Культурна-асветніцкі аб’ект, які плануецца стварыць у рамках праекта «Край верасоў» на базе Цэнтра эстэтычнага выхавання, цяпер будуць упрыгожваць пяць каменных скульптур.
На працягу амаль трох тыдняў віляйчане зачаравана сачылі за тым, як побач з Цэнтрам эстэтычнага выхавання ажывалі каменныя глыбы. Скульптуры былі створаныя з 4 па 22 ліпеня падчас пленэру, прысвечанага памяці Анатоля Рогача– ганаровага Грамадзяніна Вілейскага раёна, краязнаўцы і даследчыка. У мінулую пятніцу адбылося закрыццё гэтай цікавай падзеі. Пяцёра студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: Сямён Ільін, Галіна Благарэнка, Лізавета Розенберг, Таццяна Локцік і Вераніка Міронцава цэлымі днямі прыступалі да сваёй працы пад адкрытым небам – высякалі скульптуры з вялізных валуноў.
Скульптуры тэматычна звязаныя з Вілейшчынай, яе сімволікай, паданнямі і адметнасцямі. На пленэры для творчасці студэнтам прапанавалі пяць тэм: «З матэрыяльнай і духоўнай спадчыны», «Казачны лес» (легенды і песні), «Алегорыя мастацтва» (мастацкая Вілейшчына), «Свята дваіх» (дзеці, моладзь і сям’я) і «Святло слова» (літаратурна-музычная Вілейшчына). У выніку працы маладых творцаў з’явілася пяць арыгінальных скульптур.
Так, Таццяна Локцік і Сямён Ільін працавалі над тэмай «Казачны лес». Скульптура «Велья» была зроблена згодна сюжэта легенды аб Вільяне. Прыгожая, таленавітая, сціплая і працавітая дзяўчына вельмі любіла сваю зямлю, людзей і свайго каханага Сцяпана, які ператварыўся ў камень, а Вільяна ад гора і слёз — у вольную і прыгожую раку Вілію. «У камяні хацела перадаць сваё бачанне пачуццяў і перажываннаяў Вільяны, яе пераўтварэнне», – адзначыла Таццяна.
У скульптуры Сямёна Ільіна «Лясны дух» адлюстраваны персанаж легенды «Калі квітнее папаратнік…».
– Лясны дух, чыёй жонкай па легендзе павінна была стаць мясцовая прыгажуня Вяльюшка, але не стала, пераўтварылася ў раку, а Лясны дух у камень, які ляжыць у яе вытокаў, – расказаў малады скульптар. Лізавета Розенберг паспрабавала адлюстраваць шлях “З варагаў – у грэкі”, у склад якога ўваходзіла і Вілія. Гэты вялікі гандлёвы шлях, які злучаў Скандынаўскія краіны, Усходнюю Еўропу і Візантыю. «Вялізная колькасць духоўных і матэрыяльных скарбаў, што сплаўляліся па Віліі, унеслі свой уклад у развіццё культуры краю, – адзначыла Лізавета. У літаратуры і мастацтве раку нярэдка малявалі ў абліччы змяі. Вілія мае свой характар і свае таямніцы».
На тэму «Свята дваіх» працавала студэнтка Галіна Благарэнка. У сваёй працы «Мір» дзяўчына ў вобразе птушкі, якая ахоўвае гняздо, паказала сваё разуменне сям’і, клопату адзін пра аднаго. А Вераніка Міронцава ў сваёй скульптуры «Анёл-ахоўнік» адлюстравала сімвал заступніцтва, узнёсласці і вышэйшай духоўнасці – анёла.
– Праз матэрыял камень я паспрабавала данесці сваё разуменне і стаўленне да горада Вілейка. Мой анёл трымае ў руках хатку, ахоўваючы яе ад ліха і напасцяў.
Выкладчык і выпускнік кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Арцём Мядзведзеў адзначыў, што ў яго студэнтаў гэта былі іх першыя працы.
– Камень – цяжкі матэрыял для скульптара, ён сам дыктуе форму, таму магчыма ўдалося рэалізаваць не ўсё задуманнае першапачаткова, аднак скульптурамі студэнтаў я задаволены. Яны на сам рэч вельмі стараліся, шмат чыталі аб Вілейшчыне, шмат дзе былі перад тым, як прыступіць да працы. На пленэры важна цесна супрацоўнічаць, размаўляць адзін з адным, дзяліцца досведам, вучыцца адзін у аднаго. Гэтым ён адрозніваецца ад адасобленай працы скульптара па замове. Таму спадзяюся, што вілейчане застануцца задаволеныя тым, што ў іх горадзе з’явіліся яшчэ некалькі вось такіх арт-аб’ектаў. Мне і маім студэнтам цяжка будзе расстацца са сваімі працамі і самім горадам. Аднак мы ведаем, што на Вілейшчыне застанецца частка нашага таленту, нашага сэрца і сяброўства.
Пленэр па камяні – першы этап дабрачыннага праекта «Край верасоў», распачатага Цэнтрам эстэтычнага выхавання з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, арганізацый і прадпрыемстваў горада. Яго кіраўнік – наш зямляк Уладзімір Слабодчыкаў, прафесар, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаурэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па словах дырэктара Цэнтра эстэтычнага выхавання Таццяны Захарыч, культурна-асветніцкі аб’ект будзе ахопліваць сваімі мерапрыемствамі гісторыю, культуру, традыцыі, абрады, звычаі і быт віляйчан.
– Гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміць наведвальнікаў з гістарычнымі адметнасцямі, традыцыямі культурнай і турыстычнай дзейнасцю, паказаць «дзівосы», якія ствараюць дарослыя і дзеці разам. Яго асноўная мэта – адраджэнне і папулярызацыя гісторыка-культурных традыцый Вілейшчыны, а таксама беларускай нацыянальнай культуры праз розныя віды мастацтваў, рамёстваў, творчасці і турызму. Творчую групу праекта складаюць вядомыя людзі. Вялікі дзякуй усяму каллектыву Цэнтра эстэтычнага выхавання, а таксама райвыканкаму, раённаму Савету дэпутатаў і шматлікім арганізацыям, прадпрыемствам горада за падтрымку ў рэалізацыі гэтага праекта. Асобна хочацца падзякаваць Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, на закрыцці пленэра прысутнічалі два дацэнты кафедры скульптуры гэтай установы адукацыі: Аляксандр Фінскі, беларускі скульптар, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і Сяргей Логвін, лаурэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яны далі высокую адзнаку як самому пленэру, так і творчым работам яго ўдзельнікаў. Мы спецыяльна не рабілі з творчага працэсу конкурса на званне лепшага. Хацелі, каб ні ў кім з прысутных калег дзеці не бачылі канкурэнтаў альбо сапернікаў. Памятныя падарункі атрымалі ўсе.
Дарэчы, на памяць аб мінулым пленэры ў Вілейцы засталіся тры скульптуры: вобраз Вільяны ў зоне адпачынку «Віллянін хутар», кампазіцыя на тэму шлюбу каля ЗАГСа і скульптура памяці мастака-авангардыста Уладзіслава Стрэмінскага каля кінатэатра «Мір.»
Кацярына КАРПІК.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА