Ужо каля 23 год існуе ў Вілейцы аддзел грамадскага аб’яднання «Польска мацеж школьна». Гэта фарміраванне, якое займаецца распаўсюджаннем на Беларусі польскай мовы, прынцыпаў хрысціянства і гуманізму. Тры гурткі польскай мовы, якімі кіруюць вопытныя выкладчыкі Людміла Сяргей, Галіна Аляшкевіч і Жанна Савіч, працуюць зараз у Вілейскай гімназіі №2. Іх супрацоўніцтва з польскай амбасадай у Беларусі, падтрымка «Мацежы школьнай» даюць бачныя вынікі.
– За больш чым 20 год існавання ўдзельнікі гурткоў не толькі змаглі вывучыць мову суседняга народа, але і неаднойчы папрактыкаваліся ў ёй падчас наведання гістарычных і культурных мясцін Польшчы з іх адметнай духоўнасцю, асаблівым каларытам ушанавання спадчыны, які над імі вітае, –дзеліцца педагог Людміла Сяргей. – Мы ўдзельнічаем у шматлікіх мастацкіх форумах, творчых конкурсах, што праходзяць пры маральнай і матэрыяльнай падтрымцы амбасады…
Дарэчы, сёлета традыцыйна гурткоўцы ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў імя Адама Міцкевіча і сталі аднымі з яго лаўрэатаў. Адбыўся цікавы конкурс у Мінску на лепшае веданне арфаграфіі польскай мовы. А ўдзельніца гуртка Дар’я Місюль стала адным з аўтараў спецыяльнага календара, выпуск якога ўжо каторы год запар арганізуе амбасада, сумесна з абласным грамадскім аб’яднаннем «Мацежы польскай». Унікальнасць яго ў тым, што дзеці рыхтуюць мастацкія ілюстрацыі – свае асацыяцыі на выбраныя імі вершы з літаратурнай скарбонкі польскіх аўтараў. Дар’я выбрала верш «Польскія кветкі», напісаны на ўспамін Папы Яна Паўла другога.
Свята польскай культуры, прысвечанае калядным дням, якое адбылося ў другой гарадской гімназіі, ушанавалі сваёй прысутнасцю Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Беларусі Пётр Апосталідзіс і старшыня Вілейскага райвыканкама Алег Бегунец. Усіх гасцей, а яны запоўнілі ўсю актавую залу, сустракаў імправізацыямі на папулярную польскую музыку гімназічны аркестр. Гучалі калядныя песні на фоне тэматычнага мультымедыйнага паказу. Увесь гэты святочны антураж стаў пралогам да захапляючай сцэнічнай дзеі. Яна распачалася вегілійным сюжэтам, цікавасць да якога толькі паглыбляе час, уносячы пэўныя карэктывы ў ход чалавечага ўспрыняцця найвялікшай падзеі свету – прыходу ў яго Збаўцы роду людскога. Уся інсцэніроўка, як і наступныя нумары канцэртнай праграмы, акрамя, вядома, танцаў, ладзілася на польскай мове. Юныя чытальнікі, спевакі прадэманстравалі атрыманыя падчас пазакласных заняткаў навыкі, якія, безумоўна, ствараюць гонар іх настаўнікам. Самааддана папрацавалі над падрыхтоўкай канцэртнай праграмы музычны кіраўнік Святлана Ляшкевіч, кіраўнік танцавальнага гуртка Ірына Новік, канцэртмайстар Аляксандр Жук.
…У польскага слова і беларускага – падобныя этнічныя карані. Таму паміж сцэнай і залай не існавала моўнага бар’еру. Людзей яднаюць не толькі словы, але і агульнасць іх лёсаў, аднолькавае светаўспрыняцце, аднолькавыя гуманістычныя памкненні, накіраваныя на сцвярджэнне ў гэтым свеце справядлівасці і любові.
Напрыканцы імпрэзы Генеральны консул шчыра падзякаваў арганізатарам мерапрыемства, юным артыстам і іх настаўнікам за дастаўленую асалоду. І, звяртаючыся да прысутных, дадаў: вам пашчасціла, што ў такім прыгожым горадзе жывяце. Уяўляю, як тут хораша, калі распусціцца лісце…
Зычэнні каляднай радасці і дабра ўсім выказаў старшыня райвыканкама Алег Бегунец, зазначыўшы, што ў Вілейкі – 12 гарадоў-пабрацімаў. І з усімі захоўваюцца добрыя стасункі. Бо немагчыма ізалявана жыць у такім вялікім свеце…
Марыя КУЗАЎКІНА/Фота аўтара