Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Творчыя праекты. Звіні, мая светлая, родная мова

У межах новага праекта “Крыніцы чысціні” Вілейскі Цэнтр эстэтычнага выхавання правёў пасяджэнне клуба духоўнай культуры. Уплыў паэтычнага слова на станаўленне роднай мовы, на адметнае гучанне і пашырэнне дыяпазону яе ўжытку- аб гэтым разважалі госці імпрэзы – навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа, і яе вядучая, кіраўнік Цэнтра, Таццяна Захарыч.

Сёлета 10 год споўнілася, як на сцэне гарадскога Палаца культуры, бы святло Бэтлеемскай зоркі, заззяў промнямі высокай духоўнасці праект “ Свет Ражства Хрыстова”-нагадала Таццяна Мікалаеўна. Яго адбітак сёння захоўвае актавая зала Цэнтра, на сценах якой размешчаны фотаздымкі з сюжэтамі дзесяцігадовай гістрыі праекта. Той, што ўвабрала ў сябе творчыя набыткі духоўнай і свецкай культуры вілейчан, стварыўшы той адметны эстэтычны сімбіоз, які ніколі не губляе сваёй жыццёвасці. З гадамі ён шліфуецца, як каштоўны дыямент, выяўляючы новыя свае ўласцівасці. Нешта падобнае здзяйсняе час і з самім паэтычным словам. Калі яно зыходзіць з несмяротнай чалавечай душы, калі самім Небам бласлаўлёна на вечнае жыццё. Менавіта гэтымі якасцямі валодае паэзія Івана Лашуткі, нашага земляка, які адыйшоў у вечнасць, пакінуўшы нас з бессмяротным набыткам, складзеным у скарбонку айчыннага паэтычнага слова.

Вядучая нагадвае іх першы прамы эфір на беларускім тэлебачанні. Вядомы ў тыя часы дыктар Арына Ястраб стварыла ў студыі атмасферу ўзаемнага даверу, якая прадугледжвала мажлівасць імправізацыі, здымала напружанне ад усведамлення вялікай адказнасці перад аўдыторыяй телегледачоў. Менавіта з вершаў Івана Лашуткі, сёння гэта Таццяна Захарыч ведае дакладна, пачаўся і яе шлях у аўтарскую песню. Пачаў стварацца калектыў выканаўцаў. У яго састаў уліваліся вядомыя сярод гарадской культурнай публікі творчыя асобы. Загучалі скрыпка Людмілы Шагавай, гітара Уладзіміра Лапціка, пакладзеныя на мелодыю вершы мясцовых паэтаў…І ўсё ж найбольшая доля кампазіцый прыпадала і прыпадаецца на паэзію Івана Лашуткі. Таццяна Захарыч не хавае сваіх адметных сімпатый да творчасці паэта, прасякнутай такой шчымлівай адкрытасцю, што ад яе міжволі захлынаецца сэрца:”На калені ўпаду перад тым, хто абдзелены лёсам жыве…”, “ Я цябе не забуду ніколі, калі нават зайдуся ад болю”…, “ Як цяжка на зямлі быць чалавекам, што дадзена пражыць-не прапаўзці”….Менавіта з памяццю пра гэтага паэта-чалавека звязана стварэнне музея-класа яго імя ў трэцяй гарадской школе, а пасля і нараджэнне аднаго з каларытных праектаў Цэнтра эстэтычнага выхавання — “Незабыўныя імёны Вілейшчыны”. У Таццяны Захарыч-свае лёсавызначальныя стасункі з Іванам Лашуткам. Яна была яго вучаніцай і стала пераемніцай, тым звязваючым пачаткам паміж днем мінулым і сённяшнім, які паэту пашчасціла пакінуць на гэтым свеце. І сёння гучыць на Вілейшчыне яго светлае, чыстае слова. А юныя навучэнцы каледжа гартаюць зборнікі вершаў, паэтычную спадчыну, наканаваную ім, як нязгасная вячэрняя заранка, як цёплая вясновая ралля, як белы, усыпаны квеценню, сад… — Усё, што Іван Лашутка марыў пакінуць на гэтай зямлі. Разам з песенным словам, якое і надалей будзе наталяць крынічнай чысцінёй прагнучыя прыгажосці людскія душы.

Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 43 queries