Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У выставачнай зале краязнаўчага музея адбыліся «Калядныя вячоркі»

У гэтую святочную мітусню Каляд, 16 студзеня, дзяцей з сямей, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і ўдзельнікаў сямейнага клуба «Прамень Надзеі» (кіраўнік клуба – сацыяльны педагог Святлана Гарбузава) дзяржаўнай установы адукацыі «Вілейскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр», запрасілі на «Калядныя вячоркі» ў выставачную залу краязнаўчага музея.
У «Беларускай хаце» Надзея Аўдзей расказала дзецям і іх бацькам пра беларускае народнае жыллё і як яно будавалася, потым расказала ўвогуле пра Каляды, што і як на іх рыхтавалі, а пасля варажылі.

IMG_5139

– «Калядныя вячоркі» – гэта той перыяд, калі людзі рыхтаваліся і рабілі абярэгі. Замужнія жанчыны збіраліся ў адной хаце і працавалі, а мужчыны – ладзілі касцюмы для калядавання, – расказала Надзея Аўдзей, дырэктар краязнаўчага музея. – Гэты час, Піліпаўскі пост (яшчэ кажуць, што на Піліпаўку і воўк галодны), перад Мясаедам – быў самым цяжкім для людзей. Зараз у нас пачаўся ўжо Мясаед і зараз той перыяд, калі дзяўчаты варожаць. Варожаць маладыя дзяўчаты – на жаніха, на тое, будзе ён багаты альбо бедны, як будзе звацца і з якога боку прыйдзе. Як правіла,у замужжы жанчына ўжо не варажыла. Кожны дзень гэтага часу быў сакральным, усё атаясамлівалася за наступным годам: усё было арыентавана на тое, каб быў ураджай, а будзе ўраджай – будзе і хлеб, будзе хлеб – будзе багацце, а будзе багацце – значыць,усе будуць жыць шчасліва. Гэта той перыяд, калі на калядных ігрышчах моладзь заручалася, потым сустракаліся да кастрычніка, а там былі вяселлі. Гэты час – свайго роду пачатак, адыход таго, чаго змяніць ужо не можам, надзея на лепшае ў наступіўшым годзе.

IMG_5138

Пасля экскурсіі па «Беларускай хаце» і варажбы дзеткам прадэманстравалі невялікі відэафільм пра Каляды. А закончыліся вячоркі за сталом з гарбатай і салодкімі пачастункамі.

IMG_5143
Па словах Ірыны Рэут, намесніка дырэктара Вілейскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, «Калядныя вячоркі»прайшлі ў рамках раённай дабрачыннай акцыі «З добрым сэрцам у Новы год» і сталі апошнім мерапрыемствам у рамках яе. Усяго ўдзел у «Калядных вячорках» прыняло 12 сямей.

IMG_5156

Кацярына КАРПІК.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 130 queries