Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сустрэча з цікавым чалавекам

Вілейшчына ганарыцца знакамітымі людзьмі, якіх было нямала ў мінулым і якія ёсць сёння. Уладзімір Яфімавіч Цанунін – вядомы чалавек не толькі ў Вілейцы, але і ва ўсёй Беларусі, нават за яе межамі. Гэта чалавек разнапланавага таленту. Ён член саюза пісьменнікаў Беларусі, гісторык-археолаг, настаўнік, турыст. Піша не толькі вершы, але і песні, спеў якіх прыемна слухаць.

Вось такога цікавага чалавека запрасілі да сябе вязынцы, якія наведваюць сацыяльны пункт свайго аграгарадка.

На сустрэчу Уладзімір Яфімавіч з’явіўся з неразлучнай гітарай у руках, чаму былі рады прысутныя. Гутарка праходзіла за круглым сталом, пакрытым абрусам з беларускім арнаментам, з кубачкамі гарбаты.

Раіса Канстанцінаўна Філістовіч, кіраўніка гэтага сацыяльнага цэнтра, сказала:

– Мы доўга чакалі гэтай сустрэчы. Сачылі за вамі па матэрыялах газеты «Шлях перамогі» і «Рэгіянальнай газеты». Чакаем Вашага асабістага аповеду пра сваю творчасць і сваё жыццё.
Так і было. Біяграфічныя звесткі перапляталіся з аповедамі аб выданні зборнікаў вершаў. Аўтар чытаў рознай тэматыкі вершы, часам аўтабіяграфічныя. Уладзімір Цанунін – чалавек свайго часу. Многае перажыта разам з нашым народам. Так, у якасці штурмана верталёта быў пасля выбуху на Чарнобылі на трэці дзень. Памятае развал Савецкага Саюза. У той час ён жыў у вёсцы, размешчанай у 4 кіламетрах ад Віскулёў. Яго сэрца быццам адчувала, што ён будзе жыць сярод нас. Мы пачулі песню, напісаную даўно, калі аўтар жыў у Белавежскай пушчы, і там упамінаецца наша рака Вілія.

Цанунін – таленавіты бард. Праспяваў песню, з якой атрымаў прыз у Польшчы на фестывалі бардаўскай песні. «Люблю гумар», – зазначыў Цанунін. І мы пачулі некалькі гумарыстычных вершаў. Па заяўцы аўтара гэтых радкоў была выканана гумарыстычная песня. Думаю, хто чуў гэту песню, не забудзе яе. Толькі чалавек-патрыёт мог напісаць верш «Мы беларусы», дзе рэфрэнам гучыць: «Маленькі, але горды народ» і «Маленькі, але працавіты народ».

Прысутныя прасілі расказаць аб дзецях, унуках, аб іх захапленнях. З якой любоўю запрошаны расказваў пра іх! Напрыканцы па просьбе Раісы Філістовіч спелі агульную песню «Люблю мой край, старонку гэту».

Ва ўдзячным слове Раісы Філістовіч былі адзначаны талент і актыўная жыццёвая пазіцыя Уладзіміра Цануніна. Адзін са сваіх зборнікаў, дзе надрукавана паэма, прысвечаная дружнаму курсу гістарычнага факультэта Магілёўскага педінстытута, аўтар падараваў кіраўніку сацыяльнага цэнтра Раісе Філістовіч. Хачу сказаць, што вязынскія пенсіянеры любяць сваю малую радзіму і цікавых землякоў.

Галіна КАПЦЮГ.
Фота прадстаўлена Марынай МАКАРАВАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries