Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спачатку вул.Савецкая называлася «ад царквы да двара»…

Свята Незалежнасці краіны – ці не падстава яшчэ раз успомніць гісторыю. Тым больш, што ўся яна – на карце нашага раёна: кожны перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці пакінуў нам на ўспамін свае адзнакі. Вось знакаміты валун у вёсцы Камена, шырока вядомы як Варацішын крыж. А між іншым, гэта Барысаў камень – старажытнейшы помнік перыяду першай дзяржавы на беларускіх землях – Полацкага княства. Дагэтуль іх знойдзена восем і ўсе ў межах былога княства, а большасць даследчыкаў мяркуюць, што каменныя крыжы з надпісамі на іх высякаліся па загаду полацкага князя Барыса Усяслававіча і пазначалі межы дзяржавы.
Ды толькі вуліца Савецкая нашага горада (у сэнсе захавання гісторыі) чаго вартая?! Напярэдадні свята карэспандэнт раёнкі разам з дырэктарам краязнаўчага музея Сяргеем Ганчаром прайшліся па вуліцы, па якой будзённа крочым кожны дзень, і па-за сучаснымі фасадамі пастараліся разгледзець гісторыю.

– І сапраўды, вуліца Савецкая дыхае гісторыяй. Трэба толькі прыслухацца, каб пачуць яе подых, – разважае Сяргей Ганчар, а мы тым часам пачынаем наш шпацыр: рухаемся ад плошчы Свабоды, якая раней называлася рынкавай плошчай, потым Георгіеўскай, уніз па Савецкай. – Гэта цяпер яна Савецкая, а спачатку называлася «ад царквы да двара», бо на плошчы стаяла адзіная ў горадзе царква – Свята-Троіцкая, якая была пабудавана прыкладна ў 1560-я гады і больш двух з паловай стагоддзяў была ўніяцкай. Згодна знойдзенаму інвентару Віленскага староствы 1789 года, назваў вуліцам яшчэ не прыдумлялі, а адштурхоўваліся ад канкрэтных аб’ектаў: вуліца ад царквы, левы бок; вуліца ад царквы, правы бок; вуліца ад царквы да двара; завулак ад двара ў левы бок. Да сярэдзіны 18 стагоддзя ў Вілейцы было ўжо некалькі прамых вуліц, якія дзяліліся на жылыя кварталы. Галоўнай была вуліца, па якой мы зараз ідзём. Першапачатковае ўласнае яе імя было Мінская (па напрамку на Мінск), затым – Мінска-Дзісненская (улічылі і адваротны накірунак).
Мы праходзім будынак, дзе змяшчаецца зараз цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і падлеткаў, і Сяргей Мікалаевіч тлумачыць: – Гэта адзін з архітэктурных старажылаў горада, будынак пабудаваны ў пачатку 20 ст., у якім за польскім часам размяшчалася гімназія імя Генрыка Сянкевіча. Недалёка ад яго, на беразе Віліі месціцца найпрыгажэйшы будыначак, які быў пабудаваны ў 1930-я гады мінулага стагоддзя паводле праекта архітэктара А.Боемскага для настаўнікаў гімназіі. Прыйдзе час і гэты будынак можа стаць элітным гатэлем з відам на Вілію. Дарэчы, перад будынкам былой польскай гімназіі ўсталяваны помнік Азі Асланаву – двойчы Герою Савецкага Саюза, генерал-маёру, які камандаваў 35-й гвардзейскай танкавай брыгадай, што вызваліла горад 2 ліпеня 1944 года. Вось і яшчэ адна старонка гісторыі.
Крочым далей. У 1861 годзе імператар Аляксандр II сваім маніфестам адмяніў прыгоннае права, і некаторы час вуліца насіла яго імя, той бок – Аляксандраўская, – працягвае аповед мой экскурсавод, а мы набліжаемся да самага несамавітага будынку сучаснай Савецкай, болей падобнага да гаражу (Савецкая,33). – Гэта дом творчай асобы, дзякуючы якой мы маем уяўленне пра Вілейку каля ста год таму. Тут знаходзілася ўласная фотамайстэрня Беркі Бермана і аптэкарскі магазін, дзе працавала яго жонка.
