Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа загучаў арган

Прэзентацыя ўнікальнага музычнага інструмента адбылася ў нядзелю , 25 лістапада. Адначасова са святкаваннем 15 гадовага юбілею касцёльнага хору “ANGELI“( “Анёлы”).

орган в Вилейке

Арган – звыклы атрыбут каталіцкага храма. Звыклы, але неабавязковы. Аб чым сведчыць прыклад Вілейскага касцёла. Калісьці службы тут адбываліся ў суправаджэнні фізгармоніі, якая ў часы ваяўнічага атэізму паспяхова перажыла дэмантаж, пэўна, па прычыне сваёй незапатрабаванасці. Іншыя гукі напаўнялі тады сцены зачыненага храма. Пасля рэстаўрацыі яго ў канцэртную залу ўпершыню паўстала пытанне аб аргане як неабходнай частцы таго духоўнага фону, што пачаў панаваць у адноўленым для свайго другога жыцця касцёле. Пасля работ, ажыццёўленых рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, храм атрымаў назву Дома мастацтваў. Першым і адзіным яго кіраўніком была Валянціна Цітовіч. Там штотыднёва праходзілі філарманічныя канцэрты, гучалі музычныя інструменты рознага кшталту. Відавочна жаданне творчага чалавека, а Валянціна Пятроўна – з такіх, мець у сценах галоўны атрыбут духоўнага інтэр’еру, уласцівага ўстановам падобнага тыпу. За прыкладамі доўга хадзіць не мела сэнсу. У тыя яшчэ «савецкія» часы людзі з ахвотаю наведвалі ў Рызе Домскі сабор, слухалі канцэрты арганнай музыкі. Нешта падобнае планавалася здзейсніць і ў нашай сціплай правінцыйнай Вілейцы. Колішні загадчык аддзела культуры райвыканкама Крысціна Шымакоўская ўспамінае, што на арган мясцовыя ўлады ўжо выдзелілі сродкі, і інструмент быў заказаны ў Чэхаславакіі, у фірме, што спецыялізавалася на выпуску падобнай прадукцыі. Здавалася, адзін крок заставаўся да ажыццяўлення мары, якая мелася дабавіць каларытны штрых у біяграфію вілейскага храма. Дарэчы, Дом мастацтваў праз кароткі час быў вернуты вернікам-католікам. Людской воляй здзейснілася вышэйшая справядлівасць, наканаваная Нябёсамі.

В Вилейке зазвучал орган

Перабудова пацягнула за сабой рознага роду ператрусы. Вокамгненна тая ж Чэхаславакія распалася на дзве незалежныя дзяржавы, на месцы падзелу якіх і згубіўся след таго мройнага аргана – нерэалізаванай мары віляйчан. Толькі цяпер яна стала яваю. І аб гэтым заявіў у нядзелю на прэзентацыі гэтага ўнікальнага музычнага інструмента ксёндз- дзекан Аляксандр Барыла:

– Думка пра арган даўно валодала парафіянамі. Падчас літургій нам даводзілася карыстацца так званымі не профільнымі інструментамі, не традыцыйнымі для каталіцкага храма. Набыццю аргана папярэднічала вялікая праца. І мы свядома пайшлі на яе. Парафія ўдзельнічала ў зборы сродкаў. Імёны фундатараў занатаваны ў гісторыі храма. І мы будзем маліцца за іх падчас нашых літургій. Гук аргана – сімвал песні, якую мы дорым Пану Богу. Божа, благаславі гэты арган!..

Устаноўлены насупраць алтара Пана Езуса электронны інструмент загучаў пасля акраплення яго святой вадой. Прэзентацыю аргана правеў сам ксёндз Аляксандр Барыла. Гукі сапраўды незямной, сапраўды Боскай музыкі агучылі сцены, які столькі ператрусаў пабачылі за дзесяцігоддзі свайго існавання. Але выстаялі, захавалі сябе ў імкненні падарыць чалавечым душам святло ісціны, падараваць вечнасць тым, хто варты Божай міласэрнасці.

Своеасаблівы малітоўны каларыт надаў арган гучанню хору «анёлаў», які ўгодкі свайго нараджэння датасаваў да падзеі прэзентацыі. Нязменны кіраўнік песеннага калектыву Ганна Аўсейчык – чалавек, які, згодна слоў ксяндза Аляксандра Барылы, укладае ў працу і душу сваю, і сэрца: «Хор – гэта яе жыццё, яе трапяткое дзіцятка, якое яна адорвае любоўю сваёй і ласкай». Аб тым, што гэта так, што калектыў выпеставаны і ўскалыханы любоўю – Боскай і чалавечай – засведчыў юбілейны канцэрт-малітва.

У своеасаблівай прадмове да выступлення Ганна Аўсейчык нагадала асноўныя этапы станаўлення хору анёлаў. Усяго некалькі месяцаў прайшло ад першай рэпетыцыі да раздрукоўкі першага спеўніка. Тады ён налічваў некалькі дзясяткаў песень. Сёння ў рэпертуары калектыву больш за пяцьсот песенных твораў. Яны гучалі падчас імшаў і шматлікіх касцёльных святаў не толькі ў сценах Вілейскага касцёла. «Анёлаў» слухалі на еўхарыстычным кангрэсе ў Маладзечне, у Мінскай катэдры, у санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, у свецкіх установах. Хор меў некалькі гастрольных тураў па Германіі і прадстаўляў там не толькі малітоўную, але і беларускую народную песню.

У калектыва – напоўненае жыццё: экскурсіі, наведванне выстаў, знаёмства з айчынным тэатральным мастацтвам. Як сведчыць кіраўнік хору, для таго, каб трапіць сюды, кастынгаў не праходзяць. Бярэцца пад увагу толькі жаданне дзяліцца тым, што табе падараваў Бог. Дзяліцца шчыра, самааддана, з цярпеннем і верай.

Не важна, кім мы сталі, чаго дасягнулі, важна, як любілі. Бо кожную хвіліну перад намі выстаўлена альтэрнатыва: з дабром ці са злом. Бог цярпліва чакае нашага рашэння. Слухаючы малітоўны спеў-малітву, пераконваешся, што вілейскія «Анёлы» здзейснілі свой выбар.

Марыя РАМАНАВА.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries