Менавіта так – яркай бліскавіцай – высвецілася імя яшчэ аднаго таленавітага ўраджэнца нашага краю – паэта Пятра Малафея, які нарадзіўся і вырас у Куранцы, а затым жыў і працаваў у Літве. Ён рана пайшоў з жыцця, але засталіся творы паэта, па якіх можна меркаваць пра тое, якім ён быў чалавекам. А адкрыла нам імя земляка мясцовая паэтэса Клаўдзія Дубовік (на здымку), якая сабрала багаты матэрыял пра жыццё і творчасць Пятра Малафея і выпусціла зборнік яго твораў «Не трэба жыцця майго дзён пазалоты….» Гэта, па яе словах, нібыта запозненае “прабач” за калісьці не прачытаны ёю верш, які паэт дарыў у далёкім юнацтве. Днямі ў цэнтры эстэтычнага выхавання прайшла цікавая сустрэча, прысвечаная Пятру Малафею, на якой прысутнічала і выступіла сястра паэта, Аляксандра Міхайлаўна.
Адкрываючы мерапрыемства, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання і вядучая Таццяна Захарыч адзначыла, што адкрыццё творчасці яшчэ аднаго нашага таленавітага земляка ў Год малой радзімы – падзея знамянальная і яркая. І за гэта мы ўсе павінны падзякаваць нераўнадушнаму і творчаму чалавеку – Клаўдзіі Дубовік. Знамянальным было і тое, што на свята прыехалі юныя куранчане – фальклорны гурт «Дзіва», якім кіруе Наталля Дзік. Землякі паэта Малафея выканалі песні на роднай мове, за што гледачы ад усяго сэрца падзякавалі ім гарачымі апладысментамі.
Пра свае сустрэчы з Пятром Малафеем у маладыя гады расказала Клаўдзія Дубовік. Увесь багаты матэрыял, які яна сабрала, жанчына перадала ў гісторыка-краязнаўчы музей. Старшы навуковы супрацоўнік установы Вольга Коласава таксама прысутнічала на мерапрыемстве і выступіла перад прысутнымі.
Цікавым быў аповед сястры паэта пра брата. Сціплы хлапчук са шматдзетнай сям’і, Пятро,ўжо тады, школьнікам, пачаў пісаць вершы, першым слухачом якіх была Аляксандра. Так было і пазней, ужо ў дарослым жыцці.
На сустрэчы было шмат цікавых выступленняў. Прадстаўніца дружнай бібліятэкарскай сям’і раёна Наталля Шутава расказала пра тое, як працавалася над кнігай Клаўдзіі Дубовік; зямлячкі паэта Ала Жук і Ларыса Мількота, госці сустрэчы Людміла Шагава і Якаў Дрэер, настаўніца Куранецкай школы Алеся Шупенька дзяліліся сваімі ўражаннямі, гаварылі пра творчасць Малафея; Наталія Радзевіч, вядомы на Вілейшчыне чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, высока ацаніла творчасць і Пятра Малафея, і яго зямлячкі Клаўдзіі Дубовік, няўрымслівай і неабыякавай жанчыны… У гэты дзень гучала многа музыкі, у тым ліку былі і прэм’еры песень у выкананні любімага многімі калектыву «Элегія», што кранулі да глыбіні душы. Як літаральна да слёз усхвалявалі і выступленні Алены Сідарэвіч і Святланы Шпігун, якія цудоўна чыталі вершы паэта. Цікавай, надзвычайна хвалюючай і цёплай атрымалася сустрэча. Сустрэча з творчымі людзьмі Вілейшчыны, таленавітымі і нераўнадушнымі. І адкрыццё новага, пакуль малавядомага імені, што сапраўды ўспыхнула яркай бліскавіцай нашай агульнай памяці.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