Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У Мінскай духоўнай акадэміі адбылася II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Соцыум і хрысціянства»

27 студзеня бягучага года ў Мінскай духоўнай акадэміі адбылася ІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Соцыум і хрысціянства», у якой удзельнічалі навукоўцы з Беларусі, Расіі, Грузіі і Польшчы. Арганізатарамі навуковага форуму выступілі Мінская духоўная акадэмія, эканамічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Еўрапейская даследчая асацыяцыя «Oikonomos», Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля». На пленарным пасяджэнні былі прадстаўлены чатыры даклады, сярод якіх і даклад «Сацыяльна-эканамічныя праблемы грамадства праз прызму хрысціянскіх каштоўнасцей: педагагічны ракурс» Мікалая Іваненкі, намесніка дырэктара Вілейскай гімназіі № 2 па вучэбнай рабоце. У ім уздымаюцца актуальныя пытанні сямейнага і школьнага выхавання, расказваецца пра назапашаны гімназіяй № 2 вопыт. З аўтарам даклада адбылася наступная гутарка.

– Мікалай Міхайлавіч, чаму свой даклад Вы пачынаеце словамі з сачынення пяцікласніка: «Наша Зямля такая маленькая, але на ёй ёсць усё для шчасця…»?

– Гэтыя словы ўражваюць не столькі дзіцячай мудрасцю аб магчымасці райскага існавання, колькі прынцыпова новым планетарным поглядам. Для дзяцей сярэдзіны мінулага стагоддзя планета Зямля была яшчэ вельмі вялікай. А сёння мы можам назіраць, як па меры «росту» чалавека зямны шар «памяншаецца». Зямля становіцца ўсё больш безабароннай перад тым, для каго на ёй Богам створана ўсё для шчасця. Бяздумная, а лепш сказаць бяздушная «гаспадарлівасць» прывяла нашу цывілізацыю да экалагічнага тупіка: на першы план выходзіць ужо не дабрабыт, а элементарнае выжыванне.

Сёння чалавецтва сутыкаецца з масай глабальных праблем: палітычных, экалагічных, рэсурсавых, дэмаграфічных, сацыяльна-эканамічных і многіх іншых. Пра гэтыя праблемы даволі часта вядуцца размовы як сярод простых людзей, так і на самых высокіх дзяржаўных і міжнародных узроўнях. Але пры гэтым рэдка можна пачуць разважанні аб сапраўдных прычынах такога катастрафічнага стану. А прычыны ў бездухоўнасці чалавека.

– Атрымліваецца, што духоўна-маральны стан чалавека ўплывае на ўсе сферы яго жыццядзейнасці?

– Кожная праблема, ад самай маленькай і нязначнай да самай глабальнай, выводзіць нас на так званы «чалавечы фактар». А галоўным сярод шматлікіх складнікаў, якімі характарызуецца гэты тэрмін, заўсёды быў і будзе духоўна-маральны стан чалавека, абумоўлены яго светапоглядам. Існуюць дзве асноўныя светапоглядныя платформы – рэлігійная і атэістычная. Першая выводзіць розум на ўзровень вечнасці, дае чалавеку веру, надзею і любоў. Другая абмяжоўвае часовасцю існавання і прагматычна дыктуе эгаістычнае «жыві для сябе». Нельга не пагадзіцца з народнай мудрасцю, якая сцвярджае, што «праблемы сучаснасці не ў тым, што мы не можам накарміць бедных, а ў тым, што багатыя ніяк не наядуцца». Сапраўды, чалавек без правільнай жыццёвай каштоўнаснай арыентацыі ніколі не зможа нават часткова адмовіцца ад матэрыяльных выгод і “падарункаў” цывілізацыі.

– Усебаковае развіццё і выхаванне маладога пакалення – першасная задача нашай сістэмы адукацыі. Якая работа вядзецца ў гэтым накірунку?

