Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейке прошел концерт Национального академического народного хора Республики Беларусь имени Г.И. Цитовича

У сераду ў культурным жыцці Вілейшчыны адбылася значная падзея – чарговы раз душэўна і шчыра на сцэне Палаца культуры выступіў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. Канцэрт быў арганізаваны Цэнтрам эстэтычнага выхавання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна”.

«Хай песня і танец і гэта спатканне даруюць вам радасць, цяпло і любоў» – з такіх пажаданняў пачаўся канцэрт, прысвечаны памяці выдатных людзей, якіх не стала не так даўно – мастацкаму кіраўніку, народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, выдатнаму музыканту, прафесару Міхасю Паўлавічу Дрынеўскаму і настаяцелю храма прападобнай Марыі Егіпецкай у Вілейцы іераманаху Аляксандру Шмырко. Пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага Нацыянальны акадэмічны хор стаў высокапрафесійным калектывам, які атрымаў шырокую вядомасць у нашай краіне і за яе межамі. Ён унёс вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, чалавек з вялікай душой і шчырым сэрцам заўсёды знаходзіў хвіліну для кожнага з артыстаў. Увесь жар душы, усё сваё ўменне, вопыт, любоў ён аддаваў у працы з калектывам.

З айцом Аляксандрам Шмырко Міхася Дрынеўскага звязвала шматгадовае сяб­роўства. Амаль кожны год хор прымаў удзел у маштабным фестывалі «Свет Рождества Христова». Іх памяці быў прысвечаны твор – беларускі кант палескага распева «Святы Божа». У гэтыя светлыя велікодныя дні святочная праграма была насычана беларускімі народнымі песнямі і танцамі, інструментальнай музыкай, кампазіцыямі на ваенную тэматыку ў выкананні цудоўнага калектыву, якая завяршылася песняй «Многая лета», прысвечанай усім артыстам і прысутным.

Што азначае хор у Вашым жыцці? На такое пытанне адказалі ўдзельнікі хору, якія прысвяцілі яму не адзін дзясятак год:

Вячаслаў МІНАЛЬЧЫК, выконваючы абавязкі ма­стацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча:

– Сапраўды адказная справа лягла на мае плечы. Вельмі няпроста і адказна, бо Міхась Дрынеўскі славуты кіраўнік. Ён узнёс калектыў, народную творчасць. Узнёс прафесіянальна беларускую народную песню да такіх вяршынь, што зараз трэба трымаць гэту планку, каб калектыў адпавядаў свайму званню «нацыянальны». Калектыў падтрымаў мяне, і за гэта я ўсім удзячны.Чаму я ўзяўся за гэту справу? Перш за ўсе за тое, што лю­дзі згадзіліся і працуюць са мной. Няпроста і артыстам, і кіраўнікам на нашым «цэху», але ж знаходзім агульную мову і спрабуем працягнуць тую вялікую справу, якой Міхась Паўлавіч аддаў усё сваё жыццё. Я ўпэўнены, што яго справа будзе жыць вечна, як і песні, да якіх ён дакрануўся душой і сэрцам.

Васіль БРАІМ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст хору:

– Любоў да народнай песні прымусіла мяне змяніць эканамічную адукацыю на музычную. Хору я аддаў большую частку свайго жыцця. Для мяне сцэна заўсёды хвалюючая, асабліва, калі ўлічваць той факт, што першы мой канцэрт прайшоў у Вілейцы, калі я выступаў у хоры Анатоля Шагава. У мяне асаблівае стаўленне да вашага горада, так як у маладосці больш трох гадоў тут жыў і працаваў на заводзе «Зеніт». Пасля чаго доўгія гады займаўся педагагічнай працай. Трынаццаць маіх вучняў – салісты вядомых хораў нашай краіны, у тым ліку і нашага.

Юрый ПАЎЛІШЫН, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, галоўны балетмайстар:

– Я працаваў у многіх калектывах. Міхаіл Дрынеўскі 41 год таму прыняў мяне, з ім было вельмі добра працаваць. У першую чаргу, ён заўсёды думаў пра сваіх артыстаў, а потым пра сябе. Гэта чалавек з вялікай літары быў. Ніколі не было такога, што было нешта не гатова ці не зразумела, ён заўсёды ведаў, што робіць. Для мяне хор мае вялікае значэнне. Тут я вырас, як духоўна, так і прафесійна. Думаю, ён патрэбен і сучаснай моладзі: гэта народнае мастацтва, гэта ёсць пачатак усяго, беларускай нацыянальнай культуры. Доўгія гады мы збіралі матэрыял з бібліятэк, ездзілі па вёсках – вытокі ідуць з народа. Усе гэтыя рухі ў полечцы, мы іх удасканальваем і атрымліваем такую цікавую працу. Мы будзем працягваць традыцыі, нічога мяняць не будзем, будзем ісці так, як Міхаіл Паўлавіч думаў і планаваў зрабіць.

Наталля БАЗАРЭВІЧ, салістка хору:

– Хор – гэта ўсё маё жыццё. Калектыў, як адна сям’я. Прыйшла сюды яшчэ студэнткай. У мяне нара­дзіліся чацвёра дзяцей, гэта, напэўна, не ўсім дадзена такая магчымасць. Але Міхаіл Паўлавіч спакойна да гэтага ставіўся, быў нават рады. Ён быў у нейкай меры для мяне татам, цікавіўся і даваў каштоўныя парады. Заўсёды дзівілася яго матору, запалу і руху. Ён быў прыхільнікам жывой музыкі, не фанаграмы. У велікодны перыяд мы не можам сумаваць, ніхто не ведае, каму колькі адмерана. Сёння галоўнае для нас захаваць нашы традыцыі, каб усё гэта жыло.

Удзельнікі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча вельмі ўдзяч­ны вілейскай публіцы за ветлівую сустрэчу і цёплы прыём, за іх любоў і дабрыню. Іх гледачы заўсёды сустракаюць бурнымі апладысментамі. І гэтым разам была поўная гармонія залы і артыстаў. Шмат слоў падзякі было пачута пасля канцэрта ў адрас удзельнікаў хору і іх кіраўнікоў. Пажадаем удзельнікам знакамітага хору росквіту і поспехаў у іх творчай працы.

Вікторыя АПЯЦЁНАК/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries