У гэтым навучальным годзе работа клуба “Цікавыя сустрэчы” Ільянскай сярэдняй школы імя А. А. Грымаця пачалася з сустрэчы з Адамам Іосіфавічам Мальдзісам і была прымеркавана да Дня пісьменства ў Беларусі, які святкаваўся ў горадзе Шчучыне.
Знакаміты госць пазнаёміў нас з крыніцамі славянскай пісьменнасці, напомніў, што ў 2017 годзе мы будзем адзначаць 500-годдзе друкаванай кнігі, а гэта ўжо блізка звязана з нашай Вілейшчынай, бо адзін з першадрукароў – Іван Фёдараў – мае карані з нашай мясцовасці. Падарыў нашаму музею карту-радаслоўную Івана Фёдарава.
Потым Адам Іосіфавіч, які дакладна валодае звесткамі пра літаратурны працэс у Беларусі (у часопісе “Маладосць“ № 3 2010 года змешчаны звесткі, у тым ліку і пра нашу Вілейшчыну), распавёў пра Івана Кандрацьева і падарыў нам кнігу І. А. Смоліка “Божы дар Івана Кандрацьева” з аўтографам. Іван Казіміравіч Кандрацьеў (псеўданім Кузьміч) нарадзіўся ў вёсцы Каловічы Вілейскага павета. Аўтар многіх вершаў і рамансаў, драмы «На Поволжье», рамана «Салтычиха», гістарычных нарысаў і перакладаў.
Да ўжо сабранай бібліятэчкі польскай пісьменніцы і мастачкі Эміліі Кунавіч, якая ў 20-ыя гады працавала ў нашай школе, Адам Мальдзіс дадаў яе кнігу “Сэрца не насычона” (“Serca nienasycone“) з аўтографам і расказам пра сваё знаёмства з ёй.
Вельмі прыемна было даведацца пра новае імя для нашага музея. Гэта Мар’ян Галаўня. Выхадзец з Куранца. Жыў у Польшчы. Працаваў настаўнікам. Аўтар кніг: “Пашча льва” ( “Lwie paszcze” ), “Белае гняздо” (“Biale gniazdo”) і іншыя. Апекаваўся над беларускімі дзецьмі, якія папраўлялі здароўе ў Польшчы.
Літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст, доктар філалагічных навук, прафесар – Адам Іосіфавіч мае шмат набыткаў – навуковыя працы, мастацкія творы, даследванні. У “Малой краязнаўчай энцыклапедыі” яго працоўныя і творчыя дасягненні пададзены на цэлы ліст. Віншуючы Адама Іосіфавіча з 80-гадовым юбілеем, міністр культуры Рэспублікі Беларусь сказаў, што ён (А. І. Мальдзіс) – чалавек, які сімвалізуе эпоху. Нам госць пакінуў аўтограф на двухтомніку “Беларуская літаратура ХI – ХIХ стагоддзяў”, дзе ён з’яўляецца адным з аўтараў, іншыя кнігі і газетныя матэрыялы.
Сяброўства нашага музея з прафесарам Мальдзісам доўжыцца другі дзясятак гадоў. Час ад часу ён даручае нам сабраць звесткі пра таго або іншага аўтара, дасылае нам цікавыя кнігі. Так мы яшчэ вясной гэтага года пачалі шукаць карані Георгія Ляхоўскага (у некаторых нарысах падаецца як Лахоўскі). Мы абышлі ўсе старыя пахаванні на праваслаўных могілках, але такога прозвішча не сустрэлі. А.Мальдзіс мяркуе, што трэба шукаць на каталіцкіх (размова ішла падчас сустрэчы), ёсць думка, што радзімай яго магла быць Вілейка. У замежных энцыклапедыях пра Гергія Лахоўскага гаворыцца як пра “рускага” сусветнага вядомага вучонага, вынаходніка, механіка, радыёінжынера, лекара, філосафа. Нарадзіўся ён недалёка ад Мінска (50-70 км).
Адам Іосіфавіч наведаў Ілью ўпершыню. Спадабалася і вёска, і школа, а больш за ўсё ўразілі нашы музеі: “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды”. У кнізе водгукаў ён напісаў: ”Нідзе я не бачыў такога паспяховага “Тыцыяна” літаратуры з гісторыяй, як ў Ільянскай школе! Так трымаць!”.
Нам вельмі радасна, што такі масціты вучоны знайшоў час выслухаць экскурсаводаў, пагаварыць з намі, даць парады, дабавіць некаторыя звесткі пра аўтараў, параіў з кім звязацца праз перапіску, шчыра паспачуваў, што да гэтага часу не выдадзена кніга “Вілейшчына літаратурная”.
Адаму Іосіфавічу 83 гады, але мы адчулі, які ён малады душой, які апантаны ідэямі, якая ў яго цудоўная памяць! Ён не толькі правёў сустрэчу, але даў нам сапраўдны ўрок – як любіць Радзіму.
Ліза АРТАМОНАВА, экскурсавод, кіраўнік
народнага музея “Вілейшчына літаратурная”.
Фота прадастаўлена аўтарам



