У культурным жыцці Вілейшчыны нядаўна адбылася значная падзея. У рамках праекта «Рэгіёны», які распачаты Дяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, у раённым Палацы культуры прайшло цікавае мерапрыемства з удзелам дачок вядомага беларускага драматурга Аркадзя Маўзона – Святланай Дубялір і Марынай Маўзон. Арганізатарамі мерапрыемства сталі цэнтр эстэтычнага выхавання школьнікаў і гарадская бібліятэка. Мерапрыемства складалася з дзвюх частак – выставы работ старэйшай дачкі Святланы Аркадзьеўны ў фае гарадской бібліятэкі і з сустрэчы ў чытальнай зале, дзе размова ўжо ішла пра самога драматурга, гісторыю напісання твораў, яго сям’ю.
Сустракаючыся з творчымі людзьмі, кожны раз міжволі задаешся пытаннем: што дае штуршок для адкрыцця ў сабе таленту? У кожнага бывае па-свойму. А вось у Святланы Дубялір атрымалася так.
– Я тры гады працавала пасля пенсіі, – расказвае Святлана Аркадзьеўна. – Неяк адна знаёмая паўшчувала, маўляў, хопіць ужо працаваць, трэба ж і адпачыць. Я тады ў адказ: «А што тады рабіць, вышываць?
Так яна, што называецца, прадказала сабе далейшае жыццё. Спачатку звярнулася да мужа-мастака, каб ён намаляваў ёй прыгожую карціну, якую перанесла на тканіну і вышыла. Атрымалася добра. Далей стала працаваць ужо самастойна: і малявала, і пераносіла на тканіну, і вышывала…
За 12 гадоў працы Святлана Аркадзьеўна стварыла 68 цудоўных работ, якія выстаўляліся не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Канадзе, ЗША. Яе вышыўка гладдзю шоўкам адметная, непаўторная і надзвычайна прыгожая. Майстрыха аддае перавагу чорнаму фону, на якім, як сама адзначае, шоўк выглядае па-асабліваму, «іграе». «Недзе на поўдні», «Восень», «Парыж», «Калядная казка», «Лебядзіная вернасць», «Наяда», «Ціхая затока»… Кожная карціна – і высокамастацкі твор, і бачанне свету і падзей аўтарам, і сведчанне багатых уяўлення і фантазіі, здольнасць дакладна перадаваць тое, чаго не бачыў на свае вочы (а гэта рысы, якімі валодае сапраўды творчы чалавек).
У віляйчан, хто прыйшоў на выставу, было нямала пытанняў да Святланы Аркадзьеўны, на якія яна адказала падрабязна і з гумарам. А затым мерапрыемства перамясцілася ў чытальную залу. І гаворка пайшла пра вядомага драматурга Аркадзя Маўзона.
– Хочацца не толькі пагаварыць пра творчасць гэтага чалавека, але і яшчэ раз адчуць асалоду ад мілагучнага беларускага слова, – сказала, адкрываючы другую частку мерапрыемства, дырэктар цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяна Захарыч.
Галоўны бібліятэкар Наталля Каскевіч зрабіла агляд выставы творчасці драматурга «Чалавек і час», нагадаўшы, што ім напісана 11 п’ес, зняты тры кінафільмы па сцэнарыях яго работ. «Канстанцін Заслонаў», «У ціхім завулку», «У бітве вялікай”, «Твой светлы шлях», «Пад адным небам», «Дарога праз ноч» – гэтыя і іншыя творы Аркадзя Маўзона вядомы шырокаму колу чытачоў. А вось пра тое, якім ён быў чалавекам, прысутным у зале расказала дачка драматурга Марына Аркадзьеўна. Яна паказала рэдкія сямейныя фотаздымкі, дакументы бацькі, а яшчэ пракаменціравала створаны ёю відэафільм пра Аркадзя Маўзона.
А яшчэ ў гэты дзень гучала цудоўная музыка – выступалі артысты з народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» раённага Палаца культуры, свае вершы чытаў Уладзімір Цанунін.
Дзякуючы дочкам беларускага драматурга за цудоўнае мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч адзначыла, што яго б не было, каб не творчыя людзі Вілейшчыны, якіх у нас многа. Важна, каб як мага болей невядомых старонак гісторыі адкрылася моладзі і каб кожны з юных памятаў пра свае карані.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара





