Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Ужо каля 35 гадоў народны ансамбль «Весялінка» адраджае вілейскія традыцыйныя найгрышы

Напярэдадні Дня работнікаў культуры мы сустрэліся з адным са старэйшых
інструментальных калектываў Вілейшчыны – народным ансамблем «Весялінка» Вілейскага
Палаца культуры, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў збірае і папулярызуе вілейскую традыцыйную народную музыку.

“Весялінка” – састаў 1990-х
“Весялінка” – састаў 1990-х. Фота прадстаўлена Леанідам ГАЙЧУКОМ

 

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна кожнае вяселле і бяседы на вёсцы ды і ў горадзе вызначаліся самадзейнымі ансамблямі музыкаў, якія сваімі найгрышамі на цымбалах, скрыпцы, гармоніку ці баяне прымушалі гасцей пускацца ў скокі, забываючыся пра ўсе надзённыя клопаты і турботы. Кожная мясцовасць мела свайго гарманіста, цымбаліста і скрыпача, часцяком да якіх далучаліся тыя, хто граў на калатушцы ці бубне. Уся гэта багатая музычна-інструментальная спадчына нашага рэгіёна яшчэ ў далёкія 1985-я гады натхніла выдатнага дзеяча культуры Сяргея Трыдзенскага, які зусім нядаўна адышоў у вечнасць, на стварэнне ансамбля. Галоўнай задачай калектыву, які сабраў Сяргей Сяргеевіч, было занатаванне па вёсках у самадзейных музыкаў тых найгрышаў-басовак, вясковых вальсаў і кадрыляў, полек і шматлікіх іншых мелодый, што бытавалі спрадвеку ў нашай мясцовасці.

– Першым кіраўніком «Весялінкі» быў Багдан Габрыновіч, – расказвае нам гісторыю ансамбля яго цяперашні мастацкі кіраўнік Сяргей Ількевіч, які ўзначальвае калектыў каля дзесяці апошніх год. – Затым праз некалькі месяцаў кіраўніком ансамбля становіцца Міхаіл Карацяеў. У той час ансамбль дзейнічаў на базе Раённага Дома культуры. Сяргей Сяргеевіч разам са сваімі работнікамі актыўна пераязджаючы з вёскі ў вёску вышукваў самадзейных музыкаў і запісваў ад іх старадаўнія найгрышы. З часам архіўная скарбонка ансамбля папоўнілася дзясяткамі ўнікальных інструментальных твораў. «Весялінка» пачынае ўзбагачаць свой рэпертуар, да калектыву далучаюцца вакалісты, танцавальная група. На той час ў ансамблі выкарыстоўвалі такія інструменты, як цымбалы, скрыпка, кантрабас, дудка, бас-балалайка, баян, гітара, часцяком далучаліся шаргуны, на якіх граў сам Сяргей Трыдзенскі, бубен.

“Весялінка” зараз
“Весялінка” зараз. Фота прадстаўлена Вілейскім Палацам культуры

 

Такім чынам, пачынаючы з 1985 года, калектыў пачаў развівацца, ствараючы свой адметны, непаўторны рэпертуар. За гэтыя гады творчы шлях ансамбля перажываў розныя змены і ў складзе, і ў музычных накірунках. Але нязменным было заўжды тое, што часткай рэпертуару былі і застаюцца традыцыйныя вілейскія найгрышы, мелодыі, носьбітаў якіх ужо не сустрэнеш у нашых вёсках. Сёння «Весялінка» складаецца з чатырох музыкантаў: скрыпка – Ганна Патапава, баян – Уладзімір Версан, бас-гітара – Андрэй Каўзановіч і домбра, гітара – Сяргей Ількевіч. Ансамбль выкарыстоўвае той музычны матэрыял, які паспяхова перакладае ў выдатныя аўтарскія музычныя творы. Зараз калектыў працуе ў стылі фолк-мадэрн. Мастацкі кіраўнік Сяргей Ількевіч натхняе ўдзельнікаў на новыя ідэі, сам стварае музыку ў адметным стылі.

– Я памятаю тыя незабыўныя часы, калі мы маладымі ездзілі па вёсках, сустракаліся з нашымі вясковымі музыкамі, пераймалі ад іх рэпертуар, – узгадвае былыя гады адзін з першых удзельнікаў ансамбля, а цяпер вядомы і папулярны вілейскі спявак і музыкант Леанід Гайчук. – У той час з намі іграў на цымбалах Іван Валынец, які зараз калі-нікалі з’яўляецца на фальклорных канцэртах. Гэта былі гады апантанасці і поўнай аддачы таму, што мы рабілі.

– Кожны чацвер мы выязжалі на вёскі, – узгадвае былая скрыпачка «Весялінкі» Святлана Траццяк. – Наша задача была наведваць і даваць канцэрты ў тых вёсках, дзе не было Дома культуры – тое, што зараз робіць аўтаклуб. Мы выступалі на вялікіх раённых святах, ездзілі на конкурсы, за мяжу з афіцыйнымі дэлегацыямі.

Сяргей Ількевіч кажа, што ў наступны юбілейны для «Весялінкі» год ёсць ідэя сабраць разам тых музыкантаў, якія ў розныя часы гралі ў ансамблі. «Сабраць танцораў, вакалістаў – гэта будзе натуральна шыкоўны канцэрт, – разважае Сяргей. – А за гэтыя амаль трыццаць пяць год у калектыве выступалі ўсе тыя, хто быў у вытокаў культурнага жыцця нашага раёна, а таксама самыя лепшыя вілейскія музыканты, спевакі і харэографы сучаснасці: Уладзімір Прудніковіч, Валерый Цюшчакоў, Васіль Капцюг, Вячаслаў Дубовік, Валерый і Сяргей Скаражонкі, Міхаіл Ермаковіч, Аляксандр Беланіцкі, Іван Валынец, Юрый Касцюкевіч, Уладзімір Яцэвіч, Святлана Траццяк, Ірына Забаронак, Леанід Гайчук, Уладзімір Лукша, Наталля Якубоўская, Святлана Петрашэвіч, Таццяна Новікава, Сяргей Кузміч, Вікторыя Скуднова, Тэрэса Закрэўская і многія іншыя. Кожны з іх зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне ансамбля «Весялінка».

Сённяшні дзень паказвае, што такі ўнікальны калектыў не з’яўляецца нечым з мінулага стагоддзя. Гастрольная дзейнасць ансамбля, яго запатрабаванасць у якасці акампанементу сярод сучасных харэаграфічных калектываў, вакалістаў і харавых калектываў, паказвае, што такі ўніверсальны і мабыльны ансамбль зараз таксама на піку часу. Апрацоўка старадаўніх мелодый і іх сінтэз з сучаснымі музычнымі накірункамі дазваляе калектыву ажыццяўляць пераемнасць багатых музычных традыцый, перадаваць каларыт народнай музыкі і ствараць свой непаўторны стыль выканання, тым самым выклікаючы цікавасць да гэтай музыкі і ў маладога пакалення.

– Я хачу павіншаваць усіх сваіх калег з Днём работнікаў культуры і сказаць вялікі дзякуй за вашу працу. Калі кожны віляйчанін адпачывае – вы нястомна працуеце, дорачы людзям выдатны настрой і ўсмешкі. Жадаю усёй культуры Вілейшчыны і нашым ветэранам здароўя, задавальнення ад працы і шчырых апладысментаў.

Мы ж у сваю чаргу пажадаем «Весялінцы», каб кожны год у яе рэпертуары з’яўляліся ўсё новыя і новыя праграмы, якія ўдала спалучаліся б з традыцыйнай беларускай музычнай спадчынай Вілейшчыны.

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 146 queries