Мінула больш за стагоддзе з часу выхаду ў свет першага нумара газеты «Наша Ніва». Аднак і да сённяшняга дня гэта выданне прыцягвае ўвагу даследчыкаў, бо «Наша Ніва» была адной з першых беларускіх газет, якая пачала выдавацца на пераломным этапе грамадска-палітычнага і культурна-асветніцкага руху тагачаснай Расіі і Беларусі. Газета гуртавала вакол сябе аўтараў усіх нацыянальнасцей і веравызнанняў, з «Нашай Нівай» супрацоўнічала больш за 3 тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама з замежжа. У розны час рэдактарамі і выдаўцамі газеты былі: А. Уласаў, Я. Купала, а рэдактарамі аддзелаў – Я. Колас, З. Бядуля, В. Ластоўскі, Ядвігін Ш. і іншыя. На старонках газеты друкаваліся перадавіцы, вершы, нарысы, мастацкая проза, навукова-папулярныя і грамадска-палітычныя артыкулы. Старонкі газеты змяшчалі даследаванні народнага быту, фальклору, рамёстваў, гісторыі беларускай культуры. Пэўную ўвагу надавала газета пытанням народнай адукацыі, этычнай культуры і экалогіі, падзеям і постацям мінуўшчыны Беларусі.
Штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета «Наша Ніва» пачала выдавацца ў Вільні ў лістападзе 1906 года. Да 1912 года газета друкавалася кірыліцай і ліцінкай, пазней – толькі кірыліцай, перастала выходзіць у час Першай сусветнай вайны ў сувязі з набліжэннем фронту да Вільні. Першым рэдактарам і выдаўцоў газеты «Наша Ніва» быў ураджэнец Вілейкі Аляксандр Мікітавіч Уласаў. Паводле падлікаў супрацоўніка рэдакцыі, пісьменніка Ядвігіна Ш., за першыя тры гады «Наша Ніва» надрукавала 906 уласных карэспандэнцый з 499 вёсак, мястэчак і гарадоў, 246 вершаў 61 паэта і 91 апавяданне 36 празаікаў. Толькі ў 1910 годзе ў газеце з’явілася 666 карэспандэнцый з 122 населеных пунктаў Віленскай, з 81 – Мінскай, з 49 – Гродзенскай, з 27 – Магілёўскай, з 9 – Віцебскай, з 9 – Ковенскай, 2 – са Смаленскай губерняў і з 14 іншых месцаў («чужых старон»), а ўсяго разам – з 313 пунктаў. Сярод паветаў найбольшая колькасць карэспандэнцкіх пунктаў была ў Віленскім (48), Слуцкім (39), Вілейскім (30), Гродзенскім (27), Ашмянскім (20), Мінскім (18), Дзісненскім і Барысаўскім (да 9), Лідскім, Сакольскім (па 8), Свянцянскім (7), Аршанскім, Горацкім і Клімавіцкім (па 6) паветах.
Як бачым, па колькасці допісы карэспандэнтаў з Вілейскага павета знаходзіліся на адным з першых месцаў сярод усёй карэспандэнцыі ў «Нашу ніву». У 1909 годзе выйшлі 52 нумары газеты. У 34 нумарах (а гэта 65% ад усіх нумароў за 1909 год) былі змешчаны допісы з Вілейскага павета. Дадзены факт сведчыць, што «Наша Ніва» была не толькі вядомая мясцоваму насельніцтву, але і абуджала яго актыўнасць да супрацоўніцтва, давала магчымасць расказаць чытачам пра падзеі, якія адбываліся ў павеце на пачатку ХХ стагоддзя. Калі ўсе допісы з Вілейскага павета ў «Нашу Ніву» згрупаваць паводле тэрытарыяльнага прынцыпу, то можна заўважыць, што ў 1909 годзе карэспандэнцыя ў «Нашу Ніву» дасылалася з 34 населеных пунктаў, якія прадстаўлялі амаль усе воласці Вілейскага павета. Сярод іх найбольшая колькасць допісаў паступала з вёскі Карпілаўка (17), з горада Радашковічы (9), з вёсак Даўгінава (Даўгінаў) – 8, Гарадок – 4, Крывічы – 3, Краснае Сяло – 3, з вёсак Хаценчыцы, Лебедзева, Путнікі, Здарэнне і з Ільянскай воласці (без указання канкрэтнай мясцовасці) – па 2 допісы. З іншых населеных пунктаў Вілейскага павета (Жары, Аношкі, Паставы, Ваўкалатка, Параф’янава, Гедзевічы, Сычавічы, Лучай, Янушкавічы, Будслаў, Палуйкі, Слабада, Дварышча, Груздава, Ілья, Барысаўшчына, Бязводнае, Балаганы, Задзеўе, Порплішча, Малявічы, Скрыня) за гэты перыяд у рэдакцыю «Нашай Нівы» было даслана па адным допісе.
