Надзвычайна хвалюючае мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня Перамогі ў цэнтры эстэтычнага выхаванння. Тут адбылася літаратурна-музычная праграма “ Ніколі не забудзем” для людзей розных пакаленняў – ветэранаў вайны і працы, моладзі, прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны. Звычайна такая ўрачыстасць была выязной і праводзілася ў Лясках. Сёлета ж па прапанове некаторых ветэранаў (яно і зразумела – узрост) сустрэча ўпершыню праходзіла ў сценах Цэнтра эстэтычнага выхавання і, на маю думку, атрымалася не менш маштабнай і хвалюючай.
Малалетнія вязні канцлагераў, члены клуба «Ветэран» Вілейскага Палаца культуры, людзі сярэдняга ўзросту, школьнікі – усе яны сабраліся ва ўтульнай зале, каб яшчэ раз прыгадаць тое, што выпала перажыць старэйшаму пакаленню ў той грозны час.
У зале была асаблівая атмасфера, якая настройвала кожнага з прысутных на адпаведны лад: гучала музыка ваеннага часу, са сцен на нас глядзелі здымкі фотавыставы «Хатынь: каб помнілі…» – сумеснага праекта Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў і рэдакцыі газеты «Мінская праўда» (аўтар большасці работ – фотакарэспандэнт Святлана Курэйчык), гучалі пранікнёныя словы, што бралі за жывое.
Прысутных цёпла вітала вядучая праграмы Таццяна Захарыч, дырэктар установы, што гасцінна ладзіла сустрэчу. А затым слова ўзяла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, якая выказала ветэранам нашу агульную падзяку за Вялікую Перамогу.
– Мы перамаглі, бо былі адной дружнай сям’ёй, – сказала Святлана Міхайлаўна і пажадала ветэранам моцнага здароўя, энергічнасці і доўгіх-доўгіх гадоў жыцця. Яны, жывыя сведкі тых падзей, – наша бясцэнная каштоўнасць, якую навінны цаніць і берагчы маладыя.
Родная Вілейшчына… Колькі выпала табе перажыць у тыя грозныя гады! Многа вёсачак знішчана, пяць – раздзялілі лёс Хатыні…
Если прямо сейчас замолчать и послушать,
То, возможно, сквозь шелест зелёных ветвей
Мы услышим, как плачут ушедшие души
В небесах из сгоревших в войну деревень…
З асаблівым пачуццём чытала гэтыя радкі з верша Ірыны Яненсон Таццяна Захарыч. Яны бралі за жывое, краналі самыя патаемныя струны душы. І ў кожнага з прысутных з’яўляліся свае асацыяцыі ад пачутага. А вось слёзы на вачах – агульнае, што нас у гэты дзень яднала.
Як заўсёды, усхвалявала выступленне Уладзіміра Цануніна.Слухаеш паэта і міжволі здзіўляешся, наколькі трапныя і простыя словы знаходзіць ён і наколькі вялікія пачуцці, глыбокі сэнс хаваюцца за імі! А вайна… Яна кранула і сям’ю Уладзіміра Яфімавіча: яго бацька быў на фронце ад яе пачатку і да заканчэння. І ўсю вайну ён пісаў лісты жонцы, а тая яму адказвала. Пра тую кранальную гісторыю сын-паэт напісаў верш, які прагучаў і ў час сустрэчы. Вершаў і песень у гэты дзень было многа. Былі і прэм’еры песень, якія выконваў ужо даўно і высока ацэнены гледачамі калектыў аўтарскай песні «Элегія». Кожны твор – букет пачуццяў і эмоцый, кожны твор – асобны міні-аповед пра боль, мужнасць, каханне, патрыятызм.
У час сустрэчы было нямала цікавых выступленняў. З падзячнымі словамі да ветэранаў звярталася моладзь – першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Чарняўская, вучні сярэдняй школы №3 і гімназіі №2; пра сваю новую кнігу «Несупынная плынь жыцця» расказала яе аўтар Антаніна Гарчакова, непаўнагадовы вязень канцлагера; шчыра і цёпла віншавала прысутных старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Ганна Шэпелева, назваўшы Дзень Перамогі самым важным, святым днём у жыцці кожнага чалавека.
Былі і асаблівыя моманты сустрэчы. Адзін з іх – сумеснае выкананне гледачамі і артыстамі песень ваенных гадоў. З першых акордаў падхоплівалі іх ветэраны і моладзь, і гэта радуе. «Эх, дороги», «Темная ночь», «Бьется в тесной печурке огонь», «Синий платочек» – гэтыя і іншыя кожнаму знаёмыя песні спявалі хорам. Спявалі ад душы, стройна, і для гэтага не патрабавалася ніякіх рэпетыцый. Каля ж загучала «галоўная» песня – «День Победы», сэрцу стала цесна ў грудзях…
А затым прысутныя за салодкім сталом частаваліся прысмакамі, якія былі прадастаўлены мясцовымі хлебным і малочным прадпрыемствамі. І не было канца ўспамінам, віншаванням, падзячным словам арганізатарам сустрэчы – калектыву Цэнтра эстэтычнага выхавання і яго кіраўніку Таццяне Захарыч, мясцовай уладзе, артыстам і ўсім тым, хто памятае подзвіг ветэранаў і ўдзячны за яго. Сустрэча ў цэнтры стала дастойным пачаткам святкавання Дня Перамогі, якое разгарнулася на Вілейшчыне 9 мая.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА