У мінулы аўторак адкрылася выстава, якая называецца «Origami omnibus» («Арыгамі для ўсіх») – у гонар адной з першых кніг на постсавецкай прасторы, прысвечаных гэтаму мастацтву. І адбылося гэта, як адзначыў дырэктар музея Сяргей Ганчар, у межах плённага супрацоўніцтва з цэнтрам эстэтычнага выхавання. Выставы па розных накірунках, якія неаднаразова ладзяцца тут, дадаў ён, – адзнака высокага эстэтычнага ўзроўню працы цэнтра. Прэзентавалі выставу па чарзе яго супрацоўнікі – Галіна Гуркіна, кіраўнік студыі «Домісолька», і Алена Шахрай, кіраўнік студыі арыгамі «Чароўны квадрат». А ля вытокаў студыі, якая існуе з часу заснавання цэнтра, стаяла Іна Занкевіч. З 1992 года пачаўся адлік яе знаёмства з гэтым вытанчаным японскім мастацтвам. Іна Занкевіч стварыла грунтоўную базу па арыгамі ў цэнтры эстэтычнага выхавання і неаднаразова ўдзельнічала ў выставах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Зараз яна працуе мастаком народнай студыі «Чароўны квадрат. Арыгамі».
Убачыць свой працяг у вучнях – мара кожнага педагога. І тое, што на выставе разам з работамі Іны Занкевіч і мінскага майстра Дзмітрыя Лысюка былі прадстаўлены работы Івана Барбука, выпускніка студыі, гаворыць пра яе ажыццяўленне. З мастацтвам арыгамі Іван пазнаёміўся ў студыі «Чароўны квадрат», калі яму было чатырнаццаць год. Прайшоў час. Малады чалавек скончыў школу, атрымаў вышэйшую эканамічную адукацыю. Але захапленне класічным арыгамі засталося. І зараз, калі Іван жыве і працуе ў Мінску, яно – перад усім. Пра гэта сведчаць вырабы, прадстаўленыя на выставе. Тэмы, якія пераважаюць, – фігуркі жывёл і птушак, фэнтэзі, ары-мініяцюра. Іван Барбук расказаў пра школы арыгамі і іх прадстаўнікоў, пра тонкасці праектавання мадэляў і віды тэхнік, у якіх яны выконваюцца. Праўда, прапанову аўтара разабраць адну з мадэляў гледачы не падтрымалі – не захацелі парушыць гармонію. Бо кожная работа – гэта квадрат паперы, які, дзякуючы адмысловай сістэме дакладна вывераных складак і ўменню аўтара, набывае зададзены сэнс і ажывае. Менавіта таму, насуперак звыкламу меркаванню, прафесійнае арыгамі – зусім не дзіцячае мастацтва. Тым больш што сярэдні ўзрост арыгамістаў – ад 35 год. Пачынаючы ад чатырох гадзін і заканчваючы суткамі, тыднямі і месяцамі – столькі часу патрабуюць работы, выкананыя ў гэтай адмысловай тэхніцы.
У арыгамі кожны – і аматары геаметрыі, і не толькі – знаходзіць сваё. Дарослы і дзіця, жанчына і мужчына. У гэтым упэўніліся тыя, хто прысутнічаў на адкрыцці выставы. Хочаце ўпэўніцца самі ў гэтым – прыходзьце ў выставачную залу. «Origami omnibus» будзе працаваць да 22 лютага. А 1 сакавіка ў Мінску, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, адкрыецца міжнародная выстава арыгамі. У ёй прымуць удзел ужо знаёмыя нам майстры – Іна Занкевіч, Іван Барбук і Дзмітрый Лысюк.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара










