Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Унікальны музей Першай сусветнай вайны і паплечнікі гісторыі

Вілейскі раён багаты на гісторыка-культурную спадчыну, што стварае гонар нашай зямлі. Але галоўнае наша багацце – гэта адданыя сваёй радзіме людзі, якія штодня сціпла і ахвярна робяць сваю справу.

Зусім нядаўна прадстаўнікі дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду Першай сусветнай вайны «Крокі», што створаны па ініцыятыве віляйчан Барыса і Валянціны Цітовічаў і іх сына Данілы, пабывалі ў Вердэне. Гэта французскі горад, у якім створаны велічны музей Першай сусветнай вайны, бо менавіта Вердэн стаў сімвалам трагізму і гераічнасці Першай сусветнай вайны ў Францыі. Як і наша вёска Заброддзе Вілейскага раёна для Беларусі, што стала сімвалам увекавечвання памяці падзей Першай сусветнай, бо тут больш сарака гадоў намаганнямі сям’і Цітовічаў адраджаецца памяць пра герояў і падзеі той вайны. У французскім Вердэне размяшчаюцца ўнікальныя мемарыялы, пахаванні салдат Першай сусветнай, адноўленыя для паказу лініі ваенных умацаванняў і многае іншае. Але тут, у Вердэне, толькі праз 100 год пасля заканчэння вайны 1914-1918 гадоў сучасныя жыхары і яго кіраўніцтва даведаліся ад дэлегацыі прадстаўнікоў вілейскага дабрачыннага фонду, што выратаваннем свайго горада ў Першую сусветную, як і ўсёй Францыі, яны абавязаны беларускім землям і тым салдатам Рускай арміі, якія падчас наступальнай Нарацкай аперацыі коштам сотні тысяч ахвяр адцягнулі націск сіл праціўніка на сябе. Менавіта тут, на вілейска-мядзельскіх землях, вырашыўся лёс Францыі. І гэта не пафасныя словы – яно так было на самой справе.

Чаму мы пачалі з гэтай гісторыі. А таму, што ў пачатку гэтага года адбылося чарговае справаздачнае пасяджэнне фонду «Крокі», дзе сабраліся разам аднадумцы, краязнаўцы і проста неабыякавыя да гісторыі людзі. Яны падводзілі вынікі мінулага года і абмяркоўвалі планы на будучыню. Сярод іх шмат віляйчан, а таксама вядомых беларускіх дзеячаў культуры, тэлебачання, гістарычнай справы, навукоўцаў, ваенных і рэканструктараў. Калі казаць пра тую работу, якую правёў фонд «Крокі» толькі за адзін 2018 год – не хопіць аднаго нумара газеты, ужо не кажучы пра ўсё зробленае за апошнія дзесяцігоддзі. Толькі за перыяд мерапрыемстваў да 100-годдзя ад пачатку Першай сусветнай і да яе заканчэння з 2014 па 2018 фондам былі наладжаны адкрыцці новых помнікаў, адноўлены пахаванні салдат Першай сусветнай вайны, арганізаваны рэканструкцыі баёў, правядзенне тысячы экскурсій па музейнаму комплексу ў Заброддзі, удзел у міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і выставах, правядзенне маштабнага фестывалю «Званы памяці» напрыканцы мінулага года, словам усяго таго, што было ў адным рэчышчы з міжнароднай грамадскасцю 38-мі краін свету, у якіх годна была ўвекавечана памяць герояў і ахвяр глабальнай трагедыі пачатку ХХ стагоддзя. Вёска Заброддзе Вілейскага раёна стаіць на адным узроўні з замежнымі краінамі, дзе таксама ўвекавечваюць памяць тых герояў, дзе на ўроках мінулай гісторыі вучаць маладое пакаленне цаніць мір і быць патрыётамі.

