Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята на Вілляніным хутары, якое распрацаваў студэнт-пяцікурснік БДУ

Нядаўна патэлефанаваў у рэдакцыю наш чытач з Цярэшак – Ігар Аляксеевіч. У размове прызнаўся: працяглы час пражыў у Вілейцы, таму жыва цікавіцца не толькі навінамі раёна, але і горада. Візіты, мерапрыемствы, падзеі – жыццё віруе. Аматару актыўнага ладу жыцця, турыстычных паходаў, чалавеку, які цікавіцца гісторыяй роднага краю, яму, выказаў шкадаванне Ігар Аляксеевіч, пакуль не давялося наведаць Віллянін хутар. Для гасцей Вілейшчыны – цікавы турыстычны аб’ект, для мясцовых жыхароў – маляўнічае месца адпачынку. А пакуль гэта толькі ў планах нашага чытача, мы раскажам пра свята, якое адбылося тут напрыканцы жніўня і, такім чынам, дадзім магчымасць Ігару Аляксеевічу і тым, у каго па розных прычынах гэта не атрымалася, стаць завочнымі ўдзельнікамі традыцыйнага мерапрыемства.

Калі школьныя канікулы адлічвалі апошнія дні, па горадзе прайшлі вясёлыя і жартаўлівыя клоўны – яны запрашалі бацькоў і дзетак на свята «Горад над Віллёй». Яго ідэю і сцэнарый прапанаваў і распрацаваў выпускнік Цэнтра эстэтычнага выхавання, студэнт-пяцікурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Кірыл Чэрнік. Дарэчы, свята з’яўляецца яго дыпломнай работай.
Распачалася дзея музычна-тэатралізаванай замалёўкай «Тут будзе горад наш» у пастаноўцы Ірыны Сідарэвіч і выкананні студыі гульнёвых і абрадавых прадстаўленняў «Вілейскія забаўлянкі» (кіраўнік – Аляксандра Лапацкая) Цэнтра эстэтычнага выхавання. Згодна задумцы аўтараў, рака Вілія сустракае на сваіх берагах прыбываючых на чоўне першых жыхароў, якія будуюць наш горад. Гаспадар і Гаспадыня – вядучыя свята Уладзімір Версан і Аляксандра Лапацкая – урачыста запрасілі гасцей на разнастайныя цікавыя пляцоўкі.
Адна з іх стала платформай для сямейнага конкурсу творчасці, талентаў і традыцый «Ад пакалення да пакалення», які арганізавала рэжысёр Палаца культуры Алена Холадава, а правялі Наталля Блізнюк і Андрэй Баўтрукевіч. Упершыню за ўвагу гледачоў і каштоўныя прызы змагаліся каманды бабуль і дзядуль з унукамі і ўнучкамі. Шоу складалася з трох іспытаў: візіткі, кулінарнага і творчага конкурсаў. Журы, якое ўзначаліла намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга, прыйшлося вырашаць складаную задачу. У намінацыі «Кулінарны шэдэўр» прыз атрымала сям’я Тамары Баслык. Дзядуля Аляксей Камінскі і яго ўнукі атрымалі прыз у намінацыі «Крэатыўная дынастыя», а яшчэ – спецыяльны прыз грамадскага аб’яднання «Чырвоны крыж» – «За захаванне здаровага ладу жыцця». Сям’ю Уладзіміра Цануніна журы адзначыла ў намінацыі «Творчая сям’я», дадаткам да ўзнагароды стаў Прыз глядацкіх сімпатый, прадстаўлены раённым камітэтам БРСМ. Гран-пры конкурсу журы адзінадушна прысудзіла сям’і Евы Такмаковай. Прызы былі прадстаўлены аддзелам ідэалогіі, культуры і па рабоце з моладдзю райвыканкама.
Канцэртная праграма стала працягам свята. Выступалі ансамбль танца «Карагод» Вілейскай гімназіі №2 (кіраўнік Ірына Новік), студыя «Домісолька» Цэнтра эстэтычнага выхавання (кіраўнік Галіна Гуркіна, канцэртмайстар Вольга Бабурына), калектывы Вілейскага Палаца культуры: вакальны гурт «Бабіна лета» пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага, Узорная эстрадная студыя «Экспромт» пад кіраўніцтвам Нэлі і Алега Зайцавых, салісты Наталля Блізнюк, Святлана Траццяк і Марына Заяц.
Разгарнулася на свяце выстава мастацкай творчасці і народных рамёстваў. Дэманстраваліся работы студый Цэнтра эстэтычнага выхавання (кіраўнікі Ала Судніковіч, Алена Шахрай, Таццяна Малькевіч), Каловіцкага Дома майстроў (дырэктар Т. В. Бурко), Крывасельскага СДК (дырэктар А.М. Шаблыка), раённага Дома рамёстваў (дырэктар К.Г. Альфер). Арганізацыйную падтрымку выставе забяспечыла метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Тамара Тышкоўская. Гледачы і ўдзельнікі свята былі ўражаны выступленнем рыцарскага клуба «Паходня» (кіраўнік Андрэй Арлоўскі).
Не сумавалі і дзеці. Студыя гульнёвых і абрадавых прадстаўленняў «Вілейскія забаўлянкі» цэнтра эстэтычнага выхавання разгарнула гульнёвыя пляцоўкі «Местачковыя забавы» і «Горад майго дзяцінства». Была магчымасць атрымаць цікавыя і карысныя прызы – з імі дапамаглі раённы Дзіцячы фонд і грамадскае аб’яднанне «Чырвоны крыж». На дзіцячай пляцоўцы Цэнтра дадатковай адукацыі пад кіраўніцтвам мастака Эдуарда Мацюшонка будаваўся «Пясочны горад». А вясёлыя клоўны адорвалі дзяцей рознакаляровымі кветкамі і сабачкамі з паветраных шароў. Працавалі атракцыёны і гандлёвыя кропкі з салодкай ватай і іншымі прысмакамі. Свята атрымалася цікавым і вясёлым.
Творчая група ўдзячна Жанне Петух, намесніку начальніка аддзела ідэалогіі культуры і па рабоце з моладдзю, і Таццяне Захарыч, дырэктару Цэнтра эстэтычнага выхавання, Алесі Высоцкай, дырэктару Палаца культуры, Жанне Барткевіч, метадысту Палаца культуры, за арганізацыйную падтрымку, калектыву Вілейскай ЖКГ – за падрыхтоўку хутара да свята, аб’яднанню выратавання на вадзе – за супрацоўніцтва, ПП «Варыянт» – за спонсарскую і творчую дапамогу, Алене Стомчык і Але Судніковіч – за мастацкае афармленне. Сродкам масавай інфармацыі – за інфармацыйную падтрымку, а віляйчанам – за актыўны ўдзел у свяце.
Таццяна ШАРШНЁВА.
Фота Сяргея ЛІТВІНОВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries