Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сустрэча з мастакамі слова

Літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова», які працягваецца на Вілейшчыне, насычаны рознымі мерапрыемствамі. Ён дорыць новыя ўражанні і эмоцыі сваім прыхільнікам, акцэнтуючы іх увагу на духоўных каштоўнасцях, якія вечныя.

Вось і на творчай сустрэчы, якая адбылася 9 кастрычніка ў чытальнай зале бібліятэкі сямейнага чытання, галоўнай тэмай было слова. Слова роднае, слова літаратурнае і жывое, якое для гасцей сустрэчы – і праца, і жыццё. А сустрэліся віляйчане ў гэты дзень з цікавымі людзьмі – Ірынай Карнаухавай, кіраўніком народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца»; Дзмітрыем Шулюком, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць»; Юліяй Алейчанка, галоўным рэдактарам часопіса «Нёман»; нашай зямлячкай Бажэнай Ганушкінай, адказным сакратаром часопіса «Полымя»; Яўгеніяй Шыцька, карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». Даведаліся прысутныя пра тое, чым займаецца кожны з гэтых творчых людзей, пра тыя выданні выдавецкага дома «Звязда», якія яны прадстаўляюць, адказалі на пытанні віктарыны.

Улічваючы спецыфіку працы людзей, якія кожны дзень маюць справу са словам (а яно, як вядома, бывае гаючым і наадварот) дарэчы прагучаў верш вілейскага паэта Уладзіміра Цануніна «Калі бярэшся за пяро з паперай…». І хоць не мае верш дакладнага адрасата, але нагадвае пра адказнасць кожнага мастака слова перад самім сабою і чытачом.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries