Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Удзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Полацку сталі віляйчане

Актыўнымі ўдзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Полацку сталі віляйчане Віктар Кажура і Уладзімір Цанунін. Сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі, яны наведалі святочны Полацк у складзе дэлегацыі Мінскага абласнога аддязення СПБ, якое прэзентавала творчасць сваіх аўтараў на спецыяльна вызначанай пляцоўцы. Вядучымі творчай імпрэзы былі Віктар Кажура і Бажэна Ганушкіна, таксама ўраджэнка Вілейшчыны.

книга

Аб уражаннях мы папрасілі расказаць Уладзіміра Цануніна:

– Так, мае калегі і я чыталі ўласныя вершы, вядома ж, на беларускай мове. Творы, прысвечаныя Скарыне, мове, роднай старонцы, Беларусі. Я ж вырашыў дабавіць гумару: прачытаў свае гумарыстычныя вершы – слухачам спадабалася. Яшчэ давялося спрычыніцца да прэзентацыі цудоўнай кнігі, якая выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”, – “Сімфонія стагоддзяў”.

– А што гэта за кніга?

– Кніга-альбом серыі “Культурная спадчына Беларусі”, што выдаецца пры фінансавай падтрымцы Банка Развіцця РБ. Кніга расказвае, а мноства фотаздымкаў ілюструюць гісторыю Падзвіння – калыскі беларускай асветы. Пра Полацк і яго слаўных асоб: Еўфрасінню, Сімяона, Францыска Скарыну. Пяцікілаграмовы фаліянт змяшчае ўзорнае паліграфічнае выкананне, цікавы аповед на трох мовах, багатую ілюстрацыю. Шкада толькі, што кошт таксама “багаты” – 75 рублёў. Мне пашэнціла – “Сімфонію” мне, як аднаму з аўтараў, чые творы былі выкарыстаны пры выданні, падаравалі.

– Напэўна, на свяце пісьменства было шмат магчымасцей набыць цікавую кнігу? І, можа, нават танней, чым у крамах?

– Як мне падалося, кнігі прадавалі няшмат. Усё больш рамеснікі гандлявалі сваімі таварамі. І не толькі гандлявалі: праводізі міні-майстар-класы. Вельмі мне спадабалася, як вучыла лозапляценню майстрыха з Віцебску. Цікава было паназіраць і за чаканкай манет. Заўсёды з задавальненнем гляджу на кераміку, і на гэты раз набыў керамічны сувенір на памяць аб свяце пісьменства-2017.

– Які ж асноўны вынік для вас асабіста ад паездкі ў Полацк?

– Вядома, важна было прэзентаваць творчасць нашых аўтараў, саміх творцаў, а таксама іх кнігі. Гаварылі мы выключна на роднай мове, таму, сапраўды, зрабілі добры ўнёсак у правядзенне свята беларускага пісьменства. На жаль, з іншых пляцовак больш чулася руская мова.

Для мяне асабіста наведванне Полацка стала магчымасцю пагутарыць з калегамі, якіх паважаю і за творчасцю якіх уважліва сачу. Цікавыя сустрэчы – для мяне заўсёды галоўны вынік падобных свят.
Дададзім, што Уладзімір Цанунін атрымаў на свяце грамату СПБ “За паспяховую творчую дзейнасць і актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”.

Ірына ТРУБАЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries