Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У рэпертуары ансамбля «Элегія» звыш 90 песень

– Наш калектыў быў створаны ў 1999 годзе. Ён некалькі змяніўся, але ў апошні час пастаянны састаў захоўваецца, – распавядае Таццяна Мікалаеўна і называе імёны, добра вядомыя прыхільнікам «Элегіі»: – музычны кіраўнік Уладзімір Лапцік, душа калектыву Людміла Алеолава, аўтар і выканаўца Уладзімір Цанунін, гукарэжысёр Аляксей Сяліцкі, Валянціна Цітовіч, якая заварожвае мастацкім чытаннем. У творчым тандэме з намі працуюць паэты. У першую чаргу хочацца ўзгадаць Івана Лашутку. На жаль, гэтага выдатнага, таленавітага чалавека ўжо няма з намі, але нагадаю, менавіта з яго паэзіі бярэ вытокі наша творчасць. З намі супрацоўнічаюць Віктар Кажура, Клаўдзія Дубовік, Сяргей Паўлоўскі, Таццяна Цвяткова, Аляксандра Лапацкая. Цудоўныя пастаноўкі харэаграфічных нумароў ладзяць Ірына Новік і Ірына Сідарэвіч. У мінулыя гады ўдзельнікамі калектыву былі Уладзімір Балбачан, Уладзімір Старадуб, Сяргей Верамееў, маладыя аўтары і выканаўцы Наталля Піваварэвіч, Эмілія Брацук, Андрэй Баўтрукевіч.
Дэбют «Элегіі» адбыўся на беларускім тэлебачанні ў праграме, прысвечанай творчасці Івана Лашуткі. Затым значнай падзеяй на пачатку станаўлення ансамбля стаў Віцебскі фестываль аўтарскай песні «Лицедейство старого города», дзе калектыў і яго ўдзельнікі атрымалі дыпломы лаўрэатаў ва ўсіх намінацыях. У 2003 годзе калектыву было нададзена званне «народны», а праз шэсць год аўтары-выканаўцы былі запрошаны ў Беларускі Саюз музычных дзеячаў.
– Нашы песні і вершы неаднаразова гучалі на беларускім радыё і тэлебачанні, друкаваліся ў раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах і часопісах, нотных і паэтычных зборніках Мінскага народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца», – словы Таццяны Захарыч нельга ўспрымаць як нейкую хвальбу. Гэта – канкрэтныя доказы таго, што калектыў сапраўды народны, і нясе гэта высокае званне заслужана і горда. Таму кожны год прыносіць Таццяне Захарыч і яе аднадумцам усё новыя і новыя перамогі ў фестывалях, конкурсах і турзлётах розных узроўняў – ад абласнога да міжнароднага. Удзельнікі калектыву – лаўрэаты і дыпламанты такіх мерапрыемстваў, як «Витебский листопад», «Петербургский аккорд», «Бардаўская восень», «Калядная зорка», «Вялікая Бард-рыбалка-2011» і шматлікіх іншых.
У рэпертуары ансамбля звыш 90 песень на ўласныя тэксты і музыку, а таксама – на вершы вядомых беларускіх паэтаў.
– Тэматыка нашых песень разнастайная, – канстатуе Таццяна Мікалаеўна. – У першую чаргу, гэта – песні пра Вілейку і духоўнай накіраванасці. Мы вельмі добра супрацоўнічаем з беларускай праваслаўнай царквой. Увогуле, наша культура заснавана на духоўных традыцыях, на нацыянальных каштоўнасцях, якія мы і павінны папулярызаваць. У рэпертуары «Элегіі» ёсць месца і лірычным, і сацыяльным, і гумарыстычным песням, і канешне ж, рамансу і шансону.
Калектывам запісана чатыры музыкальныя дыскі. Канцэрт-прэзентацыя апошняга «Іду са словам да людзей», прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння Івана Лашуткі, распачаў праект «Незабыўныя імёны Вілейшчыны». Праект мае працяг, і ў рамках яго 30 мая ў Палацы культуры прэзентуюць новы дыск, які носіць лірычную назву «На востраве душы». Гэта шырокамаштабнае мерапрыемства, у якім прымуць удзел не толькі вілейскія выканаўцы, але і знакамітыя госці.
Упершыню Вілейку наведае вядомы паэт, аўтар песень да конкурсу «Дзіцячае Еўрабачанне» Васіль Жуковіч. Прыедзе паэтэса і публіцыст Людміла Рублеўская, загадчыца аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава, кіраўнік Мінскага абласнога клуба кампазітараў і паэтаў Ірына Карнавухава. Выдавецтва «Каўчэг», прадставіць яго дырэктар Уладзімір Кузьмін. Запрошаны таксама добра знаёмыя вілейскай публіцы паэты Навум Гальпяровіч і Аліна Легастаева, песні на вершы каторых ўвайшлі ў новы дыск. Правядзе канцэрт у Вілейцы артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі.
Дыск «На востраве душы» – гэта разнастайныя сцяжынкі чалавечага жыцця, мелодыі веры, надзеі і кахання. І напэўна, кожны, хто прыйдзе на канцэрт, у хвалях чароўнай музыкі знойдзе свае ноткі-кроплі, якія ўскалыхнуць яго востраў душы.
Марына ПУЦЭЙКА,
фота прадстаўлена Таццянай Захарыч

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 169 queries