Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У раённай бібліятэцы прайшла сустрэча Барыса Манцэвіча з прыхільнікамі яго мастацтва

Імя Барыса Манцэвіча ведаюць не толькі прыхільнікі яго мастацтва, але і значная колькасць нашых чытачоў. І не здарма, знакаміты сучасны пісьменнік калісьці працаваў тут намеснікам галоўнага рэдактара. Наогул, цікавы і складаны лёс напаткаў творцу. Нарадзіўся Барыс Флоравіч у 1933 годзе. На пачатку вайны фашысты расстралялі бацьку, і маці засталася адна с пяццю дзецьмі. Пасля вайны ў 1957 годзе Барыс Манцэвіч закончыў аддзяленне журналістыкі, а ў 1965-м – Мінскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў у газеце «За Совецкую Радзіму» («Шлях Перамогі»), Вілейскім гаркаме партыі, Бярэзінскай газеце «Сцяг Леніна» («Бярэзінская панарама»). З 1958 года Барыс Флоравіч з’яўляецца членам Беларускага Саюза журналістаў. Нельга не адзначыць і яшчэ адзін факт з жыцця пісьменніка – добраахвотна  ўдзельнічаў у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Чытальная зала цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік. Незвычайны дзень. Сёння тут сабраліся нашы землякі-пісьменнікі, літаратуразнаўцы, краязнаўцы і проста добрыя сябры і прыхільнікі творчасці пісьменніка людзі. Сярод іх Наталія Радзевіч, Ганна Шэпелева, Сяргей Ганчар, Клаўдзія Дубовік, Аляксандр Высоцкі, Уладзімір Цанунін, Віктар Кажура, Зінаіда Крупская і іншыя – усіх і не пералічаш, вельмі шмат людзей прыйшло на гэта літаратурнае свята.
За апошнія паўгода выдадзены чатыры кнігі Барыса Флоравіча. Напярэдадні новага года адбылася прэзентацыя зборніка вершаў «Эстафета». У гэты раз гутарка шла аб наступных кнігах: «Перажытае і мінулае», «І смех, і грэх», «Партызанскі доктар у нямецкім шпіталі».
Дасканалае знаёмства з кнігай «Перажытае і мінулае» правяла для ўдзельнікаў сустрэчы супрацоўніца бібліятэкі Яніна Гуліцкая. Жанчына таксама звярнула нашу ўвагу на незвычайную вокладку, якая нібы зроблена с фотаздымкаў, зачытвала асобныя радкі.
Старшы супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музея Вольга Коласава расказала аб ваеннай драме «Партызанскі доктар у ваенным шпіталі». Вольга Аляксандраўна здзівілася, чаму некаторыя думаюць, што імя знакамітага на Вілейчшыне доктара Волаха лічуць адноўленным на старонках гэтага рамана. «Гэта не зусім так, – распавядае старшы навуковы супрацоўнік. – Я ўпэунена, что прозвішча Волаха шырока вядома сярод жыхароў нашага горада, асабліва сярод больш старэйшага пакалення. Калісьці мой тата ляжаў з ім у адной палаце. У той час мы і пазнаёміліся больш блізка, сябравалі. Можна сказаць, што я бачыла, з кім Іван Волах размаўляе ў апошнія гады свайго жыцця. Драма напісана вельмі цікава. Мы павінны зберагчы памяць аб такіх людзях».
Пра наступную кнігу «І смех, і грэх» распавядала супрацоўнік бібліятэкі Наталля Каскевіч. Жанчына зачытвала асобныя радкі, у зале ўсе ўсміхаліся, жартавалі. Нават старшыня Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч прызналася, што і сама дома прачытала гэты сатырычны зборнік вершаў адным разам. «Я неяк і не заўважыла, як праляцеў час. Так лёгка, весела і цікава было чытаць вершы Барыса Флоравіча», – расказвала Наталія Аляксандраўна.
Уладзімір Цанунін таксама завітаў на сустрэчу да свайго калегі і сябры. Прачытаў і свае вершы. А таксама падзякаваў бібліятэцы за тое, што дапамагае мясцовым пісьменнікам выпускаць у свет творы. Віктар Кажура шчыра прызнаўся, что лічыць сябе шчаслівым чалавекам за тое, што лёс узнагародзіў яго знаёмствам з такім чалавекам. Успомніў гумарны верш пісьменніка «Роздум у санаторнай ванне», які калісьці быў надрукаваны на старонках раённай газеты. Тады Віктару Кажуры хацелася напісаць верш у адказ, але не надрукавалі. Таму ён прагучаў на гэтай святочнай сустрэчы – госці не шкадавалі далоняў.
Антаніна Гарчакова расказала, што сябруе з Барысам Флоравічам ужо шмат год. «Свет, які стварае Барыс Манцэвіч у мастацтве – шматгранны. Кожны яго твор вучыць нечаму і нас, і моладзь, – дзялілася сваімі ўражаннямі аб творчасці пісьменніка жанчына. – Яго кнігі – узор працавітасці і патрабавання да сябе. Барыс Флоравіч вельмі добра спявае, а яшчэ ён валанцёр». Для тых, хто ранней не чуў, было сапраўдным сюрпрызам, калі пісьменнік заспяваў. Мілагучна, зычна, кожнае слова, нібы страла, пранзала сэрца, кранала душу. Так прыемна было слухаць, а колькі дабрыні, пяшчоты і ласкі было ў яго спевах… Зінаіда Крупская вельмі была ўдзячна пісьменніку за тое, што ён апублікаваў перапіскі з Ганнай Новік. Гэтыя пісьмы дапамаглі з другога боку больш дасканала пазнаёміцца з лёсам гэтай знакамітай жанчыны. «Барыс Манцэвіч як рухавік, ён нас штурхае ўперад», – распавядала вілейская пісьменніца Клаўдзія Дубовіч.
Ганна Шэпелева шчыра падзякавала Барысу Флоравічу за ўвесь той вялікі ўклад, што ўнёс пісьменнік у культуру Вілейшчыны. Сяргей Ганчар падтрымаў усе добрыя словы, якія былі сказаны ў адрас пісьменніка, і дадаў ад сябе, што для яго Барыс Манцэвіч – жывая энцыклапедыя: заўсёды да яго можна звярнуцца з любым пытаннем. Аляксандр Высоцкі звярнуўся з такой прапановай: прыходзіць на заняткі да дзяцей, каб тыя з большай ахвотай вывучалі літаратуру нашага краю. Анатолій Капцюг высока ацаніў адзін с апошніх твораў пісьменніка «Партызанскі доктар у нямецкім шпіталі», і нават, жартуючы, пракаментаваў: «Спасибо, не ожидал». Сам Анатолій Капцюг таксама зачытаў свае вершы – публіка засталася задаволеная. Людміла Пукела, якая таксма знайшла сваё месца ў літаратурным свеце, выказала, што з вялікім захапленнем прыйшла на сустрэчу творцаў: «Я, нават, разгубілася, калі Барыс Флоравіч патэлефанаваў мне і запрасіў. Здавалася, хто я, а хто ён? Але, як паказала жыццё, гэта вельмі сціплы, просты і добры чалавек».
Сустрэча праляцела як адно імгненне. Атмасфера цеплыні, пяшчотнасці і дабрыні напаўняла нашы сэрцы. Ганаруся, што жыву з такім таленавітым чалавекам у адзін час, на адной зямлі.
Анастасія ЛЕАНОВІЧ.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 128 queries