Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сымон Барыс прэзентаваў у Вілейцы новую кнігу «Ваеначальнікі з Беларусі XVIII – XX стагоддзяў»

Новую кнігу «Ваеначальнікі з Беларусі XVIII – XX стагоддзяў» прэзентаваў наш зямляк, педагог, фалькларыст, краязнаўца, гісторык Сымон Барыс. Сустрэча адбылася ў зале бібліятэкі сямейнага чытання.

– Я не збіраўся пісаць такую 300-старонкавую кнігу. Думаў, што абмяжуюся толькі паўтарастамі. Быў момант, нават кінуць хацеў, але паглыбленне ў тэму прынесла плён – я значна папоўніў веды пра нашых землякоў – генералаў, маршалаў і адміралаў. Пра некаторых з іх я нават і не чуў раней.
Нягледзячы на тое, што пішу пра асоб, цесна звязаных з вайной, кніга мая – пацыфісцкая, – распавёў на сустрэчы аўтар.

На пытанне вядучай сустрэчы старшага навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея Вольгі Коласавай пра псеўданім, Сымон Вікенцьевіч патлумачыў, што змест гэтай кнігі не характэрны для яго як даследчыка. Таму і быў абраны псеўданім: «Струменскі – ад назвы фальварка Струмені, дзе жыў мой дзед і я бываў ў дзяцінстве».

Аўтар таксама расказаў, што ў яго ўжо збіраецца матэрыял для папаўнення кнігі. Ужо пасля здачы ў друк ён даведаўся пра царскіх военачальнікаў братоў Камаровых з Віцебскай губерні, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Балгарыі ад турэцкага панавання. Пазней трапіла інфармацыя пра савецкіх генералаў Васіля Маргелава і Георгія Шпака. Першы – генерал арміі Васіль Піліпавіч Маргелаў – лічыўся ў СССР дэсантнікам №1. Георгій Іванавіч Шпак з беларускіх Асіповіч быў камандуючым Ваенна-паветранымі войскамі Расійскай Федэрацыі (1996 – 2003 гг.), потым – губернатарам Разанскай вобласці. Няма ў кнізе і матэрыялу пра лётчыка-аса Рыгора Усцінавіча Дольнікава (1923 – 1996), які нарадзіўся ў вёсцы Сахароўка Горацкага раёна. Гэта ён паслужыў прататыпам для твора Міхаіла Шолахава «Лёс чалавека».

Вольга Коласава зазначыла, што у кнізе ёсць звесткі пра ваеначальнікаў – ураджэнцаў Вілейкі.
Зацікаўленым нацыянальнай гісторыя не лішнім будзе ведаць, што да канца гэтага года Сымон Барыс плануе выдаць новую кнігу «Гонар і слава Беларусі».

Ірына ТРУБАЧ.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries