Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У чарговы раз Вілейшчына ў коласаўскім музеі

Вілейшчына. Адчуванне радзімы. Пад такой назвай 30 жніўня адбылася творчая вечарына ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску з адкрыццём выставы вілейскай мастачкі Алы Судніковіч і канцэртам народнага калектыва аўтарскай песні «Элегія» пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч.

«У чарговы раз Вілейшчына ў коласаўскім музеі», – такімі словамі сустракала гасцей дырэктар літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. І гэта сапраўды так. Здаецца, зусім нядаўна тут праходзіла выстава вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка – і вось напрыканцы лета віляйчане зноў дораць сталіцы сваю творчасць і мастацтва. Зладжаная вечарына ў коласаўскім музеі спалучала некалькі відаў мастацтва – выяўленчае і музычнае. Спачатку наведвальнікі, госці і віляйчане, што прыехалі падтрымаць землякоў, прынялі ўдзел у адкрыцці персанальнай выставы мастачкі Алы Судніковіч.

– Я вельмі ўражана работамі вілейскай мастачкі, яе «адчуваннем радзімы». На яе карцінах спалучаюцца вобразы нашай Беларусі, простыя, але вельмі насычаныя выяўленчыя формы, уласцівыя народнаму мастацтву. Усё нагадвае нешта блізкае кожнаму з нас – гэта цуд, – адзначыла Зінаіда Камароўская, прэзентуючы выставу.

І сапраўды, Ала Расціславаўна вельмі ўдала спалучае, здаецца, неспалучальнае ў сваім мастацтве. Яна вельмі сціплы і абаяльны чалавек, адкрыты для кожнага, вельмі любіць сваю прафесію – вядзе мастація студыі ў Вілейскім цэнтры эстэтычнага выхавання. Свае творы яна дорыць родным і знаёмым, яны знаходзяцца ў асабістых калекцыях беларусаў і за межамі краіны, у Вілейскім краязнаўчым музеі і іншых калекцыях. Ала Судніковіч, выкарыстоўваючы розныя тэхнікі жывапісу ў сваіх карцінах, стварае непаўторныя краявіды роднага краю, напоўненага паэтычным хараством, цеплынёй колераў і ў той жа час зіхаценнем хараства вобразаў.

– Адразу бачна, што мастачка кожную работу прапускае праз сваю душу і сэрца, – так адзначаў кожны з выступаючых у той вечар.

«Ты мая духоўная крыніца, любая Вілейшчына мая» – такія словы нашага паэта Івана Лашуткі ўзгадаліся, калі ў той вечар выступалі імянітыя госці выставы і землякі, распытваючыся ў мастачкі аб крыніцах яе натхнення. Творчасць Алы Судніковіч напоўнена гэтым – адчуваннем хараства журавін на снезе, квітнеючых піёнаў і веснавых ландышаў. А да ўсяго гэтага дадатковую цеплыню экспазіцыі дадавалі і тканыя рэчы бабулі мастачкі, што родам з Крывога Сяла на Вілейшчыне.
На выставе Ала Судніковіч распавяла пра тое, як вучылася ў мастацкім вучылішчы імя А. Ларына ў Бабруйску, пра тое, як працавала ў афармленні горада і вілейскіх прадпрыемстваў. «Люблю ў самым звычайным знайсці нешта незвычайнае», – так ахарактарызавала сваю творчасць сама мастачка.
– Як я суджу пра карціны мастакоў? – падзяліўся Анатоль Гармаза, мастак і выдавец. – Толькі разважаючы: ці павесіў бы я тую ці іншую ў сябе дома. Карціны Алы Расціславаўны я набыў бы ўсе. Тут няма адкрытых колераў і ў той жа час яны вельмі насычаныя.

Музычнай дамінантай вечара стаў канцэрт народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» пад кіраўніцтвам Тацяны Захарыч. Падчас канцэрта былі выкананы песні на вершы беларускіх і вілейскіх паэтаў, бо на сёння «Элегія» мае ў сваім рэпертуары звыш за 90 уласных і аўтарскіх твораў. Канцэрт, што выконваўся выключна ў жывым выкананні на працягу палутара гадзін, праляцеў як адно імгненне. Слухачы апладыравалі, падпявалі, плакалі і суперажывалі разам з выканаўцай Таццянай Захарыч. Кожная творчая вечарына Таццяны Мікалаеўны заўжды экспромт – яна вельмі адчувае публіку і дорыць ёй непаўторныя хвіліны, атрымоўваючы такую ж зваротную сувязь. Разам з песнямі вілейскага калектыву ў складзе Уладзіміра Лапціка (гітара), Вікторыі Амельяновіч (скрыпка), Таццяны Захарыч (вакал, гітара, раяль) і маладога выканаўцы Мікіты Аўрэйцэвіча (гітара) коласаўскі дом напаўняўся творамі на словы вілейскага паэта Івана Лашуткі, беларускіх паэтаў Навума Гальпяровіча, Валерыя Максімовіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Ганны Ахматавай і незабыўнымі рамансамі. Не абышлося і без прэм’еры песні, прысвечанай матулі, на словы паэта з Лагойшчыны Валерыя Максімовіча. Літаратурна-музычная праграмма, якую прадставіла гледачам Таццяна Захарыч, была вельмі кранальнай. Гэта адзначалі і прысутныя аўтары, і сябры калектыву, што выказвалі свае пачуцці праз вершы: Лілія Твярдоўская, дачка паэта Івана Лашуткі, Навум Гальпяровіч, Валерый Максімовіч. Гучалі творы з «Полацкага сшытку» 17 стагоддзя, шмат гаварылі пра малую радзіму, пра нацыянальную паэзію.
– Мне прыемна слухаць гэтых таленавітых музыкаў і выканаўцаў, – адзначыў паэт Навум Гальпяровіч. – У доме Коласа заўжды гучаць высакародныя паэзія, музыка. І сённяшняя вечарына «Элегіі» таму пацвярджэнне.

Напрыканцы ўсе разам праспявалі «Люблю наш край, старонку гэту» на словы Канстанцыі Буйло. Слухачы яшчэ доўга не хацелі адпускаць віляйчан, адзначаючы, што яны змаглі вярнуць ім непаўторныя моманты шчасця «адчування сваёй малой радзімы».

Сяргей ГАНЧАР. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries