Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сустрэча з цікавымі людзьмі. Галоўным госцем стаў Уладзімір Ляшкевіч

У Цэнтры эстэтычнага выхавання ўжо па-сапраўднаму добрай традыцыяй сталі сустрэчы з цікавымі людзьмі, нашымі землякамі. Чарговая, на якую былі запрошаны навучэнцы вілейскага каледжа, прайшла 16 мая. Галоўным госцем на гэты раз стаў чалавек, якога добра ведаюць на Вілейшчыне, бо ў свой час ён стварыў «Чырвоную кнігу» нашага раёна, шмат год аддаў педагагічнай працы, з’яўляецца выдатнікам народнай асветы, сапраўдным знаўцам зёлак і, як аказалася, выдатным музыкам-самавучкам і спеваком – усё гэта пра Уладзіміра Ляшкевіча.

Распачалася сустрэча з прадмовы дырэктара Цэнтра Таццяны Захарыч, якая нагадала прысутным, што гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам малой радзімы. А з чаго складаецца для кожнага з нас паняцце малой радзімы? Канешне, гэта родная бацькоўская зямля, тое месца, дзе мы нарадзіліся, матчына мова, гісторыя роду і, безумоўна, родныя нам людзі, сваякі і землякі.
– Адным з важкіх складаючых ў нашым жыцці з’яўляецца родная мова. Тая мова, на якой размаўляюць вашы бабулі і дзядулі, носьбіты спрадвечных традыцый, – асабліва адзначыла Таццяна Мікалаеўна, звяртаючыся да маладых людзей у зале. – І мне вельмі прыемна прадставіць вам чалавека, які шануе родную беларускую мову, піша на ёй вершы, спявае песні і размаўляе.

І сапраўды, Уладзімір Аляксандравіч Ляшкевіч акрамя таго, што выдатны педагог, знаўца раслін, мае і багатую паэтычную спадчыну – ён піша вершы, якія спачатку чытаў толькі сваім блізкім, але не так даўно яго калегі педагогі ўгаварылі выпусціць спачатку першы, а неўзабаве і другі зборнік вершаў: «Праўда жыцця» і «Галасы родных ваколіц». Кожны верш, а многія з іх былі прачытаны на сустрэчы самім аўтарам, некаторыя – вядучай імпрэзы Таццянай Захарыч, напісаны душою, бо напоўненыя яны ўласнымі ўспамінамі, перажываннямі, захапленнямі і лірыкай. А галоўнае, усе яны напісаныя на роднай мове.

– Я вельмі люблю беларускую мову, – адзначыў Уладзімір Аляксандравіч. – Спяваю беларускія рамансы Адама Русака, народныя песні, заўсёды стараюся размаўляць ці то з палякамі, ці то з украінцамі толькі на беларускай мове – і яны разумеюць, і дзякуюць, што кантактую з імі на сваёй роднай мове. Наша мова вельмі багатая. Але шкада, што вельмі мала беларусаў гаворыць на ёй. Наша бяда ў тым, што мы не знаходзімся ў беларускамоўным асяроддзі. Памятаю, калі ў маладосці ішлі па Мінску і хто-небудзь размаўляў па-беларуску, то казалі: «Во, калгаснік!». Хаця гэта мог ісці і вядомы пісьменнік. А складаць вершы я пачаў даўно, нават дасылаў некаторыя з іх у газету «Піянер Беларусі».

Прачытаўшы прысутным цікавыя вершы «Вобаратнік» – пра расліну, якую збіралі, рабілі з яе перапечкі і елі ў галодныя гады, пра лёс дзяўчынкі са спаленай вёскі Боркі – Фаіну Кучко, якая з’яўляецца яго дваюраднай сястрой і шматлікія іншыя, Уладзімір Ляшкевіч дастаў свой гармонік. Акрамя ўсяго, ён сапраўды выдатны гарманіст, які на слых можа сыграць любую мелодыю.
– Навучыўся я граць на гармоніку яшчэ школьнікам, на танцах, калі кармілі музыкаў, то я садзіўся і «рыпаў». Так навучыўся спачатку граць дзве мелодыі: польку і вальс, а потым мяне ўжо сталі запрашаць, каб граў танцы. Тады іншыя часы былі, моладзі на вёсцы было шмат. Гэта цяпер на танцах пастануць у радок і нават можна без дзяўчат танчыць. А раней, напрыклад, аб’яўляеш: «Танцуем кракавяк», і трэба было, каб у пары абавязкова – падыходзіш да дзяўчыны запрасіць яе, тады вядзеш у цэнтр, а ўсе глядзяць, пасля танца адводзіш на месца, дзякуеш – гэта павага была такая.

Калі Уладзімір Аляксандравіч зайграў прысутным польку, вальс, кракавяк, было бачна, як моладзь ажывілася, бо раней не чула такіх мелодый. Цікава, што некаторыя мелодыі Уладзімір Ляшкевіч складае і сам, напрыклад, «Вальс «Лясное рэха», а некаторыя складае і на свае ўласныя вершы.

– Вы сапраўдны мастак, які малюе гукамі і словамі, – адзначыла Таццяна Мікалаеўна ў адрас госця імпрэзы. – Ды і самі па сабе вы шчыры, сапраўдны беларус – ад зямлі, ад каранёў.
Арганізаванае мерапрыемства атрымалася як цёплая сустрэча сяброў, бо ва Уладзіміра Аляксандравіча адчуваецца адкрытасць і шчырасць. Былі падчас размовы і крыху ўспаміны пра сваіх бацькоў, пра родную вёску, пра настаўніцкія гады Уладзіміра Ляшкевіча.

– Родам я з вёскі Баяры, што на Ільяншчыне. Мая маці, у дзявоцтве Паўліна Лашутка, родная цётка знакамітага вілейскага паэта Івана Лашуткі, мы з ім таксама дваюрадныя браты былі. Бацька мой нарадзіўся ў 1900 годзе, быў чалавекам граматным, скончыў 4 класы царкоўна-прыходскай школы, на той час вялікая адукацыя. Ён мне аж да сёмага класа дапамагаў рашаць задачкі, знаў добра стараславянскую, размаўляў па-польску. Дарэчы, родам бацька быў з Кавалёў, але калі ажаніўся, то мой дзед выдзеліў яму кавалак зямлі ў Баярах. Перад вайной бацька працаваў у Ільі ў яўрэя Саламянскага, які ў час вайны хаваўся ў нас, але нам, дзецям, пра гэта не казалі. Ён потым прыходзіў да нас пасля вайны. Дзеда застрэлілі ў вайну немцы, калі хацеў забраць ад іх сваю карову. А бацька ваяваў у Вялікую Айчынную, быў двойчы паранены і толькі 80 кіламетраў не дайшоў да Берліна. Вярнуўшыся з вайны, пражыў няшмат, таму падымала нас маці. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я заўжды імкнуўся вучыцца. Летам ганяў у поле кароў, быў за пастушка, а каб не траціць дарма час, збіраў там розныя зёлкі і расліны. У іх я разбіраўся добра, бо і маці, і бабка былі траўніцамі. А ў 4-м класе ўжо навучыўся прышчапляць дрэвы. Вучыцца далей пасля роднай сямігодкі ў 8-мы клас пайшоў у Ільянскую школу, але ў хуткім часе прышлося перайсці ў Рабунскую, дзе ў 1958 годзе і скончыў 10 класаў. Не ўсе тады давучваліся да канца, бо кожны год трэба было здаваць экзамены, хто не здаваў, той “адсейваўся”. Так з 36 вучняў скончыла школу толькі 23.

На працягу свайго жыцця, як адзначыў сам Уладзімір Аляксандравіч, зорак з неба ён не хапаў. Але, дзе б ні быў, дзе б ні працаваў – заўжды стараўся рабіць сваю справу старанна і аддана. Шматлікія травы і расліны Уладзімір Ляшкевіч ведаў яшчэ да таго, як паступіў на біялагічны факультэт універсітэта. А працуючы настаўнікам біялогіі спачатку ў школе-інтэрнаце, а затым ў гімназіі №1 «Логас», разам з вучнямі напісаў «Чырвоную кнігу Вілейскага раёна», таксама заклаў дэндрарый, у якім налічвалася каля 135 відаў дрэў, многія з якіх перавёз з былых шляхецкіх маёнткаў.

– Музыку я любіў заўсёды. Нават падчас вучобы хадзілі ў кансерваторыю. Дома ў мяне ёсць і баяны, і акардэоны, але больш люблю гармонікі. Ды і танцы было заўжды лепш граць на гармоніку. Я добра ведаў і знакамітага на Вілейшчыне Івана Пятровіча Судніка. Вось гэты гармонік, на якім я граю сёння, рабіўся пад акардэон «12х12», яго так і называлі. Суднік мне яго і давёў да розуму, каб званчэй граў. Ён звычайна браў рашпіль і падпілоўваў галасы, нават таго ж трафейнага Вельтмайстара, і потым яны так добра гралі, вось што значыць ведаць пэўныя сакрэты.

Сустрэча ў Цэнтры эстэтычнага выхавання прайшла як адно імгненне, бо Уладзімір Аляксандравіч вельмі цікавы расказчык, да таго ж спяваючы, граючы і дэкламуючы вершы. А колькі ён ведае пра розныя расліны. Напрыканцы сустрэчы ён пажадаў моладзі заўжды заставацца сапраўднымі людзьмі: «Бо якая ў цябе адукацыя ці работа, спытаюць нямногія, а вось які ты чалавек – будуць ацэньваць усё жыццё». У сваю чаргу суправаджальнік групы, бібліятэкар каледжа Вольга Завада, падзякавала Уладзіміру Ляшковічу за цікавую сустрэчу, за цікавыя аповеды, спевы, вершы і працытавала словы вядомага амерыканскага пісьменніка Рэя Брэдберы, які некалі сказаў: «Людзі багатыя сваімі мінулымі гадамі». Гэта ў поўнай ступені адносіцца і да Уладзіміра Ляшковіча. Імпрэза завяршылася дамоўленасцю на новыя цікавыя сустрэчы.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 131 queries