаўляў герояў расказу: дзеда Фаму, маладзенькую Таццянку і сляпога старца. Настолькі эмацыйным і пранікнёным было выкананне Валянціны Цітовіч. Вельмі душэўная і кранальная гісторыя, добрая і прыгожая, напоўненая духоўным сэнсам веры ў Божыя цуды. Бо на Раство Хрыстова кожная душа з трапятаннем чакае цудаў і радасці.

Сапраўднай нечаканасцю і выдатным творчым падарункам для віляйчан стаў выхад на сцэну ў фінальнай частцы святочнага канцэрта заслужанага калектыву – акадэмічнага хору Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Андрэя Саўрыцкага. Іх выкананне духоўных і свецкіх твораў гледачы суправаджалі працяглымі і шчырымі апладысментамі. Па заканчэнні святочнага канцэрту Епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел і старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец на правах ганаровых гасцей мерапрыемства павіншавалі віляйчан з Нараджэннем Хрыстовым і падзякавалі ўсім удзельнікам святочнага канцэрта за выступленне.

– Сёння быў вельмі ўзнёслы, духоўны вечар, калі царкоўныя і свецкія хары, вілейскія артысты і запрошаныя госці сваімі спевамі, музычнымі нумарамі і мастацкім чытаннем падаравалі сапраўдны святочны настрой кожнаму ў гэтай зале, – адзначыў старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец, дзякуючы усім артыстам і прыхаджанам.

– Адыходзіць Раство – свята на небе і на зямлі. Жадаю Божага блаславення ўсім віляйчанам і няхай Бог зберагае Вілейскі раён ва ўсіх яго шляхах, – пажадаў епіскап Павел.

Словы падзякі выказваліся прыхаджанам, усім, хто рыхтаваў і арганізоўваў канцэрт, калектывам Цэнтра эстэтычнага выхавання, Вілейскага Палаца культуры, словам кожнаму, хто дапамагаў і ствараў сапраўдны духоўны вечар радасці Нараджэння Хрыстова.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 31 queries