У выставачнай зале імя Н.Сілівановіча Вілейскага музея адбылося адкрыццё выставы прызнанага майстра аўтарскіх лялек Ганны Балаш.
Яна нарадзілася ў Мінску. Скончыла тэатральна-мастацкі інстытут. Працавала мастаком па касцюмах ў кінавытворчасці. Цяпер Ганна прызнаны майстар аўтарскіх лялек. Аддае перавагу сваёй майстэрні ў Мінску, але па неабходнасці працуе ў розных гарадах свету.
Кожная лялька ствараецца некалькі месяцаў, прычым, прадумваецца вельмі старанна. Мастак надзяляе сваё тварэнне не толькі яркай індывідуальнасцю, але і сэрцам у прамым сэнсе. Хай нават яно зроблена з тканіны або кардона, але яно абавязкова ёсць. Галовы лялек зробленыя з фарфору, і, вядома, лялька павінна быць апранутая ў сапраўдны касцюм. Тканіны для гэтых касцюмаў Ганна купляе за мяжой падчас выстаў. Прычым, стварэнне новай лялькі напрамую залежыць ад наяўнасці неабходных тканін. Кожная лялька Ганны Балаш асабліва індывідуальная і мае ўласнае незвычайнае імя. У дадзеным праекце лялькі Ганны Балаш дапоўнены рарытэтамі і антыкварыятам з калекцыі Вілейскага краязнаўчага музея.
Лялькі Ганны Балаш знаходзяцца ва ўсім свеце – у Англіі, Амерыцы, Францыі, яны жывуць ў Маскве, Таліне, Шанхаі, Мадрыдзе, Берліне…