Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

В Вилейке 2 июля, в день освобождения города, открыли Аллею почетных граждан

У дзень 75-годдзя вызвалення Вілейкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у нашым горадзе адкрылі алею Ганаровых грамадзян раёна.

Пачынаючы з 1999 года ўпершыню было ўручана званне Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна. З таго часу чатырнаццаці жыхарам нашага краю было нададзена гэта званне за значны ўнёсак у развіцце Вілейшчыны.

– Свята горада мы распачынаем тут, ля памятнага валуна ў гонар 400-годдзя Вілейкі, калі першы раз было ўручана ганаровае званне нашым жыхарам, – распачала імпрэзу вядучая мерапрыемства Таццяна Захарыч, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання. – Гэта наш гонар і слава.

Прыемна, што многія з ганаровых грамадзян непасрэдна прысутнічалі на адкрыцці алеі, а таксама прыйшлі на мерапрыемства родныя і блізкія тых, каго ўжо няма з намі.

– Аб гэтых людзях павінен ведаць кожны, хто жыве ці прыязджае ў наш раён. Для гэтага мы і зрабілі алею Ганаровых грамадзян, дзе разам з іх фотаздымкамі змешчана і апісанне іх заслуг, – адзначыў Алег Бегунец, старшыня Вілейскага райвыканкама, адкрываючы алею Ганаровых грамадзян. – Мы нізка кланяемся ўсім віляйчанам за іх паўсядзённую працу на карысць развіцця нашага раёна. А ў хуткім часе побач з алеяй Ганаровых грамадзян з’явіцца і алея Герояў Вялікай Айчыннай вайны і Сацыялістычнай працы, бо гэта наш гонар і даніна павагі гэтым людзям.

Ганаровыя грамадзяне Вілейскага раёна – гэта людзі, якія, акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці, актыўна прымалі ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Кожны з іх сваімі дасягненнямі здабываў славу і росквіт Вілейшчыне. Сярод іх ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі Вілейку, з’яўляліся ўдзельнікамі баявых дзеянняў, актыўна праводзілі патрыятычна-выхаваўчую работу пасля вайны – Міхаіл Львіцын, Іван Паўлаў, Ганна Андрэева, Анатоль Нікалаеў. У гэтым шэрагу выдатныя краязнаўцы, рэлігійныя дзеячы, партыйныя і грамадскія актывісты, працаўнікі нівы – Вадзім Булгак, Мікалай Шайко, Анатоль Драздоў, айцец Сімяон Мацюх, Анатоль Рогач.

– Вельмі складана падабраць словы ў такі хвалюючы момант, – падзялілася падчас выступлення Лідзія Драздова, старшыня Вілейскага раённага Савета старэйшын і ўдава Ганаровага грамадзяніна Вілейскага раёна Анатоля Драздова, былога дырэктара Вілейскай мэблевай фабрыкі. – Ужо адзінаццаць год, як няма разам з намі Анатоля Сяргеевіча. Вельмі прыемна, што памяць аб ім жыве не толькі сярод родных, але і ўсіх віляйчан. Мы ўдзячны адміністрацыі раёна за ўвекавечванне памяці ўсіх тых, хто сваёй працай здабываў на працягу многіх дзесяцігоддзяў славу і гонар вілейскай зямлі.

Сярод Ганаровых грамадзян тыя, хто сваёй дзейнасцю на ніве мастацтва, музыкі, грамадскай і гаспадарчай працы праслаўляюць сёння наш раён далёка за яго межамі. Залатымі літарамі ў гісторыі раёна напісаныя імёны Уладзіміра Слабодчыкава, Міхаіла Казінца, Барыса Цітовіча, Віктара Анікеенкі, Арнольда Партнова і іншых.

– Тое, што адбываецца сёння, вельмі важна для падрастаючага пакалення. Кожны з нас проста шчыра выконвае свой абавязак, – адзначыў Ганаровы грамадзянін раёна Барыс Цітовіч. – У гэтыя дні, калі наша краіна адзначае 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усім нам неабходна памятаць, што не заўжды быў мірны час. 75 год без вайны – гэта небывалы выпадак ў сусветнай гісторыі. І асабліва гэта адчуваем мы, пакаленне, чые дзяды ваявалі на франтах Першай сусветнай, а бацькі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўнае, каб маладое пакаленне памятала важную ісціну: «Хто плюе ў мінулае, той рызыкуе атрымаць выстрал з гарматы ў будучыні». Спадзяюся, што маладое пакаленне віляйчан і беларусаў ніколі не пазнаюць страшэннага сэнса слова «вайна».

Прыемна, што знайшоў час, каб прыехаць на сваю малую радзіму ў дзень горада і Уладзімір Слабодчыкаў, знакаміты беларускі скульптар.

– Мне вельмі ганарова быць сёння тут са сваімі землякамі. Вельмі многа талентаў на нашай зямлі, і гэтым трэба ганарыцца. Заўсёды выстаўляючыся ў замежжы, я абавязкова пішу пра тое, што нарадзіўся ў Даўгінаве Вілейскага раёна. І так робяць многія нашы землякі, тым самым праслаўляючы родную зямлю. Любіце свой край, бо ён – крыніца жыцця і моцы.

Сярод прысутных на святочнай імпрэзе былі ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна Арнольд Партноў, родныя Анатоля Рогача, а таксама ўнучка Ганны Андрэевай, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і заслужанага дзеяча адукацыі і культуры Вілейшчыны, Святлана Спадар.

– Вельмі прыемна, што мая бабуля з’яўляецца адной з першых, хто быў удастоены звання Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна, – падзялілася Святлана. – Цяпер, ужо дарослая, я разумею, які значны ўнёсак зрабілі мае бабуля і дзядуля ў вызваленне Вілейшчыны і пасляваеннае адраджэнне народнай гаспадаркі. Вялікі ўклад іх быў і ў патрыятычнае выхаванне і станаўленне маладога пакалення. Ганна Сямёнаўна заўсёды брала з сабой мяне на свята 9 мая, і я ішла побач з ёю ў калоне ветэранаў. Потым нас частавалі салдацкай кашай, смак якой памятаю і цяпер… А яшчэ бабуля нярэдка мне распавядала пра вайну. Больш за ўсё мне запомніўся выпадак пра яе вернага сябра белага каня Орліка, якога яна спецыяльна выпацкала брудам, каб ён не быў здалёк прыкметны, толькі б разам пайсці з ім на заданне. Але бруд высах і пачаў адвальвацца і былі сур’ёзныя разборы з камандаваннем, бо магло быць правалена заданне з-за гэтага. Але ўсё абышлося – і заданне было выканана.
Алея Ганаровых грамадзян Вілейскага раёна закладзена, і яна будзе заўжды сустракаць усіх жыхароў і гасцей горада, будзе напамінам нам – як трэба годна жыць на гэтай зямлі.

Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries