Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейцы пройдзе III фестываль «Светлае Слова»

Значная культурная падзея – раённы літаратурна-музычны фестываль “Светлае слова” – распачынае сваю працу з 11 верасня.

Фестываль будзе праходзіць ужо ў трэці раз. На працягу месяца вілейскага гледача чакаюць шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Мы сустрэліся з мастацкім кіраўніком фестывалю, дырэктарам Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна” Таццянай ЗАХАРЫЧ, каб з першых вуснаў даведацца пра тое, што проста неабходна наведаць на фестывалі кожнаму віляйчаніну.

– Таццяна Мікалаеўна, фестываль адбудзецца ўжо ў трэці раз. Чым ён будзе адметны на гэты раз?

– Безумоўна, вопыт правядзення ёсць, і мы яго аналізуем, каб прыўнесці штосьці новае, актуальнае, прыдатнае да сённяшняга моманту. Аднак, зазначу, нязменнай застаецца галоўная мэта фестывалю – папулярызацыя роднага слова. Што ёсць слова? Гэта цэлы сусвет: бо ў большай частцы праз слова мы судакранаемся з нашай гісторыяй і культурай, толькі праз яго спасцігаем навуку, пашыраем свой кругагляд, толькі праз яго кантактуем у грамадстве. Мова і маўленне. Культура маўлення ў сучасным моманце: варварызмы, засілле слэнгу, спрашчэнне маўлення. І тут жа – значнасць мастацкага слова, якое кранае струны душы. Пра ўсе гэтыя аспекты мы будзем гаварыць на самых розных мерапрыемствах фестывалю.

Яшчэ адзін акцэнт – шырокае прыцягненне сям’і да ўдзелу ва ўсіх імпрэзах. Бо ўсё пачынаецца з сям’і: тут закладваюцца маральныя арыенціры, тут вызначаюцца адносіны да ўсяго – і да слова, і маўлення таксама. І яшчэ адзін момант – больш цеснае супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой.

– А ў конкурснай праграме мастацкага чытання штосьці мянялі?

– Конкурс – важная частка фестывалю. Прыём заявак ужо абвешчаны і працягнецца да 10 верасня. І мы назіраем, што вялікую цікавасць да яго праяўляюць на гэты раз сельскія школы, дашкольныя ўстановы. Зазначым: ў заяўках ужо не проста чытанне, а часта з’яўляюцца элементы тэатралізацыі. Такое міні-прадстаўленне. І гэта вельмі цешыць. Што мы змянілі, дык гэта падыход да тэматыкі вершаў. Мы не абмяжоўвалі ўдзельнікаў тэматычна – таму выбар вельмі шырокі: ад лірыкі да патрыятычных вершаў. Зазначым, што па традыцыі запланавалі для ўдзельнікаў конкурсу майстар-клас ад членаў журы. Хто ў ім будзе? Хай гэта пакуль застанецца інтрыгай.

– Праграма, а я ўжо яе бачыла, вельмі насычаная. Хацелася б ад Вас пачуць, што Вы раіце паглядзець і дзе паўдзельнічаць?

– Спадзяюся, як мы і запланавалі разам з аргкамітэтам і творчай групай праекта, што атрымаюцца цікавымі і насычанымі праграмы на адкрыццё і закрыццё фестывалю, якія адбудуцца ў раённым Палацы культуры. Раю паглядзець тэатральную пастаноўку “Еўфрасіння – радасць” Мінскага Камернага драматычнага тэатра, наведаць шмат цікавых мерапрыемстваў, якія прапануюць усім жадаючым Вілейская раённая бібліятэка імя Ганны Новік, Цэнтр эстэтычнага выхавання, Вілейскі краязнаўчы музей, Дом рамёстваў. А яшчэ паслухаць выступленні гасцей фестывалю – музычных калектываў ДУА “Дзіцячай школы мастацтваў”, ДУ “Вілейскі Палац культуры”, устаноў адукацыі.

Завітайце на прэзентацыю выстаў «Славутыя пісьменнікі Беларусі” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з удзелам навуковых супрацоўнікаў гэтых устаноў. Яны будуць прысвечаны юбілейным датам Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Ніла Гілевіча, творчаму шляху Янкі Купалы. Аднак жа і пра сваіх, родных, паэтаў мы не забываем. Наведайце выставу, якая з’явілася вынікам арт-альянсу фотамастака Міхася Куляша і паэта-віляйчаніна Уладзіміра Цануніна “У аб’ектыве – родныя мясціны”. Як заўжды эмацыянальнай і адметнай будзе культурна-асветніцкая праграма Валянціны Цітовіч “Паэты і пісьменнікі-удзельнікі Першай сусветнай вайны”, якая пройдзе у вёсцы Заброддзе. Паглядзець праграму фестывалю на кожны тыдзень можна на сайтах устаноў культуры.

А ўвогуле мы прапаноўваем чытачам пайсці доследным шляхам – паглядзець як мага больш нашых імпрэз, каб самостойна зрабіць высновы. А яшчэ для таго, каб дома разам з дзецьмі абмеркаваць усё ўбачанае і пачутае на фестывалі.

Карыстаючыся магчымасцю, шчыра дзякую кіраўнікам і супрацоўнікам устаноў культуры і адукацыі, грамадскім таварыствам, мецэнатам, арганізацыям і прадпрыемствам за сумесную працу па падрыхтоўцы гэтага маштабнага свята слова.

Ірына ТРУБАЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 144 queries