А вось сам павятовы цэнтр, г. Вілейка, быў прадстаўлены на старонках «Нашай Нівы» ў значна меншай ступені: усяго 5 артыкулаў са 121, або 4%. Атрымліваецца, што насельніцтва Вілейскага павета было больш актыўным у перапісцы з рэдакцыяй, чым жыхары павятовага цэнтра. У 1909 годзе найбольшай актыўнасцю вызначаліся карэспандэнты з горада Радашковічы, з вёсак Карпілаўка, Даўгінава, з павятовага горада Вілейкі. У названых населеных пунктах існавалі свае пастаянныя карэспандэнты, якія актыўна супрацоўнічалі з рэдакцыяй. Так, у в. Даўгінава актыўна працаваў карэспандэнт, які змяшчаў сваю інфармацыю пад псеўданімамі В. Сос-скі, В. Со-скі, В. Сос-кі, В. С-кі, В. Сосен-кі, В. Сос-нкі. Ад яго было даслана 15 лістоў. Дзякуючы дапамозе старшага навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея Вольгі Коласавай і супрацоўніка музея Віктара Тонкавіча нам удалося адшукаць сапраўднае прозвішча карэспандэнта: гэтымі крыптанімамі падпісваўся Вульф Сосенскі, які падпісваў свае артыкулы і псеўданімам Даўгінаўскі (2 допісы). Звяртае на сябе ўвагу і перапіска рэдакцыі «Нашай Нівы» з карэспандэнтамі з Вілейскага павета. Перапіска мела свае асаблівасці: частка інфармацыі падавалася аператыўна, у тым жа самым нумары, дзе друкаваліся пытанні ад карэспандэнтаў, іншая інфармацыя змяшчалася ў рубрыцы «Пачтовая скрынка» і падавалася праз некалькі нумароў. Тэматыка допісаў у «Нашу Ніву» з Вілейскага павета была даволі надзённай і разнастайнай: гандаль, эканоміка і фінансы, збор падаткаў, суд, несправядлівасць чыноўнікаў, спрэчкі сялян і пана за зямлю, пажары, адсутнасць належных умоў жыцця і быту сялян, п’янства насельніцтва, смерць і самагубства, хутарызацыя і інш. Інфармацыйныя паведамленні ў большасці адлюстроўвалі грамадска-палітычныя і сацыяльныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Вілейскага павета. Так, у допісе Дразда расказваецца пра несправядлівасць чыноўнікаў падчас спрэчкі сялян з панам за зямлю: «Недаўна земскі асудзіў нашых мужыкоў заплаціць штраф і ў адседку за тое, што яны пасьвілі скаціну на зямлі, каторую Козелло-Поклеўскі лічыць сваей, а мужыкі кажуць, што ім ешчэ за паншчыну яе памешчык даў: ён узяў вёсковы выган і аддаў яго на замену ў казну, а мужыком сказаў пасьвіць на «Старым Балоце». Мужыкі і пасьвілі 50 гадоў, а цяпер ім не даюць».
Пэўная ўвага на старонках газеты надавалася пытанням асветы і культурнага жыцця. У паведамленнях падымаліся праблемы дзейнасці школ, навучання, працы настаўнікаў. Так, В. Сосенскі паведамляе пра дрэнныя ўмовы працы настаўнікаў: «В Жарах Віленск. губ. Вілейскаго пав. У нашай вёсцэ 48 хат, народу 317 душ; зямлі ўсёй 500 дзесяцін; даўжыні будзе якіх паўтары вярсты. Іосць і багатые гаспадары, а найбольш бедные, дый неграматные. У 1907 гаду аткрылі у нас вучылішчэ. Вучаць там, як і ў кожным вучылішчы. Лепш было бы завясьці школу сельскай гаспадаркі, гэта патрэбна для жыцьця. Хата для школы нізкая, дзьверы няшчыльне; зімой чад і цёмна, стоража німа, вучні самі цягаюць дровы і мятуць. Прад Вялікаднем зачадзіліся 7 хлопчыкоў і 5 дзеўчат, ледзьве іх адратавалі».
Не толькі вучэбны працэс адлюстроўваўся на старонках «Нашай Нівы». Тут змяшчаліся матэрыялы, у якіх расказвалася пра імкненне настаўнікаў дапамагчы і даросламу насельніцтву, бацькам: «М. Хаценчыца, Вілен. губ. Вілейск. пав. На дзесяціне зямлі, што купілі ад п. Высоцкаго, учыцель заводзіць паказное поле. Будуць прабаваць гнаіць парашкамі».
Акрамя гэтага, допісы змяшчалі інфармацыю і пра літаратурныя вечары, і пра адкрыццё народнага вучылішча ў в. Жары, і пра закрыццё бібліятэк, мастацкія творы (іх у «Нашай Ніве» было змешчана 19). Як бачым, нашых землякоў у першую чаргу хвалявалі пытанні, звязаныя з эканомікай і фінансамі, адсутнасцю належных умоў жыцця і быту сялян, п’янствам насельніцтва. Але не заставаліся па-за ўвагай дзейнасць школ і праца настаўнікаў, правядзенне культурных мерапрыемстваў.
Яўгенія Бурак, вучаніца 11 класа, Віктар Кажура, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Вілейская гімназія № 2».
Фота прадстаўлена аўтарамі