Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У сярэдняй школе № 3 адкрыўся клас імя Івана Іосіфавіча Лашуткі

Надзвычайна цікавае, цёплае і знакавае для Года культуры мерапрыемства прайшло ў мінулую суботу ў сярэдняй школе № 3, дзе ў свой час Іван Іосіфавіч Лашутка працаваў – у рамках праекта «Незабыўныя імёны Вілейшчыны» тут адкрыўся клас імя выдатнага паэта. Сабраны багаты матэрыял пра Івана Іосіфавіча – яго літаратурную і прафесійную дзейнасць, асабістае жыццё, бацькаўшчыну. Шматлікія стэнды з гэтага часу будуць упрыгожваць сцены класа, ствараць у ім, як мне здаецца, асаблівую аўру творчасці, любові і натхнення.

Мерапрыемства пачалося ў класе, дзе сабраліся ўсе тыя, каму неабыякавая творчасць Івана Лашуткі. Гучалі творы паэта і радкі, прысвечаныя яму, цёплыя словы віншаванняў прымалі родныя паэта (прыемна было бачыць яго жонку Веру Уладзіміраўну, дзяцей Лілію і Міхаіла), госці дзяліліся ўспамінамі пра Івана Іосіфавіча… «Ён праз усё жыццё нёс адказнасць чалавека, высокі прафесіяналізм настаўніка і духоўную падтрымку людзям». Так сказаў пра паэта рэжысёр і акцёр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алег Вінярскі, адзін з вядучых гэтай цудоўнай праграмы і даўні сябра паэта. І гэта сапраўды так – трыадзінства чалавека, настаўніка і паэта сфарміравала Івана Лашутку такім, якім мы яго ведаем.

А затым мерапрыемства перамясцілася ў школьную актавую залу, дзе кожны з прысутных атрымаў магчымасць яшчэ раз ацаніць спадчыну паэта, датыкнуцца сэрцам да яго пранікнёна-хвалюючай творчасці. Як заўсёды, на вышыні былі вядучыя – дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч і Алег Вінярскі. Таццяна Мікалаеўна – вучаніца Івана Лашуткі, можна сказаць, адна з захавальнікаў яго спадчыны. Трэба толькі падзякаваць ёй за велізарную работу, якую правяла яна разам з роднымі, сябрамі, калегамі паэта, рыхтуючы гэту цудоўную праграму.

Мне падалося, што ў гэты дзень кожны з выступаючых на сцэне пастараўся асабліва. І народны калектыў аўтарскай песні «Элегія» цэнтра эстэтычнага выхавання (мастацкі кіраўнік Таццяна Захарыч); і артысты Палаца культуры Алеся Высоцкая, Усевалад Шкадзінскі, Аляксандр Высоцкі, Уладзімір Науменкаў, Леанід Гайчук; і хлопцы са студыі мастацкага чытання «Ветразь» гімназіі № 2, якімі кіруе Мікалай Іваненка; і харэаграфічны ансамбль танца «Карагод» гімназіі № 2 (кіраўнік Ірына Новік); і ўсе-усе, хто выходзіў на сцэну. Асабліва кранула, што радкі свайго вядомага прадзядулі хораша чытала вучаніца трэцяй школы Паліна Твярдоўская, праўнучка паэта…

Усхвалявала і запомнілася ўсё. Думаю, гэта могуць пацвердзіць усе, хто быў на мерапрыемстве. Прагучала і самая, калі можна сказаць, галоўная песня паэта, напісаная ім у садружнасці з Аляксандрам Высоцкім – «Край верасоў». Кампазітар сам выканаў яе. Кажуць, толькі за адзін гэты твор паэта можна было адносіць да беларускай класікі. А ў яго вунь колькі такіх цудоўных, напісаных сэрцам, вершаў!

Завяршылася праграма цёплымі словамі пра паэта, удзячнасцю яму, яго блізкім, арганізатарам праекта за патрэбную справу па ўвекавечанні памяці нашых таленавітых землякоў. І адзін з іх – Іван Іосіфавіч Лашутка. Цікава і пранікнёна гаварылі пра яго намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Святлана Дзяруга, благачынны царкоўнай акругі, настаяцель храма Прападобнай Марыі Егіпецкай, іераманах Аляксандр Шмырко, карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Людміла Мітаковіч, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Карнаухава, былая калега паэта Таццяна Глушонак, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, зяць паэта Сяргей Карпушын, колішні вучань Лашуткі, а зараз дырэктар дзяржаўнага каледжа, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Ігар Кіцікаў, дырэктар сярэдняй школы № 3 Мікалай Гіро…

Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries