Урачыстасць ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) унесена ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Сёлета свята ў мястэчку Будслаў адбылося 5-6 ліпеня. Але для многіх вернікаў-католікаў яно пачалося задоўга да таго. Дзевяць дзён доўжылася пілігрымка з Баранавіч, адна з найбольш шматлікіх і, пэўна, найбольш складаных. Яе ўдзельнікі пераадолелі 300 кіламетраў пешага шляху, напоўненага дарожнымі прыгодамі і малітоўным духам. Усяго пад сутарэнні Будслаўскага касцёла падчас урачыстасці ступілі каля дзвюх з паловаю тысяч пілігрымаў. Такім чынам, мае пад сабой грунтоўную аснову рашэнне міжнароднай арганізацыі. Будслаўскі фэст – унікальная з’ява хрысціянскай супольнасці.
…Шлях ад уваходу ў храм да алтара з цудатворнай іконай большасць пілігрымаў праходзяць на каленях. Усеагульны жэст пакаяння – самае глыбокае ўражанне свята. Дзякуючы яму і касцёлу, са статусам санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, само мястэчка мае шырокую вядомасць у хрысціянскім свеце.
Ікона, размешчаная ў галоўным алтары касцёла, узведзенага на месцы цудадзейнай з’явы Маці Божай, стала знакамітай. Бо той, хто схіляўся перад ёю ў шчырай малітве, атрымліваў цуды апякунства і збаўлення ад хвароб. Знамянальным для санктуарыя стаў 1992 год. Тады адбылося першае афіцыйнае паломніцтва да абраза. У ім удзельнічалі 45 пілігрымак з 70 месцаў Беларусі і замежжа. У 2007 годзе здзейснілася водная пілігрымка з Вільнюса ў Будслаў.
У складзе сучасных пілігрымак – не толькі моладзь. Дзеці, людзі дастаткова пажылога ўзросту, суайчыннікі і прадстаўнікі замежжа прыходзяць са сваім інтэнцыямі да алтара, умацоўваючы духоўныя сілы праз фізічныя выпрабаванні.
– Калі ласка, Маці чакае вас! – расчыняе далоні перад чарговай пілігрымкай кусташ Нацыянальнага санктуарыя. Ліпеньскае неба палошча на ветры харугвы з сімваламі шматлікіх парафій, якія выправілі сваіх пасланцоў да цудадзейнага абраза. Сярод іх і наша вілейская пілігрымка на чале з ксяндзом-канонікам Аляксандрам Барылам. Яна таксама была адной са шматлікіх: 87 прадстаўнікоў вілейскага каталіцкага касцёла пакланіліся алтару з выявай Божай Маці, выпрошваючы ў яе для нас апякунства і абарону. Валерый Сідарэвіч пілігрымуе ў касцёл ужо сёмы раз. Ён адзначае той сапраўды духоўны фон, які спадарожнічаў вілейскім вандроўнікам і дасканаласць у самой арганізацыі мерапрыемства, без якой цяжка было б гаварыць аб іх фізічным камфорце. Любанская парафія, напрыклад, узяла на сябе пытанне з харчаваннем пілігрымаў. А гэта, згадзіцеся, немалаважна для падтрымання добрага настрою падарожнікаў.
«Каралева сямей, маліся за нас» – надпіс над імправізаваным алтаром перад храмам, дзе праходзілі ўсе набажэнствы ўрачыстасці, сімвалізавала сёлетні яе накірунак. Тут прайшла ў першы дзень фэсту святая імша для пілігрымаў. А ў поўнач таго ж дня адбыўся абавязковы атрыбут свята – начная працэсія з запаленымі свечкамі па вуліцах мястэчка. Сотні яе ўдзельнікаў, узняўшы перад сабой свечкі, стварылі своеасаблівую вогненную раку – найбольш уражальнае відовішча ўрачыстасці. Імшу пасля працэсіі адслужыў апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Урачыстасць наступнага дня пачалася са святой імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Сёлета ён адзначае 30-годдзе свайго біскупскага служэння. Аб высокай яго ролі ў станаўленні каталіцкага касцёла на Беларусі, самаахвярнасці ў рэалізацыі святарскага паклікання расказаў удзельнікам імшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Пра шляхі адраджэння беларуская сям’і на падмурку веры разважаў арцыбіскуп у сваім казанні падчас набажэнства. Павага да чалавечага жыцця, свабода веравызнання, абарона сямейных асноў, адмаўленне гендэрнай роўнасці – на гэтых прынцыпах грунтуецца, згодна слоў святара, каталіцкі касцёл. «Калі хочам будаваць цывілізаванае жыцце, трэба вярнуць сям’і яе першапачатковы сэнс», – заўважыў арцыбіскуп.
Завяршылася ўрачыстасць Эўхарыстычнай працэсіяй, у якой удзельнічалі святары, пілігрымы, шматлікія вернікі, што прыехалі на гадавое свята Будслаўскага касцёла. Яно – узор сяброўства паміж людзьмі, сэрцы якіх з’яднаныя верай. Будслаўская пілігрымка – шлях да навяртання. І хто рашыцца сцвярджаць, што ён павінен быць лёгкім?
Марыя КУЗАЎКІНА/Фота аўтара