Нарадзіўся Берман у мястэчку Іўе Лідскага павета ў яўрэйскай сям’і, потым пераехаў у Вілейку. У 1921 годзе арганізаваў драматычны гурток, які ставіў пастаноўкі ў падтрымку бедных дзяцей. Да 1925 года Берман быў адзіным фатографам у Вілейцы, ён рабіў не толькі пастановачныя здымкі ў сваім атэлье, але здымаў краявіды горада, архітэктурныя помнікі і ўсе значныя падзеі ў горадзе. Так, зрабіў фота ён і польскага прэзідэнта Масціцкага, які ў 1930-я гады наведваў Вілейку. Адзін фотапартрэт ён даслаў Масціцкаму, другі павесіў на сцяне свайго пакоя. Як мяркуецца, гэта і каштавала яму свабоды, бо ў 1939 годзе Берман быў арыштаваны і ўтрымліваўся пад вартай у вілейскай турме. Потым быў асуджаны на восем год і, як «сацыяльна небяспечны элемент», высланы ў папраўча-працоўны лагер «Цемлаг». Дарэчы, дом яго быў значна прыгажэйшым: над каменным першым паверхам быў другі – драўляны, а частка даху, дзеля асвятлення фотаатэлье, была шкляной.
Амаль насупраць – будынак, які ў розныя часы быў банкам, гатэлем (цяпер тут ідзе рэканструкцыя). А з прыгожага балкончыка, які захаваўся ў нязменным выглядзе з тых часоў, любіў рабіць панарамныя здымкі той самы фоталетапісец Вілейкі Б.Берман.
Далей месціцца частка ўнікальнай гарадской забудовы – шэраг каменных будынкаў канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, якія неслі за сваю гісторыю пэўныя страты і падчас Першай сусветнай, і ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Так, у будынках, дзе зараз бібліятэкі і магазін, раней былі яўрэйскія крамы і корчмы, у жылым каменным доме за ваенкаматам месціўся корпус аховы пагранічча. За савецкім часам тут былі кінатэатр, рэстаран. У некаторых будынках захавалася шэраг каменных падвалаў, якія б маглі стаць каларытнымі кавярнямі на гістарычнай вуліцы горада. Дарэчы, дамы былі раздзельныя, напамін аб гэтым – асобныя франтоны з прыдамавога дворыку. На некаторых дамах захаваліся завесы ад аканіц, якія б варта было аднавіць, тым самым вярнуўшы гістарычны антураж помнікаў.
Месціліся на вуліцы і культавыя будынкі. Напрыклад, на месцы, дзе зараз гаражы ДТСААФ стаяла велічная драўляная сінагога, а недалёка ад яе знаходзіліся вучэбныя сінагогі – бейт-мідрашы, ешыботы. Сама вуліца была брукаваная, з драўлянымі маставымі і агароджанымі дрэўцамі з прыгожа сфарміраванымі кронамі. За стагоддзі гісторыі вуліцы па ёй неаднойчы праходзілі розныя вайскоўцы – пачынаючы ад напалеонаўскага войска ў 1812, касіянераў з ліку паўстанцаў 1863 года і заканчваючы кайзераўскімі войскамі, белапалякамі і немцамі.
У час, калі Вілейка ўваходзіла ў склад Польшчы (1921-1939 гг.), вуліца Савецкая насіла прозвішча прэзідэнта польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй частак Беларусі галоўную вуліцу Вілейкі назвалі Савецкай.
Мы дайшлі да будынка, дзе месціцца КУП «Садружнасць», тут жа кафэ «Нептун»: – Гэта будынак былога Вілейскага аблвыканкама. З уз’яднаннем Беларусі на тэрыторыі былога польскага ваяводства была створана Вілейская вобласць, а Вілейка стала абласным горадам. Частка адміністрацыі і месцілася ў гэтым будынку. А будынак таксама архітэктурны старажыл горада, бо пабудаваны быў за часам Расійскай імперыі і тут у розныя перыяды гісторыі месціліся казначэйства, банк, гатэль.
Пры немцах вуліца Савецкая стала Беларускай. За гады фашысцкага панавання горад панёс вялікія страты, а пры вызваленні горада ацалела толькі каля трэцяй часткі дамоў, на 80% была знішчана гаспадарка горада. Таму і абласны цэнтр аднавіць у Вілейцы не было магчымасці, і ўрэшце гэты статус перайшоў да Маладзечна, якое захавалася значна лепш. А вуліца з 1944 года зноў стала – Савецкай.
Вось і атрымоўваецца, што ўся гісторыя дзяржавы месціца на адной вуліцы невялікага горада.
Ірына ТРУБАЧ, Сяргей ГАНЧАР.
Архіўныя фотаздымкі прадастаўлены
Сяргеем ГАНЧАРОМ

ул.Пилсудского Базарны дзень
вилейка ул. Александра II
вул Савецкая
гасцініца па вул Савецкай
пл Свободы конец 1950
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 129 queries