Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім Палацы культуры адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 100-годдзю з дня абвяшчэння БССР

15 студзеня ў Вілейскім Палацы культуры адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 100-годдзю з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Прысутных на святкаванні векавога юбілею дзяржавы прывітала старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар, адзначыўшы той факт, што з БССР звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай краіны, эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння, а таксама ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства.

У фае Палаца культуры ўдзельнікаў мерапрыемства сустракала навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава, якая правяла экскурсію па арганізаванай выставе, што дала магчымасць наведвальнікам перанесціся ў даваенную і пасляваенную гісторыю Вілейшчыны часоў БССР.

– 1 студзеня 1919 года ў Смаленску I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі была прынята рэзалюцыя аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, – адзначыла, адкрываючы ўрачысты вечар старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Чабатар. – У далейшым пад уплывам ваеннай абстаноўкі маладая рэспубліка не раз мяняла межы, губляла і зноў набывала тэрыторыі, але на палітычнай карце яна заставалася самастойным суб’ектам. Гісторыя нашай дзяржаўнасці звязаная з савецкім перыядам – з нараджэннем БССР Беларусь упершыню здабыла законны палітычны і юрыдычны статус».

Вядучыя вечара Андрэй Дударчык і Іна Крышкоўская «акуналі» кожнага прысутнага ў эпоху і распавялі пра кожны гістарычны перыяд развіцця БССР. Сцэнарый мерапрыемства быў пабудаваны такім чынам, што кожны аповед суправаджаўся і кадрамі старой фота- і кінахронікі,цікавымі расказамі пра падзеі на Вілейшчыне, і творчымі нумарамі. Узгадвалі ў гэты вечар і віляйчан – Герояў Савецкага Саюзу, бо БССР была першай, хто прыняў на сябе ўдар ворага. Вялікая Айчынная вайна, якую вёў савецкі народ супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была самай жорсткай у гісторыі краіны. Менавіта таму дата 3 ліпеня, калі сіламі Чырвонай Арміі Беларусь была вызвалена, стала нашым галоўным нацыянальным святам, а ўсе мы не забудзем ніколі, што свабода дасталася цаной неверагоднай ахвярнасці. Словамі падзякі ўзгадвалі на святочным мерапрыемстве і пасляваенныя пакаленні, якія аднавілі рэспубліку з попелу і заклалі аснову нашага развіцця. У 1960-я, 70-я, 80-я гады краіна і Вілейшчына дынамічна развівалася, і галоўная заслуга ў гэтым працавітага беларускага народа. Таму асобнымі словамі адзначаліся і нашыя Героі Сацыялістычнай працы, што праслаўлялі Вілейшчыну сваёй адданай працай.

– У тым, што краіна і наш вілейскі край будуць і ў далейшым дынамічна развівацца, ні ў каго не выклікае сумнення, – адзначыла ў сваім выступленні Алена Чабатар. – Залогам гэтага з’яўляюцца людзі, якія ўмеюць сумленна працаваць. Мы радуемся таксама і за нашу моладзь, якая імкнецца да ведаў, актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна, вобласці і краіны, рыхтуецца ўзяць на сябе адказнасць за будучыню дзяржавы. Дазвольце ад імя выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў падзякаваць за добрасумленную працу рабочым, аграрыям, інжынерам, будаўнікам, лекарам і педагогам, артыстам і спартсменам, навучэнцам, кіраўнікам, усім, хто сваёй працай стварае нашаму рэгіёну аўтарытэт і славу.

Напрыканцы вечара, вядучыя выказалі шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемства, а гэта: Вілейскі краязнаўчы музей і асабіста Вольга Коласава, Валянціна Цітовіч, Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» і асабіста Таццяна Захарыч, Алеся Высоцкая, Казімір Талстыка, танцавальны калектыў «Новые горизонты» гімназіі №1 «Логас» (кіраўнік Таццяна Пешкур), Народны калектыў аўтарскай песні «Імпэт» (кіраўнік Галіна Кутас), Алена Саўрук, Аляксандра Лапацкая, Народныя калектывы Палаца культуры «Весялінка» (кіраўнік Сяргей Ількевіч), «Суквецце» (кіраўнік Святлана Траццяк), «Любанія» (кіраўнік Андрэй Дударчык) і асабліва рэжысёр мерапрыемства Алена Холадава. Сваім талентам кожны з іх таксама стварае гонар і славу нашага краю.

– Жадаем нашай краіне росквіту, усім жыхарам роднай Вілейшчыны моцнага здароўя, шчасця і ўпэўненасці ў заўтрашнім дне, – такімі словамі завяршылі святочнае мерапрыемства.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота Веранікі ШАБЕЛЬНАЙ

 

 

 

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 146 queries