– На базе Вілейскай гімназіі № 2 многія гады ажыццяўляюцца праекты ў статусе інавацыйнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўзаемадзеянні сям’і і школы, па духоўна-асветніцкай дзейнасці, накіраваныя на сцвярджэнне хрысціянскіх каштоўнасцей і адраджэнне сямейных традыцый нашага народа. У гімназіі працуе раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, у якім сабрана вялікая колькасць спецыяльнай і дзіцячай літаратуры, відэа- і аўдыяматэрыялаў, метадычных распрацовак, праграм, сцэнарыяў, вучэбна-метадычных комплексаў. Аформлены этнакуток, збіраюцца матэрыялы для музея этнаграфіі і фальклору, адраджаюцца народныя рамёствы, праводзяцца майстар-класы па народнаму танцу і спевах. Працуе музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Нядаўна пачаў працаваць раённы рэсурсны цэнтр па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Рэалізуюцца шматлікія даследчыя, дабрачынныя і творчыя праекты, праводзіцца работа па адраджэнні народнага лялечнага мастацтва, традыцыйнага касцюма Вілейскага строю. Мінскім інстытутам развіцця адукацыі выпушчаны зборнік матэрыялаў «Духоўна-маральныя асновы падрыхтоўкі вучняў да сямейнага жыцця» з вопыту работы нашай гімназіі. Падрыхтаваны цыклы лекцый і практычных заняткаў, якія праводзяцца для настаўнікаў на курсах павышэння кваліфікацыі; арганізуюцца лекторыі і гутаркі для бацькоў і вучняў.

– Такім чынам, настаўніцкая грамадскасць робіць усё магчымае для станоўчага ўплыву на дзяцей і падлеткаў.

– Так, але, як паказвае жыццё, праблемы застаюцца. Ні для каго не сакрэт, што школа па сіле выхаваўчага ўздзеяння стаіць далёка не на першым месцы. Перад ёй – сям’я, сродкі масавай інфармацыі (інтэрнэт) і сацыяльнае акружэнне. Вялікую ролю ў справе выхавання адыгрывае Царква. Сама яе наяўнасць у населеным пункце аказвае станоўчы ўплыў на жыхароў. Але царкоўнае выхаванне можа быць дзейсным толькі для тых, хто прыходзіць у храмы. Вельмі разумным мне падаецца рашэнне аб’яднаць намаганні Царквы і школы, бо ў гэтым спалучэнні і першая, і другая ў разы павялічваюць свой выхаваўчы патэнцыял. Калі ж гаварыць пра сацыяльны асяродак, то ён амаль цалкам фарміруецца пад уплывам СМІ і асабліва інтэрнэту з яго сацыяльнымі сеткамі.

– Мікалай Міхайлавіч, нягледзечы на намаганні шматлікіх выхаваўчых інстытутаў, сям’я застаецца асновай выхавання. Вы згодны?

– Канешне, менавіта сям’я дае падмурак для далейшага ўспрымання ці адвяржэння тых прапаноў, якія будуць зыходзіць ад школы, Царквы, грамадскасці… На адраджэнне сямейных традыцый, аздараўленне сям’і і ўзнаўленне яе патэнцыялу сёння павінны быць скіраваны асноўныя намаганні. Дзеля гэтага нам патрэбна ўспрымаць сям’ю як цэласную структуру, дзе бацька і маці, у адпаведнасці са сваім адвечным поларалявым прызначэннем, у роўнай адказнасці выконваюць свае абавязкі. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на ролю бацькі ў сучаснай сям’і, бо яна прыніжаецца ці наўмысна замоўчваецца. Лічу, што асновы сямейнага жыцця на прынцыпах хрысціянскай маралі павінны выкладацца ў сучаснай школе не пазней як з сёмага класа і да выпуску. Для гэтага трэба рыхтаваць спецыялістаў, пісаць і ўдасканальваць праграмы, выдаваць метадычныя дапаможнікі і падручнікі. І ў плане фарміравання асобы гэта быў бы галоўны школьны прадмет. Хвалюючыся за мірнае жыццё на зямлі, за паляпшэнне сацыяльна-эканамічных і культурных умоў, за правы чалавека, мы не павінны забываць аб прыярытэце рэлігійных каштоўнасцей. Паважаючы светапоглядны выбар людзей, трэба старацца выхоўваць нашых дзяцей на высокай маралі хрысціянства, каб яны вырасталі дбайнымі гаспадарамі на сваёй зямлі.

– Дзякуй за гутарку і за Вашу неабыякавасць у справе выхавання падрастаючага пакалення.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Падрабязна з матэрыяламі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце Мінскай духоўнай акадэміі: http://minda.by.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 41 queries