Сябрамі фонду з небыцця вернуты тысячы забытых імёнаў салдат Першай сусветнай, адноўлены дзясяткі магіл і брацкіх пахаванняў не толькі ў Вілейскім, але і суседніх раёнах. Па ініцыятыве сяброў фонду, пры іх падтрымцы і непасрэдным удзеле выдаюцца кнігі па тэме забытай вайны, ствараюцца сцэнарыі і здымаюцца дакументальныя і мастацкія фільмы, ладзяцца маштабныя літаратурна-музычныя мерапрыемствы, ствараюцца цыклы перадач на радыё і тэлебачанні, арганізоўваюцца міжнароднага ўзроўню выставы, канферэнцыі і здзяйсняецца міжнацыянальнае супрацоўніцтва. Штогод фондам «Крокі» праводзіцца работа па такіх накірунках, як увекавечанне (мемарыялізацыя), музеефікацыя і навукова-пошуковая работа, асветніцкая праца, выдавецкая і выставачная дзейнасць, праводзяцца традыцыйна-каляндарныя памятныя мерапрыемствы, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. Узгадаем толькі такія значныя мерапрыемствы, як 9 мая – «Войны дзве — памяць адна», што збірае каля тысячы чалавек ў Заброддзі ўжо больш 34 гадоў. 11 лістапада ў Міжнародны Дзень прымірэння і памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны 10 год запар ладзяцца аўтапрабегі па месцах пахаванняў салдат Першай сусветнай вайны ў Вілейскім, Мядзельскім і Пастаўскім раёнах. Фондам «Крокі»арганізаваны і праведзены пры падтрымцы фонду «Памяць Афгана» і комплексу «Лінія Сталіна» сумесна з ваенна-гістарычнымі клубамі Беларусі, Расіі, Украіны за апошнія гады тры ваенна-гістарычныя рэканструкцыі баёў Першай сусветнай на тэрыторыі музейнага комплексу ў в. Заброддзе. У год адзначэння 100-годдзя вызвалення Вілейкі ад кайзераўскіх войскаў сябрамі фонду і раённай адміністрацыяй ўзведзены помнік брама-капліца пры ўваходзе на гарадскія могілкі па вуліцы 1 Мая ў Вілейцы, дзе пахаваны воіны, што загінулі пры вызваленні Вілейшчыны. На гранітных плітах ўвекавечаны імёны чатырох соцень воінаў, адшуканыя ў розных архівах.

З 2015 года вядзецца праца па пашырэнні экспазіцыі ў вёсцы Заброддзе па творчаму праекту «Эшалон», які ўяўляе сабой арт-аб’ект з чыгуначных вагонаў Першай сусветнай, напоўненых тэматычнымі кампазіцыямі: штабны, лазарэтны, салдацкая цяплушка, афіцэрскі сход, вагон-цір. У экстэр’еры прадстаўлены: паходная кухня ўзору 1915 года, германскія бліндажныя аркі і супрацьпяхотныя загароды, санітарная фурманка і паўнамерная мадэль самалёта «Таблойд-Сопвіч» (Англія) часоў Першай сусветнай вайны. Але Цітовічы ніколі не прэтэндуюць на ўласнасць гэтых аб’ектаў – усё належыць грамадскасці праз фонд «Крокі». Нават рыхтуючы гэты матэрыял, Барыс і Валянціна Цітовічы настойвалі абавязкова зрабіць хоць кароткі пералік тых арганізацый, якія ім дапамагаюць у стварэнні «Эшалона» і здзяйсненні агульнай справы ўвекавечвання гістарычнай памяці: Вілейскі райвыканкам, упраўленне капітальнага будаўніцтва Вілейскага раёна, Вілейскае ЖКГ, Вілейскі рамонтны завод, ДТСААФ, ДРБУ-162, ААТ «Нарачанскія зоры», «Камдор», ДБУ-13, ПМК-88, Вілейскі каледж, Вілейскі ўчастак дыстанцыйнага шляху, РАУС Вілейскага райвыканкама і Вілейскі РАНС, Вілейскі доследны лясгас, в/ч «Антэй», «Зеніт-БелОМА», іншыя ўстановы і прадпрыемствы горада і раёна.

Тысячы чалавек на год прымае Заброддзе, сотні замежных гасцей, турыстаў і гісторыкаў, дзясяткі высокапастаўленых дэлегацый. Вось толькі адна лічба – за 2018 год Заброддзе наведала больш 3500 чалавек з 15 краін свету. І гэта ўсё, у большай ступені, заўсёды кладзецца на плечы дваіх паплечнікаў – Барыса і Валянціны Цітовічаў, якія размянялі сёмы дзясятак. Так, з імі заўжды іх аднадумцы і памочнікі, але асноўны цяжар фізічнай і інтэлектуальнай, арганізацыйнай працы кладзецца на іх. Таму невыпадкова гэтых апантаных і самаахвярных людзей хвалюе пытанне: «А што будзе далей?»…

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 169 queries