Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся культурна-асветніцкі праект “Драма Першай сусветнай”, прысвечаны 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны

У галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся культурна-асветніцкі праект “Драма Першай сусветнай”, прысвечаны 100-годдзю з пачатку Першай сусветнай вайны.

Першая сусветная вайна суправаджалася велізарнымі ахвярамі і засталася адной з самых драматычных падзей ХХ стагоддзя. Толькі Беларусь страціла ў ёй каля паўтара мільёна чалавек. Мноства вайскоўцаў і мірных жыхароў засталіся калекамі. Вялікая колькасць нашых суайчыннікаў была змушана падацца на чужыну.
100 год мінула з пачатку трагедыі сусветнага маштабу. Вялікая колькасць мемуараў, кніг, даследаванняў напісана аб гэтай катастрофе. Каля 500 навуковых і навукова-папулярных выданняў з фонду Нацыянальнай бібліятэкі, што прысвечаны тэме Першай сусветнай вайны: перадгісторыі, пачатку і ходу сусветнай катастрофы былі прадстаўлены на выстаўцы “Драма Першай сусветнай”. Акрамя кніг экспазіцыя змяшчала арыгінальныя паштоўкі з калекцыі вядомага ў Беларусі філакартыста, лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава, які расказаў не толькі пра сваю калекцыю, але і пра кнігу з серыі “У пошуках страчанага” – “Беларусь праз фотааб’ектыў нямецкага салдата. 1915-1918”.
Праграма культурна-асветніцкага праекта таксама ўключала прэзентацыі 2 кніг выдавецтва “Беларусь”. Гэта кніга Валянціны Бялявінай “Беларусь в годы Первой мировой войны» (2013) і выданне Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь “Беларусь в годы Первой мировой войны. Документы» (2014).
Усе тры выданні аб’ядноўвае агульная тэма і багатая наяўнасць фотадакументаў, што маюць вялікую гістарычную каштоўнасць і эмацыянальную значнасць.
Аб гэтай сусветнай трагедыі, захаванні памяці пра герояў і ахвяры Вялікай вайны, стварэнні Музея Першай сусветнай вайны ў Беларусі распавядалі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрый Яцэвіч, старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” з вёскі Заброддзе Вілейскага раёна, вядучы і журналіст Вячаслаў Бандарэнка і намеснік старшыні праўлення фонду “Крокі”, галоўны стваральнік музея – мастак, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Барыс Цітовіч.
Барыс Барысавіч расказаў аб дзейнасці дабрачыннага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі”, створанага на базе грамадскага музея ў в.Заброддзе Вілейскага раёна, у справе ўвекавечвання памяці загінуўшых воінаў, аб падрыхтаванасці фонду да мерапрыемстваў па 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. Таксама ён адзначыў, што сёння сіламі фонду падрыхтаваны 12 памятных крыжоў, якія плануецца ўстанавіць на брацкіх воінскіх пахаваннях Вілейскага, Валожынскага і Смаргонскага раёнаў. Барыс Барысавіч прадставіў сваю карціну “Шаг из войны в искусство”, прысвечаную герою Першай сусветнай вайны і знакамітаму польскаму мастаку-авангардзісту Уладзіславу Стрэмінскаму, які нарадзіўся ў г.Мінску і да 1939 года пражываў у г.Вілейцы. Карціна перададзена ў дар Вілейскаму краязнаўчаму музею.
Яркай эмацыянальнай ілюстрацыяй да тэмы выстаўкі прагучала музычна-паэтычная праграма «С войны листки походные тетради» па паштоўках, дзённіках, вершах і песнях Першай сусветнай вайны ў выкананні ўдзельнікаў народнага калектыва аўтарскай песні “Элегія” цэнтра эстэтычнага выхавання Валянціны Цітовіч і Аксаны Жук. Атмасфера ваеннай эпохі ў мастацкім пераасэнсаванні ўдыхнула, напоўніла сэрцы слухачоў тымі пачуццямі, якімі дыхалі радкі, апаленыя той вайной.
Праз дзень адна з груп маладых людзей, удзельнікаў сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы, наведала музей у вёсцы Заброддзе і воінскія пахаванні ў лесе “Абоз”, што яшчэ раз сведчыць аб нарастаючай у грамадстве цікаўнасці да гісторыі паўзабытай Першай сусветнай вайны.
Таццяна ЗАХАРЫЧ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 127 queries