Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Спачатку апрабацыя на ўнуках – потым кніга

Чарговае навукова-папулярнае выданне вядомага на Вілейшчыне і ў Беларусі аўтара, настаўніка і паэта, сябра Саюза пісьменнікаў Віктара Кажуры пабачыла свет.

Зусім нядаўна ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла новая кніга для дзяцей малодшага ўзросту «Азбука ў загадках» віляйчаніна Віктара Кажуры, што працягвае серыю «Маленькі прафесар». Азбука ў загадках – гэта захапляльны свет, населены разнастайнымі раслінамі і жывёламі, прыгожымі прыроднымі з’явамі і казачнымі героямі. Што ні старонка кнігі – то новыя загадкі, якія пачынаюцца на пэўную літару. А ў якасці падказак выкарыстоўваюцца лексічныя значэнні розных слоў. Адгадкі таксама ёсць, але назіральнаму чытачу будзе не абавязкова падглядваць у іх: адказы схаваныя ў маляўнічых выявах, зробленных маладой мастачкай Марыяй Мароз. Менавіта таму сам аўтар характарызуе сваю кнігу не як навукова-папулярнае выданне, а як мастацка-навучальнае.

– Я заўжды імкнуся, каб у кожнай маёй кнізе надавалася вялікая роля мастацкім сродкам, што больш прыемна для ўспрымання як дзеткам, так і дарослым. Таму заўжды цесна супрацоўнічаю з мастакамі-­афарміцелямі. Вось і мая чарговая кніга «Азбука ў загадках», што задумвалася як дыдактычны матэрыял для работы настаўнікаў на ўроках, каляровая і па-мастацку адметная, за што дзякуй маладой мастачцы Марыі Мароз.

Трэба адзначыць, што Віктар Кажура ўжо даўно супрацоўнічае з рознымі выдавецтвамі, у тым ліку і з выдавецтвам «Пачатковая школа», у якім выйшла ў свет не адна яго кніжка для дзетак малодшага ўзросту. Сам аўтар прызнаецца, што ў большасці на кожную кнігу яго натхняюць унукі, на якіх і ідзе апрабацыя твораў, а ўжо затым матэрыял перадаецца ў выдавецтвы.

Віктар Кажура выдаў ужо не адну азбуку для дзетак. Гэта і «Азбука ў вершах і малюнках», і «Маленькая азбука вялікай краіны», і многія іншыя. Дарэчы, на вершы з «Азбукі ў вершах і малюнках» зусім нядаўна з’явіліся нават песні. Удзельніца гуртоў «By Cry» і «Госціца» Аляксандра Грахоўская прыдумала новы музычны праект, які назвала ў гонар сваёй маленькай дачушкі – Dream-band «Агатка». Яна спявае… казкі, а таксама ўжо стварыла дзве песні на вершы з азбукі Віктара Кажуры – на літары А і Б. Як распавядае сама спявачка, гэта не дзіцячыя песні, якія могуць выконваць дзеці, а нешта накшталт аповедаў казак ці вершаў дарослымі, толькі з інструментамі і спевамі. Сама спявачка характарызуе свой стыль як сямейныя песні, дзе для дзяцей знойдуцца цікавыя вобразы і забавы, а для дарослых – сэнс.
А вось па «Азбукоўніку» Віктара Кажуры, які сам аўтар характарызуе як пазнавальна-навуковую, часам гульнёвую, кніжку-чытанку, забаўлянку, студэнты беларускага аддзялення Вільнюскага ўніверсітэта вывучаюць беларускую мову. А гэта ўжо паказчык хрэстаматыйнасці выданняў віляйчаніна. Цікава, што кнігі Віктара Кажуры ёсць ў бібліятэках і прыватных зборах у Кітаі, Амерыцы, а яго вершы і творы перакладзены нават на сербскую мову.

– Усе напісаныя мною кнігі – гэта частка праекта грамадзянска-патрыятычнага выхавання маленькага беларуса, так бы мовіць на ўласных вершах, назіраннях за ўнукамі і асабістай любові да роднай краіны. У свой час для родных унукаў я напісаў больш за 25 калыханак на беларускай мове, каб з самых першых дзён немаўляткі маглі чуць мілагучную родную мову і паступова далучацца да матулінага слова. Так патрэбна выхоўваць сапраўднага беларуса. А разам з гэтым – абагаціць слоўнік маленькага чалавечка, развіць яго фантазію і здольнасць бачыць, адчуваць… і разумець тое, пра што гаворыцца ў беларускіх песнях, казках, вершах. Таму мае кнігі – гэта частка выхавання па «сістэме Кажуры», – усміхаецца Віктар Віктаравіч.
І сапраўды, дзеткам вельмі падабаюцца яркія, маляўнічыя кнігі віляйчаніна, а для кнігарань і школ яны разыходзяцца вялікімі тыражамі, большасць з якіх перавыдаецца неаднаразова. Чакаем з нецярпеннем новых кніжак ад нашага земляка, а ўжо хутка Віктар Кажура прэ­зентуе сваё новае выданне –«Амонімы для малых дзетак».

Сяргей ГАНЧАР

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 143 queries