Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У царкве свяціцеля Ціхана, Патрыярха Усерасійскага адбылося прадстаўленне на біблейскую тэму

Нараджэнне Хрыстова – светлае хрысціянскае свята. Адно з дванаццаці вялікіх у календары, яно традыцыйна святкуецца дома, са сваёй сям’ёй, з роднымі людзьмі. Свята прасякнута своеасаблівай атмасферай – урачыстасці, таямніцы, чакання цуда. І мае сваю гісторыю.

…У той час, калі на свет павінен быў нарадзіцца Іісус, правіцель Кесар Аўгуст загадаў правесці перапіс насельніцтва. Згодна гэтаму распараджэнню, кожны павінен быў у момант яго правядзення апынуцца ў тым горадзе, дзе сам з’явіўся на свет. Па гэтай прычыне Марыя і Іосіф накіраваліся ў сваё роднае паселішча – Віфліем. З-за правядзення перапісу ў хаце, дзе яны спыніліся, было шмат людзей, пры пасяленні гаспадары аддалі перавагу больш заможным пастаяльцам, і Марыі давялося пайсці ў авечыя яслі. Там на свет і з’явіўся яе сын… Паведамленне пра гэта атрымалі простыя пастухі, якія ў гэты момант непадалёку ў полі вартавалі свае статкі. Згодна паданню, у небе над імі з’явілася незвычайна яркая зорка, якая і прывяла іх у яслі, дзе знаходзіліся Марыя з нованароджаным. Менавіта гэтыя пастухі і сталі першымі людзьмі, якія прыйшлі пакланіцца Сыну Божаму на зямлі…

Невялікія прадстаўленні на біблейскую тэму – гэта традыцыя, якой прытрымліваюцца ў многіх храмах. Згаданая гісторыя стала асновай сцэнарыя, які выкарысталі пры арганізацыі святочнай тэатралізаванай дзеі наведвальнікі нядзельнай школы пры царкве свяціцеля Ціхана, Патрыярха Усерасійскага, што ў Вілейцы. 13 студзеня пасля нядзельнай службы ўсе жадаючыя змаглі наведаць гэту тэатралізаваную дзею і разам з юнымі артыстамі ўславіць Хрыста, павіншаваць адзін аднаго з вялікім хрысціянскім святам.

Перад самым выступленнем да юных артыстаў і гасцей звярнуўся Вячаслаў Пяшко, настаяцель храма. Са словамі падтрымкі – да дзяцей, іх бацькоў і арганізатараў прадстаўлення, да прысутных – з прызнаннем, што і для яго стане адкрыццём і своеасаблівым сюрпрызам святочная дзея, падрыхтоўка да якой доўжылася крыху больш за месяц.

– Паглядзім і парадуемся разам, разам з дзеткамі ўславім нованароджанага Хрыста! – заклікаў усіх айцец Вячаслаў.

І дзея распачалася. Гісторыю пра Нараджэнне Хрыста юныя таленты расказвалі мовай паэзіі і танцу, а яшчэ шчыра жадалі ўсім пазбавіцца ад турбот і сумных думак, адкрыць сваё сэрца для ўсяго светлага і добрага, гаварыць адзін аднаму толькі добрыя словы. Невялікія падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі, а таму такія каштоўныя і дарагія, юныя артысты ўручылі сваім бацькам і ўсім тым, хто прыйшоў іх падтрымаць.

…Срэбнымі ноткамі рассыпаліся ў памяшканні гукі заключнай песні. Святочная дзея, да якой яе ўдзельнікі адказна і старанна рыхтаваліся, адбылася. І ў гэты раз актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы бацькі дзяцей – Лілія і Барыс Карандзей, Алена Пашкевіч, Аксана Траццяк, Таццяна Камінская, Вікторыя Гаўрышчук. Прысутным дзеці падаравалі тое, да чаго нельга дакрануцца, але можна адчуць – вялікую радасць. І гэта адзначыў настаяцель храма, які падзякаваў юным талентам за іх стараннасць. А яшчэ айцец Вячаслаў кожнаму з удзельнікаў тэатралізаванай дзеі ўручыў падарунак – ад храма і ад чалавека, які не першы раз падтрымлівае іх пачынанні. Мінулае выступленне – ужо трэцяе па ліку, падрыхтаванае наведвальнікамі нядзельнай школы. Не спыняцца на гэтым, не пакідаць храм і ў будучым радаваць сваімі новымі выступленнямі пажадаў настаяцель храма дзецям. З Нараджэннем Хрыстовым! – гучала віншаванне з вялікім святам.

Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота аўтара і прадстаўлена Барысам КАРАНДЗЕЕМ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 148 queries