Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У творах – малая радзіма

У пачатку гэтага года ўбачыла свет чарговая кніга віляйчанкі Клаўдзіі Дубовік «Фальварак Багданава – тут жыве сама гісторыя».

Малая радзіма. У кожнага з нас яна свая. Гэта мілае сэрцу месца, дзе нарадзіўся; бацькоўская хата; людзі, сярод якіх жывеш; да болю знаёмая вуліца і яшчэ многа іншых важных складаемых, якія мы называем малой радзімай. Бягуць гады, аддаляючы нас ад самай шчаслівай і бесклапотнай пары – дзяцінства, а ўсё, што звязана з малой радзімай, становіцца ўсё даражэйшым. Усё часцей ловіш сябе на тым, што кожны, нават самы няўлоўны, напамін пра месца, дзе нарадзіўся, і людзей, з якімі рос, выклікаюць цёплы настальгічна-светлы сум. І такі ён прыгожы, гэты сум…

У пачатку гэтага года ўбачыла свет чарговая кніга віляйчанкі Клаўдзіі Дубовік «Фальварак Багданава – тут жыве сама гісторыя». У ёй сабраны творы пісьменніцы пра яе малую радзіму – Багданава, а таксама публікацыі іншых аўтараў пра родныя мясціны пісьменніцы. Клаўдзіі Іванаўне пашчасціла нарадзіцца і вырасці ў надзвычайна прыгожым куточку Вілейшчыны з багатай гісторыяй. Вядома, што, пачынаючы з XVI стагоддзя, тут быў фальварак. На мясцовых могілках захаваліся яшчэ пліты, датаваныя аж 1836 годам. Хамінскія, Залескія, Контрым, Свіды – гэта прозвішчы родаў, якія жылі ў далёкія часы ў Багданаве. Ды і пазней у гісторыі гэтага населенага пункта было вельмі многа цікавых падзей, якія павінны захавацца.

Ужо ў далёкім 2008 годзе пачала Клаўдзія Дубовік адраджаць гістарычнае месца: разам з аднавяскоўцамі прывялі ў парадак панскія стаўкі, пабудавалі масток, альтанку, абсадзілі прыгожымі елачкамі ўязную алею. Для чаго гэта рабілася? «Я пакрысе пачала асэнсоўваць сваю ролю на гэтай зямлі , – напісала ў прадмове да сваёй новай кнігі Клаўдзія Дубовік, – якая стала мне роднай і любай назаўсёды, як родная матуля… Менавіта ў Год малой радзімы цвёрда вырашыла: неабходна сабраць усе матэрыялы пра фальварак Багданава, якія прайшлі ў друку. Гэта, лічу, абавязкова спатрэбіцца новаму пакаленню – гісторыкам і краязнаўцам».

…Лічы, у шаснаццатым стагоддзі,
Адкуль Багданава паходзіць,
Мяняліся гаспадары,
Ды багацелі іх двары.
Спачатку быў спадар Хамінскі,
Затым жа Крыштофар Бядрыцкі,
Падсудак віленскі – Залескі,
І зноў жа продкаў род Хамінскіх,
Уласнасць Ігнація Контрыма.
У Вільні сын вучыўся, жыў,
Па часе тым асветнік быў.

Гэта радкі з паэмы Клаўдзіі Дубовік «Фальварак Багданава». Чытаеш твор і разумееш, як аўтар любіць сваю бацькаўшчыну, як беражліва збірае і захоўвае ўсё тое, што звязана з мінуўшчынай гэтага краю.

Цікавыя гістарычныя звесткі пра малую радзіму прывяла пісьменніца і ў артыкуле «Фальварак Багданава». Клаўдзія Іванаўна тут прыгадала пасляваенны перыяд, калі ў Багданаве існаваў дом-інтэрнат для дзяцей-сірот, на месцы якога пазней была адкрыта школа-інтэрнат. Што датычыць гістарычнай часткі гэтых мясцін – фальварка, то ён быў разбураны. І толькі прырода зберагла сваё непаўторнае хараство – прыгожую алею, сажалкі, якія пастараліся захаваць Клаўдзія Дубовік і яе аднавяскоўцы.

У новай кнізе пісьменніцы ёсць цёплыя артыкулы пра яе матулю – Аляксандру Іванаўну Сургучову, якая ў гады вайны добраахвотна пайшла на фронт, дайшла да Кенігсберга і мела ўзнагароды. Тут ёсць матэрыялы пра дзяцей, аднавяскоўцаў, сяброў аўтара. Прыемна, што зборнік змяшчае многа фотаздымкаў, аўтарам якіх з’яўляецца сама Клаўдзія Іванаўна, чалавек творчы, шматгранны.

Даць другое жыццё маленечкім вёсачкам, паўзабытым і ўжо нешматлюдным – гэта вельмі важна. У кожнай з вёсачак – свая багатая гісторыя, і кожны з гэтых населеных пунктаў – нечая маленькая радзіма. Як важна, каб кожны з нас пастараўся зрабіць нешта добрае і вельмі важнае для захавання бацькаўшчыны. Як гэта робіць на працягу многіх гадоў Клаўдзія Дубовік.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 51 queries